Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. На рынку нерухомасці ў Мінску чакаюцца перамены — экспертка расказала, што можа змяніцца і што на ім адбываецца цяпер
  2. Кремлевские чиновники продолжают угрожать НАТО, вероятно, чтобы подготовить население России к будущей агрессии — ISW
  3. На свободу вышел фигурант дела «о попытке госпереворота» Юрий Зенкович
  4. Мобильные операторы вводят изменения для клиентов. Есть смысл изучить их, если для вас важно сохранить свой номер телефона
  5. МЗС Літвы адказала на прапанову Беларусі аднавіць рух пасажырскіх цягнікоў паміж краінамі
  6. Уроженца Беларуси расстреляли за отказ участвовать в «мясном штурме» на Донбассе — проект «Хочу жить»
  7. Для кіроўцаў з'явілася змяненне, пра якое лепш ведаць на выпадак ДТЗ
  8. Лукашенко на переговорах с Путиным оправдывался за георгиевскую ленточку
  9. Летом введут существенные изменения, которые могут повлиять на толщину ваших кошельков. Посмотрите, касается ли это вас и ваших родных
  10. У траўні будзе тры выходныя дні запар. Што пра гэта важна ведаць работнікам і наймальнікам
  11. Зеленский: «Россия что-то готовит в Беларуси этим летом»
  12. Ёсць праблема з пенсіямі, пра якую кажуць нават афіцыйныя прафсаюзы. Паглядзелі, якая з ёй сітуацыя
  13. На трассе в Варшаве автобус с беларусами и украинцами перевернулся на бок и влетел в столб, есть пострадавшие
  14. КГК и прокуратура пожаловались Лукашенко на растраты в важной для него сфере. «Зеркало» получило закрытые документы — что в них
  15. Один из иностранных банков ввел новые ограничения для беларусов. Они оказались масштабнее, чем сообщалось ранее
  16. В Офисе президента Украины пояснили, что имел ввиду Зеленский, когда сказал, что Россия «что-то готовит в Беларуси этим летом»
  17. Помнік пратэсту ў цэнтры Мінска. Успамінаем, як увесь горад выйшаў на вуліцы патрабаваць вызвалення палітвязняў — і трапіў пад агонь
  18. Каким будет курс доллара в самую короткую рабочую неделю года? Прогноз по валютам
  19. «Аперацыі могуць быць прыпыненыя». Адзін з банкаў папярэдзіў кліентаў, што лепш паведамляць пра паездкі за мяжу
Читать по-русски


У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў Дняпры нанеслі ўдар па «ангарах з узбраеннем і боепрыпасамі, авіяцыйнай тэхніцы, а таксама тэхнічнай пазіцыі падрыхтоўкі ракет». Ва ўкраінскім Генштабе расказалі, што праз вялікія страты расіяне вымушаныя скарачаць час падрыхтоўкі асабовага складу з чатырох тыдняў да 10 дзён. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны лічаць, што імаверны захоп Бахмута не паўплывае на ўкраінскія контратакі, якія працягваюцца ў ваколіцах горада.

Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 453-ы дзень вайны ва Украіне.

Генштаб УСУ: У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка

За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі шэсць ракетных і 52 авіяцыйныя ўдары, правялі 65 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Разбураныя і пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы і іншая цывільная інфраструктура. Для ўдараў па ўкраінскіх гарадах Ліман, Славянск і Канстанцінаўка, праціўнік выкарыстаў ЗРК С-300, якія не з’яўляюцца высокадакладнай зброяй. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што Расія выкарыстоўвае тактыку тэрору, заявілі ў Генштабе УСУ.

— Расіяне па-ранейшаму засяроджваюць асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За мінулыя суткі адбылося 37 баявых сутыкненняў на названых участках фронту. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка.

— На Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік абстраляў з мінамётаў і артылерыі 18 населеных пунктаў Чарнігаўскай і Сумскай абласцей, а таксама Харкаўшчыну.

— На Купянскім напрамку расійскія войскі не спыняюць спробаў палепшыць тактычнае становішча. Цягам сутак яны вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Масютоўкі. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся 12 населеных пунктаў Харкаўскай і Луганскай абласцей.

— На Ліманскім напрамку праціўнік вёў наступальныя дзеянні ў напрамку Івана-Дар'еўкі, але поспеху не меў. Нанёс авіяўдары ў раёне Неўскага. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся шэсць населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей.

— На Бахмуцкім напрамку баі за горад Бахмут працягваюцца. Праціўнік таксама спрабаваў аднавіць страчаныя пазіцыі на поўдзень ад населенага пункта Іванаўскае і вёў наступальныя дзеянні ў напрамку Грыгораўкі, але поспеху не меў. Нанёс авіяўдары ў раёнах Бахмута і Іванаўскага. Ад абстрэлаў пацярпелі восем населеных пунктаў Данецкай вобласці.

