У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што працягваюць «актыўныя баявыя дзеянні» на Купянскім і Данецкім напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што на Купянскім і Ліманскім напрамках расіяне спрабавалі прарваць абарону УСУ. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны расказалі, як Пуцін карыстаецца канфліктам паміж Мінабароны РФ і Яўгенам Прыгожыным для сваёй выгады.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 383-і дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі 102 атакі праціўніка
Нягледзячы на значныя страты, расійскія войскі працягваюць наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны адбілі тут 102 атакі праціўніка, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— За мінулыя суткі праціўнік нанёс тры ракетныя ўдары, у тым ліку па аб’екце цывільнай інфраструктуры горада Славянск Данецкай вобласці, а таксама восем авіяцыйных удараў і правёў 49 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках расійскія войскі абстралялі раёны шасці населеных пунктаў.
— На Купянскім і Ліманскім напрамках расіяне спрабавалі прарваць абарону УСУ. Вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах населеных пунктаў Двурэчная, Неўскае, Чырвонапапоўка, Крамянная, Дзіброва, Белагораўка і Верхнякаменскае. З артылерыі абстралялі раёны 14 населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія сілы не пакідаюць спробаў захапіць Бахмут. Таксама ўкраінскія абаронцы адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Васюкоўка, Мінькоўка, Арэхава-Васільеўка і Іванаўскае. Абстрэлам расіян падвергліся 11 населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках праціўнік таксама спрабаваў наступаць у раёнах населеных пунктаў Каменка, Аўдзееўка, Вадзяное, Паўночнае, Першамайскае, Мар'інка і Перамога, абстраляўшы раёны 12 населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расіяне абараняюцца. Абстрэлам падвергліся раёны 14 населеных пунктаў, недалёка ад лініі судакранання.
— Авіяцыя Сіл абароны нанесла ўдар па зенітна-ракетным комплексе праціўніка, а таксама шэсць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі расійскіх сіл.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі пункт кіравання, два раёны канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі, а таксама два склады боепрыпасаў і склад гаруча-змазачных матэрыялаў расійскай арміі.
У Генштабе паведамілі, што расійскія вайскоўцы працягваюць рабаваць акупаваныя тэрыторыі. Так, у Энергадары пачалі вывозіць з навучальна-трэніровачнага цэнтра Запарожскай АЭС спецыяльнае абсталяванне, прызначанае для павышэння кваліфікацыі персаналу.
«На фоне вялікіх стратаў асабовага складу ў вайне праціўнік выкарыстоўвае альтэрнатыўныя крыніцы папаўнення жывой сілы. Так, на мінулым тыдні быў адзначаны рух у бок Данецкай вобласці цягніка з плацкартнымі вагонамі для перавозкі зняволеных. Адзін з вагонаў — з асуджанымі жанчынамі», — заявілі ў Генштабе.
Мінабароны РФ: збілі 12 HIMARS і адну HARM
— На Купянскім напрамку актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў, агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Масютоўка, Крухмальнае Харкаўскай вобласці, Стальмахоўка і Ружоўка Луганскай вобласці. Знішчаныя звыш 60 украінскіх вайскоўцаў, два аўтамабілі.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку артылерыя групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесла паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае, Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці, Церны і Грыгораўка Данецкай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя да 110 украінскіх вайскоўцаў, два пікапы, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».
— На Данецкім напрамку ў выніку актыўных дзеянняў падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў, удараў авіяцыі і агню артылерыі за дзень знішчаныя да 190 украінскіх вайскоўцаў, тры танкі, дзве баявыя браніраваныя машыны, чатырнаццаць аўтамабіляў, а таксама гаўбіца «Мста-Б».
