Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Уроженца Беларуси расстреляли за отказ участвовать в «мясном штурме» на Донбассе — проект «Хочу жить»
  2. На трассе в Варшаве автобус с беларусами и украинцами перевернулся на бок и влетел в столб, есть пострадавшие
  3. Зеленский: «Россия что-то готовит в Беларуси этим летом»
  4. Каким будет курс доллара в самую короткую рабочую неделю года? Прогноз по валютам
  5. МЗС Літвы адказала на прапанову Беларусі аднавіць рух пасажырскіх цягнікоў паміж краінамі
  6. «Аперацыі могуць быць прыпыненыя». Адзін з банкаў папярэдзіў кліентаў, што лепш паведамляць пра паездкі за мяжу
  7. На свободу вышел фигурант дела «о попытке госпереворота» Юрий Зенкович
  8. Ёсць праблема з пенсіямі, пра якую кажуць нават афіцыйныя прафсаюзы. Паглядзелі, якая з ёй сітуацыя
  9. Летом введут существенные изменения, которые могут повлиять на толщину ваших кошельков. Посмотрите, касается ли это вас и ваших родных
  10. Один из иностранных банков ввел новые ограничения для беларусов. Они оказались масштабнее, чем сообщалось ранее
  11. Лукашенко на переговорах с Путиным оправдывался за георгиевскую ленточку
  12. Помнік пратэсту ў цэнтры Мінска. Успамінаем, як увесь горад выйшаў на вуліцы патрабаваць вызвалення палітвязняў — і трапіў пад агонь
  13. Кремлевские чиновники продолжают угрожать НАТО, вероятно, чтобы подготовить население России к будущей агрессии — ISW
  14. У траўні будзе тры выходныя дні запар. Што пра гэта важна ведаць работнікам і наймальнікам
  15. Мобильные операторы вводят изменения для клиентов. Есть смысл изучить их, если для вас важно сохранить свой номер телефона
  16. На рынку нерухомасці ў Мінску чакаюцца перамены — экспертка расказала, што можа змяніцца і што на ім адбываецца цяпер
Читать по-русски


Мінчук Ян быў страшным ласуном. Чалавекам, які, застаўшыся сам-насам з шакаладкай на 290 грамаў, можа за адзін раз лёгка з’есці больш за палову. Спыніць яго магнетычную цягу да ласункаў змаглі толькі лічбы на вагах. Калі вясной 2022-га Ян убачыў на іх дадатковыя сем кілаграмаў, то жахнуўся — і вырашыў дзейнічаць радыкальна. Спачатку проста адмовіўся ад прысмакаў, а пазней выключыў з рацыёну і белы цукар. «Люстэрка» даведалася, як гэта змяніла яго жыццё і здароўе.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com

З меркаванняў бяспекі імя суразмоўцы змененае.

Яну 39 гадоў. Яго рост — 170 сантыметраў, а вага цяпер — 72−73 кілаграмы. Салодкае ён любіць столькі, колькі сябе памятае. Еў яго шмат і часта, але, нягледзячы на гэта, гадоў да 33 непатрэбных акругласцяў у фігуры не заўважаў. Потым сітуацыя змянілася. Узімку, калі актыўнасці ў жыцці рабілася мала, ён пачынаў адчувальна набіраць вагу. Потым адкрываў дачны сезон, разбіраўся з садам, касіў — і да лета ўсё «само сыходзіла».

— Але чым старэйшымі мы становімся, тым больш паўнеем. А я не хачу ў старасці быць поўным, — кажа ён і ўспамінае, як у сакавіку 2022-га ўбачыў на вагах 81 кілаграм. — Гэта плюс сем да камфортнай для мяне вагі. Навакольныя гэтага не заўважылі, бо звычайна ў мяне ўсё «асядае» ў таліі. Але я ведаю сваё цела. Для мяне норма, калі джынсы лёгка садзяцца, а было не так.

