Атрымала працяг гісторыя беларуса, які абвясціў галадоўку ў Клайпедзе праз аўтамабіль, што захрас у порце. Па-першае, ён атрымаў ліст з літоўскай мытні (хоць звяртаўся ў Сейм), а па-другое, Рыгор Алексіевіч, калі так і не даб’ецца адказу па сутнасці, збіраецца працягваць пратэст у ЗША — мужчына плануе праводзіць пікеты ля дыпламатычных прадстаўніцтваў Літвы, піша «Новая газета. Балтыя».
— Нейкі час я чакаў, — тлумачыць сваё рашэнне Рыгор Алексіевіч. — У Літве праходзілі выбары ў парламент, і мяне прасілі не нагнятаць сітуацыю. Аднак электаральная кампанія прайшла, і цяпер я збіраюся дзейнічаць.
Цягам апошніх месяцаў беларус спрабуе дабіцца выдачы Honda CR-V 2020 года выпуску, які ён набыў на адным з амерыканскіх аўкцыёнаў і які быў дастаўлены ў Клайпеду.
Аднак з 4 чэрвеня 2024 года грамадзяне Беларусі, што набылі транспартныя сродкі ў ЗША, могуць вывезці некаторыя легкавікі (з рухавіком аб’ёмам большым за 1,9 літра) з Літвы толькі пасля прадстаўлення дадатковых дакументаў. У тым ліку дэкларацыі вытворцы транспартнага сродку з пацверджаннем, што аўтамабіль не будзе прададзены ў Расею. Вядома, такой даведкі ў пакупнікоў няма: амерыканскія аўкцыёны іх не выдаюць.
— Я трымаў галадоўку 12 дзён і спыніў пасля таго як прадстаўнікі Сейма Літвы мяне асабіста запэўнілі, што маё пытанне будзе разглядацца ў спецыяльным парадку, — нагадвае Рыгор Алексіевіч. — Я скіраваў свой зварот у парламент.
Пасля гэтага беларус вярнуўся дадому, у Мінск, а неўзабаве вылецеў у ЗША, дзе яго чакала праца. Там ён правёў акцыю пратэсту ў Сакрамэнта (Каліфорнія).
— У сярэдзіне кастрычніка я атрымаў адказ з мытнай службы Літвы (скрыншот ёсць у распараджэнні рэдакцыі. — Заўв. «Новая газета. Балтыя»), хоць чакаў ліста з Сейма, — кажа беларус. — Адказ мытнікаў мяне, мякка кажучы, збянтэжыў.
У лісце пералічваюцца асноўныя працэдуры, якія праходзіла Honda CR-V: аўтамабіль быў змешчаны на часовае захоўванне, аформленая адпаведная дэкларацыя.
Таксама мытная служба адзначае, што быў вызначаны нейкі льготны перыяд, аднак красовер «не быў задэклараваны для вывазу на тэрыторыю Беларусі».
— Калі чытаць паперу, то атрымліваецца, што я сам не зрабіў намаганняў для яго транспартавання, не задэклараваўшы транзіт! — абураецца ўладальнік Honda. — Але гэта не так. Калі я дабіваўся менавіта гэтага дазволу ў Клайпедскай тэрытарыяльнай мытні, мне стала кепска, і мяне шпіталізавалі ў бальніцу. Тады катэгарычна адмовіліся выдаваць аўтамабіль, хоць напярэдадні далі транзітныя нумары.
Як мяркуе беларус, ільготны перыяд, пра які можа ісці гаворка, дзейнічаў да 3 кастрычніка, аднак ліст ён атрымаў толькі 15 кастрычніка.
«Выходзіць, мне паведамілі, што я нібыта мог скарыстацца правам транзіту, калі тэрмін ужо выйшаў», — рэзюмуе ўладальнік аўтамабіля.
Ён падкрэслівае, што разлічваў на адказ па сутнасці і паверыў абяцанню прадстаўніка Сейма, а цяпер не хавае свайго расчаравання.
Паводле яго словаў, ён па-ранейшаму чакае адказу з літоўскага парламента, а калі не атрымае яго па сутнасці, збіраецца працягваць акцыі пратэсту ў ЗША — каля дыпламатычных прадстаўніцтваў Літвы.
Тым часам Honda CR-V, якая належыць Рыгору Алексіевічу, як і раней, знаходзіцца ў Клайпедзе. А вось іншыя беларусы, уладальнікі аўтамабіляў з ЗША, вырашаюць праблему інакш.
Калі яшчэ колькі месяцаў таму такіх машын у літоўскім порце, паводле неафіцыйных ацэнак, налічвалася каля чатырох тысяч, то цяпер засталося каля 500, паведамілі «Новай газеце. Балтыя» прадстаўнікі ініцыятыўнай групы па вырашэнні праблемы: «Многія скарысталіся так званымі альтэрнатыўнымі шляхамі: везлі да Турцыі, адтуль — праз Грузію і Расію ў Беларусь. Аднак па дарозе таксама ўзніклі цяжкасці. Акрамя пераплаты за паслугі перавозчыкаў грузінскія „памагальнікі“ займаюцца адкрытым падманам, патрабуючы суму, вышэйшую за першапачатковую. Да таго ж там узніклі вялікія чэргі, а некаторыя аўтамабілі былі наогул арыштаваныя».