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках авіяцыяй і артылерыяй групоўкі войскаў «Усход» нанесенае комплекснае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар Данецкай вобласці, Палтаўка, Гуляйполе і Шчарбакі Запарожскай вобласці. За суткі на гэтых напрамках знішчаныя да 60 украінскіх вайскоўцаў, два пікапы, а таксама гаўбіцы Д-20 і Д-30.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння праціўніка за суткі знішчаныя звыш 20 украінскіх вайскоўцаў, пяць аўтамабіляў, дзве самаходныя гаўбіцы «Акацыя», а таксама гаўбіца «Мста-Б».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 76 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 148 раёнах. Падбіты ўкраінскі зенітны ракетны комплекс «Аса-АКМ». Збітыя 12 рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS і адна супрацьрадыёлакацыйная ракета HARM, знішчаныя 16 беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Пуцін і Мінабароны РФ могуць выкарыстаць Прыгожына як ахвярнага казла
ISW публікуе зводку, у якой прадстаўленая падрабязная храналогія суперніцтва паміж уладальнікам ПВК Вагнера Яўгенам Прыгожыным і Міністэрствам абароны Расіі, а таксама даследуюцца маніпуляцыі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў гэтым канфлікце для падтрымання стабільнасці свайго рэжыму.
У Інстытуце адзначаюць, што канфлікт паміж Мінабароны Расіі і Яўгенам Прыгожыным, імаверна, дасягнуў апагею на фоне бітвы за Бахмут. Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу і кіраўнік Генеральнага штаба Расіі генерал Валерый Герасімаў, хутчэй за ўсё, наўмысна выкарыстоўваюць сілы ПВК Вагнера ў Бахмуце, каб аслабіць Прыгожына і падарваць яго амбіцыі. Так, МА РФ усё больш абмяжоўвала магчымасці Прыгожына па вярбоўцы асуджаных і атрыманні боепрыпасаў, змушаючы таго публічна прызнаць сваю залежнасць ад Мінабароны. Прыгожын прыгразіў вывесці сілы ПВК з Бахмута і намякнуў, што Мінабароны Расіі выкарыстала іх, каб захаваць кадравыя вайсковыя. Гэтыя пагрозы і скаргі сведчаць пра тое, што Прыгожын усведамляе сур’ёзнасць свайго канфлікту з МА РФ, адзначаюць эксперты.
Расійскае ваеннае кіраўніцтва спрабуе знясіліць у Бахмуце сілы ПВК Вагнера, а разам з імі і ўплыў Прыгожына, кажуць у ISW. Эксперты адзначаюць, што хуткасць прасоўвання расійскіх войскаў у Бахмуце запаволілася пасля вываду ўкраінскіх войскаў з усходняй часткі горада 7 сакавіка. Прыгожын, імаверна, чакаў, што ўкраінскія войскі цалкам сыдуць з Бахмута, баючыся непазбежнага акружэння, і спадзяваўся, што ўдзел элітных сіл Вагнера будзе дастатковым для стварэння такога эфекту. Аднак гэтага не здарылася.
Аналізуючы канфлікт паміж Прыгожыным і Міністэрствам абароны РФ, у Інстытуце вылучаюць наступныя этапы:
1. Расійскае ваеннае кіраўніцтва, імаверна, спрабуе адпомсціць Прыгожыну за канфлікт, які той ініцыяваў у траўні 2022 года. Тады Прыгожын, імаверна, пераканаў Пуціна, што зможа захапіць Бахмут, калі атрымае доступ да боепрыпасаў Мінабароны Расіі, а таксама калі яму дазволяць праводзіць вярбоўку зняволеных. Пуцін даў Прыгожыну доступ да гэтых рэсурсаў, бо расчароўваўся ў расійскім ваенным камандаванні, якое не змагло захапіць Кіеў і фактычна растраціла рэзервы, не дабіўшыся адчувальнага выніку. Гэтае рашэнне, імаверна, раззлавала Шайгу і Герасімава. Акрамя таго, Прыгожын праз звязаных з ім ваенных блогераў вядзе бязлітасную паклёпніцкую кампанію супраць Мінабароны Расіі і ваеннага камандавання з траўня 2022 года.