Увесну таго года мужчына вырашыў больш не спадзявацца толькі на лецішча, а дзейнічаць дадаткова. Натхніў яго на гэта навуковы артыкул у адным з амерыканскіх выданняў. У ім расказвалі пра эксперымент, у якім удзельнічала некалькі тысяч чалавек. Паводле яго ўмоваў, часова людзі цалкам адмовіліся ад цукру. Спецыялісты хацелі паглядзець, як такое табу ўплывае на цела чалавека.

— Літаральна за пару месяцаў у іх змянілася вага, — эмацыйна ўспамінае мужчына. — Якія вынікі атрымаліся, я ўжо не памятаю, але лічбы мне спадабаліся, і я вырашыў паэксперыментаваць на сабе.

«Здавалася, гэта нешта немагчымае»

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pixabay.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pixabay.com

Ад ідэі да дзеяння прайшло каля месяца. У адзін з красавіцкіх дзён, прыкмеціўшы дома на стале скрынку цукерак, Ян паглядзеў на яе і падумаў: «Усё, дастаткова. Больш не буду есці ні шакаладу, ні іншых прысмакаў». У адну секунду падумаў, у наступную пачаў выконваць. Пры гэтым паставіў сабе тэрмін, што пратрымаецца так да 31 снежня.

У выніку са спісу таго, што ён звычайна есць, зніклі шакалад, цукеркі, зефір, а колькасць прадуктаў з утрыманнем цукру ў ім моцна скарацілася: мужчына стараўся есці тое, дзе цукру няма ці яго колькасць мінімальная. Адзінае, чаму не атрымлівалася сказаць «стоп», — звычайны белы цукар у каву. Хоць Ян паспрабаваў. Але з першага глытку падумаў: «Божа, як агідна!»

— Смак мне не падабаўся, таму тут цукар вырашыў пакінуць, — смяецца суразмоўца. — Праўда, замест дзвюх лыжачак пачаў класці адну.

Арганізм на забарону рэагаваў «нармальна». «Ломкі», пра якую часам расказваюць іншыя людзі, што адмовіліся ад салодкага, не было. Ян лічыць, што тут яму дапамаглі ўнутраныя ўстаноўкі.

— Я даў сабе каманду не есці цукар, і, мабыць, мозг успрыняў гэта так: шакалад табе не патрэбны, нічога цікавага ў ім няма, — дзеліцца меркаваннем суразмоўца. — А можа, дапамаглі трэніроўкі з дзяцінства. Школьнікам хацеў выпрацаваць сілу волі. Купляў шакаладку, клаў побач, калі рабіў урокі, і не еў. Так магло цягнуцца тыдзень, два, тры, а потым аддаваў яе, напрыклад, бацькам. І гэта пры тым што я любіў шакалад! Практыкаваў я гэта некалькі гадоў. Лічыў, так выпрацоўваецца цярпенне, каб, скажам так, не паддацца забароненаму плоду.

Гэтым разам прысмакаў з дому мужчына таксама не выкідаў і нават не прасіў жонку прыбіраць іх у недаступнае для яго вачэй месца. Сямейнікі, калі хацелі, лёгка маглі дацягнуцца да смачнага. Ну, а Яну проста не хацелася. У моманты, калі з’яўляліся сумневы, ён заядаў іх фінікамі.

— Падумаў: гэта ж прадукт натуральнага паходжання, значыць, цукру там мінімум, — расказвае ён, як прыйшоў да альтэрнатывы. — Адразу гэта быў мой эмпірычны досвед. І дакладна! Літаральна праз месяц-два (гэта ж усё з космасу ідзе!) мне трапіўся артыкул нейкага нутрыцыёлага, які раіў: «Калі адмовіліся ад шакаладу і цукру, замяніце іх фінікамі». Думаю: «Ух ты! Я да гэтага прыйшоў раней, чым даведаўся, што так рэкамендуюць спецыялісты».

А тым часам арганізм паступова пачынаў рэагаваць на салодкае табу: кілаграмы «раставалі» на целе Яна як снег у пачатку вясны.

