19 верасня адкрылася чарговая сесія Генасамблеі ААН, дзе выступілі прэзідэнты ЗША, Польшчы, Украіны і Турцыі. У сваіх прамовах яны казалі пра падтрымку Украіны і адказнасць Расіі за развязаную вайну, была згаданая Беларусь, прагучалі заклікі да рэформаў у Савеце Бяспекі ААН. «Люстэрка» сабрала ключавыя тэзісы выступаў чатырох лідараў.
Байдэн: Расія верыць, што свет стоміцца ад вайны
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у сваім выступе на Генасамблеі ААН заклікаў увесь свет падтрымаць Украіну, якая змагаецца супраць расійскай агрэсіі. Ён прапанаваў пашырыць колькасць чальцоў Савета Бяспекі ААН і заявіў, што ЗША гатовыя працаваць разам з Кітаем.
- «Расія верыць, што свет стоміцца і дазволіць ёй беспакарана зверстваваць ва Украіне. Але калі мы адмовімся ад асноўных прынцыпаў Статута ААН, каб залагодзіць агрэсара, ці будзе кожны з чальцоў арганізацыі ўпэўнены ў тым, што яму забяспечаць абарону?»
- «Толькі Расія нясе адказнасць за вайну, толькі Расія здольная неадкладна скончыць яе, і толькі Расія стаіць на дарозе да міру».
- «ЗША разам з саюзнікамі і партнёрамі па ўсім свеце будуць і далей падтрымліваць адважны народ Украіны, які абараняе свой суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць, а таксама сваю свабоду».
- «Злучаныя Штаты падтрымаюць пашырэнне Савета Бяспекі ААН і будуць дабівацца прагрэсу ў яго рэфармаванні».
- «Мы выступаем за зніжэнне рызыкі ў адносінах з Кітаем, а не за размежаванне. Мы будзем даваць адпор агрэсіі і запалохванням <…>. Але мы таксама гатовыя працаваць разам з Кітаем па актуальных пытаннях, дзе прагрэс будзе залежаць ад нашых агульных намаганняў».
Дуда: Часы Расійскай імперыі адышлі назаўжды
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас выступу заявіў, што часы Расійскай імперыі не могуць вярнуцца і што вайна ва Украіне павінная скончыцца, а не проста быць замарожанай.
- «Расіяне лічаць, што дзяржавы вакол іх мусяць ім падпарадкавацца. Мы кажам: „Не!“ Расія лічыць, што старыя часы імперыі, якая абрынулася больш за 20 гадоў таму, вяртаюцца. Што іх прысутнасць зноў стане рэальнасцю для нашага рэгіёна. Гэтага не будзе. Гэтыя часы адышлі ў мінулае, раз і назаўжды».
- «Гэтая жорсткая вайна (ва Украіне. — Заўв. рэд.) павінная скончыцца, а не ператварыцца ў замарожаны канфлікт. Гэта можна зрабіць толькі шляхам аднаўлення поўнай тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах».
Зяленскі: Расія амаль паглынула Беларусь
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія ўжо амаль паглынула Беларусь і ладзіць войны кожнае дзесяцігоддзе. Ён заклікаў краіны — чальцы ААН пазбавіць РФ ядзернай зброі і падтрымаць украінскую формулу міру, паабяцаўшы раскрыць дэталі плана на спецыяльным паседжанні Савета Бяспекі ААН 20 верасня.
- «Кожнае дзесяцігоддзе Расія пачынае новую вайну. Часткі тэрыторыі Малдовы і Грузіі застаюцца акупаванымі. Расія ператварыла Сірыю ў руіны. І калі б не Расія, хімічная зброя ніколі не была б там выкарыстаная. Расія амаль паглынула Беларусь, пагражае Казахстану і краінам Балтыі».
- «Украіна аддала свой трэці па памерах ядзерны арсенал [Расіі]. <…> Цяпер гісторыя паказвае, што менавіта Расія заслугоўвала ядзернага раззбраення яшчэ ў дзевяностыя. І Расія заслугоўвае яго цяпер. Тэрарысты не маюць права мець ядзерную зброю».
- «Выкрадзеных дзяцей у Расіі вучаць ненавідзець Украіну, разрываюць усе сувязі з іх сем’ямі. Гэта генацыд».
- «Расія спрабуе выкарыстаць дэфіцыт харчавання на сусветным рынку як зброю ў абмен на прызнанне акупацыі некаторых, калі не ўсіх, захопленых тэрыторый. Расія выкарыстоўвае цэны на прадукты харчавання як зброю».
- «Больш за 140 дзяржаваў і міжнародных арганізацый падтрымалі ўкраінскую формулу міру цалкам або па шасці пунктах. Украінская формула міру становіцца глабальнай. Яе пункты прапануюць рашэнні і крокі, што спыняць усе формы ўзбраення, якія Расія выкарыстала супраць Украіны і іншых краін і якія могуць быць выкарыстаныя іншымі агрэсарамі».
Эрдаган: Карабах — тэрыторыя Азербайджана
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган падтрымаў «антытэрарыстычныя мерапрыемствы», якія Баку пачаў у Нагорным Карабаху, і назваў рэгіён тэрыторыяй Азербайджана. Ён таксама прапанаваў пашырыць склад пастаянных чальцоў Савета Бяспекі ААН.
- «Карабах — гэта азербайджанская тэрыторыя. Спробы навязаць любы іншы яго статус ніколі не будуць паспяховымі <…>. Мы падтрымліваем крокі, прынятыя Азербайджанам, <…> для абароны сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці».
- «Савет Бяспекі не можа больш гарантаваць сусветную бяспеку і стаў полем бітвы палітычных стратэгій пяці краін (пастаянных чальцоў СБ ААН — Расіі, Вялікабрытаніі, Кітая, ЗША і Францыі. — Заўв. рэд.). <…> Свет большы за пяць».
78-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН праходзіць з 19 па 26 верасня 2023 года ў штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. На ёй прысутнічаюць прадстаўнікі 140 дзяржаваў, у тым ліку лідарка беларускіх дэмсілаў Святлана Ціханоўская.
Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на мерапрыемства не паляцелі. Афіцыйныя дэлегацыі дзвюх краін прадстаўляюць кіраўнікі МЗС Сяргей Алейнік і Сяргей Лаўроў.