2. Прыгожын пераацаніў залежнасць Пуціна ад сіл Вагнера і паспрабаваў замяніць расійскае ваеннае і палітычнае кіраўніцтва фігурамі, звязанымі з ПВК. У прыватнасці, ён разам з Кадыравым прыклаў усе намаганні, каб дамагчыся — і ў выніку дамогся — звальнення камандуючага Цэнтральнай ваеннай акругай (ЦВА) Аляксандра Лапіна і прызначэння на гэтую пасаду Сяргея Суравікіна. Акрамя таго, ён імкнуўся сярод іншага забяспечыць сваім сілам большы доступ да складоў боепрыпасаў і бюджэту Мінабароны.
3. Відавочныя ваенна-палітычныя амбіцыі Прыгожына, імаверна, устрывожылі Пуціна ў кастрычніку, калі яго рэжым быў найбольш уразлівы для грамадскага кантролю. Прыгожын, хутчэй за ўсё, не збіраўся кідаць Пуціну выклік наўпрост. Аднак Пуцін, імаверна, убачыў пагрозу ў агрэсіўнай самарэкламе Прыгожына за кошт іншых асоб, якія карыстаюцца даверам Пуціна. Урэшце, Шайгу і Герасімаў былі верныя прэзідэнту РФ і яго рэжымнай структуры многія гады і, імаверна, дапусцілі памылку з прычыны празмернай лаяльнасці — адмовы сказаць Пуціну тое, чаго той не хацеў чуць. Але гэта Пуцін, падобна, гатовы ім дараваць.
У Інстытуце называюць Пуціна не схільным да рызыкі і вельмі разважлівым акторам, які, імаверна, імкнуўся справіцца з узніклай пагрозай, паступова вяртаючы Мінабароны Расіі вядомасць і ўладу. У выніку Пуцін дазволіў Мінабароны Расіі вярнуць кантроль над Бахмуцкім напрамкам. Ён таксама дэманстратыўна панізіў Суравікіна на пасадзе і не згадаў заслугі ПВК ва ўзяцці Салядара, прыпісаўшы перамогу Мінабароны.
У ISW лічаць, што Прыгожын ужо наўрад ці верне сабе ранейшую добразычлівасць Пуціна. Расійскі прэзідэнт і Мінабароны могуць выкарыстоўваць яго як ахвярнага казла за надзвычай затратны наступ на Бахмут, як толькі ён дасягне кульмінацыі.
Сам жа Пуцін, хутчэй за ўсё, яшчэ не прыняў рашэння наконт далейшага лёсу Прыгожына. Ён, як і лёс ПВК Вагнера, залежыць ад яго здольнасці пераканаць Крэмль у сваёй лаяльнасці.
Канфлікт паміж Мінабароны Расіі і «Вагнерам» паказвае, што розныя бакі ў найбліжэйшым атачэнні Пуціна спаборнічаюць адзін з адным у гульнях з патэнцыйна нулявой сумай (калі бакі для дасягнення ўласнай выгады не гатовыя каардынаваць свае дзеянні і дамагаюцца паляпшэння сваіх пазіцый за кошт пагаршэння становішча іншых), што не спрыяе дасягненню агульных мэтаў Пуціна, падсумоўваюць эксперты.
На што яшчэ звярнулі ўвагу аналітыкі:
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на лініі Купянск — Сватава — Крамянная;
- расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні ў раёне Бахмута, але не завяршылі абыход, ахоп і атачэнне горада;
- расійскія сілы правялі наземныя атакі ў раёне Аўдзееўкі і на заходняй ускраіне Данецка;
- 12 сакавіка расійскі ваенны блогер заявіў, што сярод сіл спецназа высокі ўзровень дэзерцірства, але ў ISW няма незалежнага пацверджання гэтай інфармацыі;
- міністэрства абароны Злучанага Каралеўства паведаміла 12 сакавіка, што вайскоўцы з усходніх рэгіёнаў Расіі гінуць ва Украіне ў 40 разоў часцей у параўнанні з расійскімі вайскоўцамі з Масквы;
- віцэ-прэм'ер-міністр Украіны Ірына Верашчук заявіла, што расійскія ўлады незаконна дэпартавалі ў Расію 2161 украінскае дзіця-сірату, а агульная колькасць дэпартаваных у Расію дзяцей можа складаць блізу 150 тысяч.