— Паралельна я яшчэ спампаваў на Android спартыўную праграму і кожны вечар па 20−30 хвілін па ёй займаўся. Трэніроўка — гэта, умоўна, 20 практыкаванняў: прысяданні, хуткая хада, адцісканні, ровар, планка. Штодня нешта новае, плюс праграма дае адзін дзень на тыдзень адпачынку, — успамінае суразмоўца. — Заўважаў, што худнею, але ўзважвацца доўга баяўся. А потым, месяцы праз два-тры, прыехаў на лецішча, там стаў на вагі, убачыў лічбы і не паверыў. Яны паказалі дзесьці 72−73 кілаграмы. Мне здавалася, гэта нешта немагчымае.

Дарэчы, сваю адмову ад цукру Ян асабліва не афішаваў. Сябры пра гэта даведаліся дзесьці праз паўгода, калі кампанія сабралася на лецішчы ў аднаго з прыяцеляў на дзень нараджэння.

— Пілі гарбату. Акрамя торта, у іх нічога не было. Тады я ўсім публічна сказаў, што салодкага не ем і цукру, лічы, таксама. Сябры адрэагавалі нармальна. Думаў, будзе горш (смяецца). Але абсалютна ніхто не сказаў нічога з разраду: «Ды ты што, жартуеш?» Усе паставіліся сур’ёзна, — апісвае тую сітуацыю суразмоўца. — Знайшлі для мяне нейкае печыва без цукру.

Да 31 снежня 2022-га Ян падышоў не толькі з фігурай, якая яму падабалася, але і з адчуваннем унутранага гонару: мэту паставіў і з ёю справіўся.

— Памятаю, мы сядзелі за сталом, і я сказаў, што даў сабе слова не з’есці за год ніводнай цукеркі — і не з’еў. Родныя пахвалілі, — успамінае мужчына. — А далей было так: з 2023-га траўня ўстаноўка ў мозгу аўтаматычна знялася, і я пачаў дазваляць сабе шакалад, зефір і ўсё астатняе. Пра што ў выніку пашкадаваў.

«Зрабіў над шакаладкай пару ўдыхаў і кайфануў так, быццам з’еў кавалачак»

Изображение носит иллюстративный характер. Фото с сайта pixabay.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота з сайта pixabay.com

У 2023-м па першую цукерку Ян пацягнуўся ў сярэдзіне студзеня, але ранейшага кайфу ад яе не адчуў. Цяпер прысмакі ўжо не здаваліся такімі смачнымі, як калісьці.

— Калі раней я мог шэсць цукерак проста з гарбатай з’есці, то цяпер гэта ўжо была адна на тыдзень, — расказвае суразмоўца. — Пры гэтым я дазваляў сабе торты, зефір. Часам мог дазволіць нешта смачнае на ноч.

І ўсё роўна прысмакаў у рацыёне мінчука стала прыкметна менш, чым да 2022-га. Аднак прыйшла чарговая зіма, і вага зноў папаўзла ўверх. Чаму, Ян не ведае, але думае, што салодкае моцна ўплывала на яго арганізм.

— У лютым 2024-га я стаў на вагі і спалохаўся. Яны паказалі 84 кілаграмы. Гэта самая вялікая вага, якая ў мяне была. Думаю, нічога сабе. Не, гэта ўжо ні ў якія вароты. Чакаў 81, але не 84! — мужчына і цяпер не хавае шоку, які тады адчуў. — Вырашыў, трэба дзейнічаць сур’ёзней, чым вясной 2022-га, і адмовіцца яшчэ і ад белага цукру.

Прыкладна з сакавіка Ян зноў перастаў глядзець у бок цукерак і зразумеў, што кава без цукру не такая і нясмачная. Да харчовых перавагаў дадаў хатнія трэніроўкі і скараціў порцыі. Асабліва падчас вячэры.