— На Аўдзееўскім напрамку расійскія сілы вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў кірунку Аўдзееўкі і Першамайскага. Нанеслі авіяўдар у раёне Аўдзееўкі. Абстралялі восем населеных пунктаў Данецкай вобласці.

— На Мар'інскім напрамку падраздзяленні Сіл абароны працягваюць адбіваць атакі праціўніка ў раёне Мар'інкі. Праціўнік нанёс авіяўдары паблізу Мар'інкі і ў раёне Новаміхайлаўкі, варожым абстрэлам падвергліся тры населеныя пункты Данецкай вобласці.

— На Шахцёрскім напрамку расійскія войскі задзейнічалі авіяцыю для ўдараў паблізу Вадзянога, Вуглядара, Прачыстоўкі, Залатой Нівы і Вялікай Навасёлкі, з артылерыі абстралялі Вадзяное і Вуглядар.

— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія сілы абараняюцца. Нанеслі авіяўдары па чатырох населеных пунктах, а таксама абстралялі 20 населеных пунктаў Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей.

— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 14 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі, а таксама сем — па зенітна-ракетных комплексах расійскіх войскаў.

— Знішчаныя тры разведвальныя БПЛА рознага тыпу, а таксама пяць ударных беспілотнікаў.

— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі пяць раёнаў канцэнтрацыі асабовага складу, два склады боепрыпасаў, тры артылерыйскія падраздзяленні на агнявых пазіцыях, два пункты кіравання, станцыю радыёэлектроннай барацьбы, зенітна-ракетны комплекс і яшчэ адну важную цэль расійскіх сіл.

«На фоне значных стратаў жывой сілы расійскае вайсковае кіраўніцтва прыняло рашэнне скараціць да 10 дзён тэрмін падрыхтоўкі асабовага складу з ліку асуджаных, базавы лагер якіх разгорнуты ў Старабельскім раёне Луганскай вобласці», — заявілі ў Генштабе УСУ. Там паведамілі, што нядаўна ў лагер прывезлі каля 1000 чалавек папаўнення, якіх мусілі рыхтаваць чатыры тыдні.

Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Мінабароны РФ: Спынілі дзеянні чатырох украінскіх ДРГ

У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ўначы «нанеслі групавы ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці паветранага базавання па аб’ектах на аэрадроме „Днепр“».

«У выніку ўдару пабітыя ангары з узбраеннем і боепрыпасамі, авіяцыйная тэхніка, а таксама тэхнічная пазіцыя падрыхтоўкі ракет», — адрапартавалі ў ведамстве.

— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў Заходняй групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Двурэчная, Масютоўка, Сінькоўка, Катляроўка і Крахмальнае Харкаўскай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Цімкаўка, Іванаўка і Кіслоўка Харкаўскай вобласці спыненыя дзеянні трох украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.

За суткі страты УСУ склалі да 50 вайскоўцаў, два аўтамабілі, а таксама гаўбіца Д-30. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Стальмахоўка Луганскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 103-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.

— На Чырвона-Ліманскім напрамку авіяцыяй, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае, Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці і Грыгораўка Данецкай вобласці. Знішчаныя да 55 вайскоўцаў УСУ, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, а таксама гаўбіцы «Мста-Б» і Д-30.

— На Данецкім напрамку ў выніку актыўных дзеянняў падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў, удараў авіяцыі і агню артылерыі за суткі знішчаныя да 270 украінскіх вайскоўцаў, чатыры баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, адна гаўбіца Д-20 і дзве гаўбіцы Д-30.

— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Шаўчэнкі Данецкай вобласці, Марфаполь, Малая Такмачка і Несцяранка Запарожскай вобласці. У раёне населенага пункта Новаданецкае Данецкай вобласці спыненыя дзеянні ўкраінскай дыверсійна-разведвальнай групы.

За суткі на гэтых напрамках страты УСУ склалі больш за 150 вайскоўцаў, два пікапы, а таксама дзве гаўбіцы Д-30. У раёне горада Арэхаў Запарожскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 65-й механізаванай брыгады УСУ.

— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі знішчаныя звыш 20 украінскіх вайскоўцаў, чатыры аўтамабілі, адна гармата «Гіяцынт-Б», а таксама гаўбіца «Мста-Б». У раёне населенага пункта Станіслаў Херсонскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 123-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.

Усяго за суткі, паводле МА РФ, пабітыя 98 артылерыйскіх падраздзяленняў, жывая сіла і ваенная тэхніка УСУ ў 107 раёнах. У раёне населенага пункта Лазавое Данецкай вобласці збіты верталёт Мі-8 Паветраных сіл Украіны. Перахопленыя пяць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаныя 17 беспілотных лётных апаратаў.

