Уладзімір Пуцін выканаў навагодняе жаданне васьмігадовай Аляксандры Цітарэнка з Запарожскай вобласці. Як пісалі расійскія СМІ, прэзідэнт РФ абраў яе паштоўку падчас усерасійскай дабрачыннай акцыі «Ёлка жаданняў». Ён размаўляў з дзяўчынкай у прысутнасці тэлекамер.
Уладзімір Пуцін выканаў жаданне дзяўчынкі пабываць у доме Дзеда Мароза ў Вялікім Усцюгу. Відэа таго, як Пуцін размаўляе з маленькай Аляксандрай, распытваючы падрабязнасці падарожжа, апублікавала прэс-служба Крамля і многія расійскія дзяржаўныя СМІ.
Прэзідэнт РФ патэлефанаваў дзяўчынцы з Рускага музея, дзе сёння праходзіў другі дзень нефармальнага саміту лідараў краін СНД. «Гарбатай частавалі? Абаранкі, печыва? Смачна ўсё было?» — распытаў ён дзіця. І папрасіў даслаць яму агуркі.
«Сашанька, маме з татам перадавай прывітанне. Дашлеш мне таксама, я ведаю, вы там вырошчваеце агуркі, памідоры… Агурочкаў дашлеш? Так, буду чакаць таксама ад цябе падарункаў навагодніх, добра?»
У якім населеным пункце Запарожскай вобласці пражывае сям’я Цітарэнка, расійскія СМІ не паведамляюць.
Нагадаем, як раней паведамляў кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Старух, амаль 60% тэрыторыі рэгіёна акупавана расійскімі войскамі, астатняя частка практычна штодня падвяргаецца абстрэлу.
Паводле звестак Офіса генеральнага пракурора Украіны, у краіне з пачатку вайны загінула 450 дзяцей. У Запарожскай вобласці загінулі і атрымалі раненні 80 няпоўнагадовых.