— Гэтым разам ніякіх мэтаў што да тэрмінаў я не ставіў, — успамінае суразмоўца. — Падумаў, хай будзе бестэрмінова. Бо калі ёсць нейкая канчатковая дата, пасля яе мозг думае: абмежаванні знятыя, — і ўсё пачынаецца спачатку. А так хай проста будзе пад забаронай.

Тое, што далей пачало адбывацца з вагой Яна, шакавала яго не менш, чым у свой час лічба 84. Кілаграмы проста «зляталі». У першы месяц ён скінуў 5,2 кілаграма і адчуваў сябе пры гэтым выдатна.

— У другі месяц усё пайшло павольней. Я схуднеў усяго на паўтара кілаграма. Прайшло яшчэ два, і я важыў ужо 73 кілаграмы. Потым трохі набраў, але неўзабаве ўсё збалансавалася і цяпер трымаецца на адным узроўні, — апісвае сітуацыю мужчына. — Чаму больш не скідваю, хоць займаюся і гэтак жа харчуюся? Не ведаю, магчыма, гэта мае фізіялагічныя асаблівасці. Усё ж 72−73 кілаграмы паводле індэксу масы цела — гэта мая нармальная вага.

Акрамя лічбаў на вагах змяніўся і стан. Да красавіка Ян адчуў, што вечарамі спаць хоча раней. І замест звыклай паўночы пачаў класціся ў 23.00. Цяпер высыпацца атрымліваецца лепш, адпаведна, адчувае ён сябе бадзёра.

— Паходы ў краму цяпер не займаюць так шмат часу, як у 2022-м, калі толькі пачынаў выключаць салодкае. Многія прадукты, у якіх няма цукру або яго мінімум, ужо бяру па памяці, — расказвае Ян і адзначае, што ў святы дазваляе сабе алкаголь, хай нават у ім ёсць «забанены» ім кампанент. — Магу дазволіць сабе віскі ці віно. Толькі калі два гады таму мяне было не прымусіць купіць сухое ці паўсухое — яно падавалася кіслым і нясмачным, — то цяпер не магу піць паўсалодкае.

Жонка і дзіця Яна не прытрымліваюцца такіх абмежаванняў, як ён. Часам яны прапануюць яму ўзяць цукерку ці яшчэ што-небудзь салодкае, але мужчына стойка адмаўляецца.

— Неяк на працы хтосьці прынёс шакалад, які я люблю. Пайшоў такі пах. Усе ядуць. А калегі ведаюць, што я жыву без салодкага, але, мабыць, вырашылі мяне выпрабаваць. Адна з супрацоўніц прапанавала: «Ян, частуйся», — і пачала распакоўваць фольгу недалёка ад мяне. Адказваю: «Дай мне ім падыхаць». Зрабіў над шакаладкай пару ўдыхаў і кайфануў так, быццам з’еў кавалачак, — усміхаецца мужчына. — Калега засмуцілася. Яна думала, я сарвуся.

Хоць сваім учынкам дзяўчына толькі дапамагла Яну. Цяпер ён ведае: калі вельмі-вельмі хочацца шакаладу — дастаткова проста ўдыхнуць яго водар.

— Больш за ўсіх ад таго, што я адмовіўся ад цукру, здзівілася мама. Яна ведае, што я з дзяцінства ласун. А тут бабах! — не хавае эмоцый суразмоўца. — Памятаю, як яна прапанавала мне нямецкія цукеркі, а я адмовіўся. У яе быў шок.

Увогуле, адносіны са салодкім у Яна цяпер такія: чалавек вырашае, што рабіць з цукрам, а не цукар не дае спакою чалавеку. А пакуль у мужчыны права першынства, у нас толькі адно пытанне: як шмат фінікаў ён цяпер з’ядае за дзень?

— У сярэднім атрымліваецца пяць-шэсць штук, — адказвае ён. — Хоць ем іх не штодня. Яны таксама прыядаюцца.

Глядзіце таксама