Інстытут па вывучэнні вайны: ПВК Вагнера знясіленая і наўрад ці працягне баявыя дзеянні за межамі Бахмута

Найміты ПВК Вагнера, імаверна, захапілі заходнія адміністрацыйныя межы горада Бахмут, а ўкраінскія сілы працягваюць аддаваць прыярытэт контратакам на ўскраінах горада. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны. Украінскія вайскоўцы паведамілі, што кантралююць «нязначную» частку паўднёва-заходняй часткі Бахмута вакол трасы T0504. Эксперты мяркуюць, што гэта пацвярджае, што расійскія сілы ўзялі пад кантроль астатнюю частку заходняга і паўночна-заходняга Бахмута, калі не ўвесь горад. На кадрах з геалакацыяй, апублікаваных 21 траўня, відаць, як байцы ПВК Вагнера падымаюць сцягі Расіі і ПВК над жылым домам у самай заходняй частцы Бахмута, кажуць у Інстытуце.

Разам з тым там адзначаюць, што імаверны захоп горада не паўплывае на ўкраінскія контратакі на поўнач або на поўдзень ад Бахмута, а таксама на кантроль Украіны над наземнымі камунікацыйнымі лініямі вакол горада.

Расійскім сілам, імаверна, спатрэбяцца дадатковыя падмацаванні для ўтрымання Бахмута і яго флангаў за кошт аперацый на іншых напрамках. ISW зафіксаваў дзеянні артылерыйскіх падраздзяленняў 132-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады (якая раней знаходзілася ў раёне Аўдзееўкі) на Бахмуцкім напрамку. Эксперты таксама звяртаюць увагу на паведамленні ўкраінскіх ваенных крыніц пра тое, што расійскія войскі страцілі частку даміноўных вышыняў вакол Бахмута, а прасоўванне ўкраінскіх войскаў, якое працягваецца, можа прывесці да тактычнага акружэння вагнераўцаў у Бахмуце.

У ISW таксама кажуць, што малаімаверна, што ПВК Вагнера працягне баявыя дзеянні за межамі Бахмута ў яе цяперашнім знясіленым стане. Эксперты раней ужо казалі, што сілы «Вагнера» набліжаліся да кульмінацыі, аднак атрымалі магчымасць працягваць наступальныя аперацыі пасля «кульмінацыйнага пункту» дзякуючы таму, што расійскія рэгулярныя войскі ўзялі на сябе флангі Бахмута. Гэта дазволіла ПВК засяродзіцца на баях у горадзе.

Эксперты таксама лічаць, што расійскія войскі, дыслакаваныя на паўночным і паўднёвым флангах Бахмута, наўрад ці найбліжэйшым часам будуць прасоўвацца на захад у кірунку Канстанцінаўкі або на поўнач у кірунку Славянска. Тым больш наўрад ці сілы войска РФ будуць праводзіць наступальныя аперацыі, калі ўладальнік ПВК Вагнера Прыгожын сапраўды выведзе сваіх наймітаў з Бахмута 25 траўня, пра што ён заявіў раней.

У Інстытуце таксама звяртаюць увагу на тое, што Пуцін упершыню публічна наўпрост прызнаў ролю ПВК Вагнера на полі бою. Расійскі прэзідэнт вымушаны быў гэта зрабіць пасля шматразовых заяваў Прыгожына ў расійскай інфармацыйнай прасторы, аднак змякчыў свае словы, заявіўшы, што расійскія рэгулярныя сілы забяспечвалі «неабходную падтрымку і прыкрыццё флангаў». Сам жа Прыгожын, імаверна, выкарыстоўвае гэтую сітуацыю, каб настойваць на атрыманні дадатковых прывілеяў для ПВК.

Праз адсутнасць іншых тактычных поспехаў расійскае тэлебачанне паднесла захоп Бахмута як «важную гістарычную падзею». У той жа час расійскія ваенныя блогеры адзначылі, што «Бахмут — гэта не Берлін» і яго захоп — проста чарговы крок у доўгіх складаных аперацыях дзеля дасягнення мэтаў Расіі ва Украіне. Такая рэакцыя сведчыць пра вялікі разрыў паміж унутраным прадстаўленнем Крамлём вайны і асвятленнем яе блогерскай супольнасцю, адзначаюць аналітыкі.

На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:

  • расійскія войскі працягвалі абмежаваныя наступальныя дзеянні на паўночны ўсход ад Купянска і на поўдзень ад Крамянной;

  • расійскія войскі працягвалі наступальныя аперацыі на лініі фронту Данецк — Аўдзееўка, але не дамагліся пацверджаных тэрытарыяльных заваёваў;

  • украінскія сілы нанеслі ўдар па расійскім штабе на аэрадроме ў Бярдзянску Запарожскай вобласці ракетай Storm Shadow;

  • кіраўнік Чачэнскай рэспублікі Рамзан Кадыраў заявіў, што па стане на 20 траўня ва Украіне дзейнічаюць сем палкоў і чатыры батальёны з Чачні;
  • расійскія акупацыйныя ўлады ўзмацняюць меры фільтрацыі на акупаваных тэрыторыях для пошуку ўкраінскіх партызан.