Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. В Украине опубликовали списки беларусов, воюющих на стороне России. Там больше 700 человек
  2. Путин объявил еще одно перемирие на украинском фронте
  3. Москва объявляет односторонние перемирия ради выгоды, а не мира — ISW
  4. Всех, кто в воскресенье ехал из Беларуси в Россию и обратно, проверяли военные. Рассказываем
  5. «Боюсь, ночью могут начаться мародерства». Беларусы Испании и Португалии рассказали «Зеркалу», как переживают глобальный блэкаут
  6. Уроженца Беларуси расстреляли за отказ участвовать в «мясном штурме» на Донбассе — проект «Хочу жить»
  7. На трассе в Варшаве автобус с беларусами и украинцами перевернулся на бок и влетел в столб, есть пострадавшие
  8. В прошлый раз иностранцы массово переселились в Беларусь в 17 веке, а последствия чувствуются до сих пор. Рассказываем
  9. Зеленский: «Россия что-то готовит в Беларуси этим летом»
  10. Каким будет курс доллара в самую короткую рабочую неделю года? Прогноз по валютам
  11. Мобильные операторы вводят изменения для клиентов. Есть смысл изучить их, если для вас важно сохранить свой номер телефона
  12. «Прошло 86 часов». Коллапс на беларусско-польской границе — автомобили и автобусы стоят в очереди сутками
Читать по-русски


Новы 2024 год пачаўся для Сяргея Краўчанкі з кепскіх навінаў. Жыхара Рэчыцы, які пасля выбараў-2020, як ён сам падкрэслівае, «вымушана» з’ехаў з Беларусі і цяпер жыве ў Літве, у гэтай краіне прызналі пагрозай нацбяспецы. Прычына — тры гады службы ў МНС. Пра гэта сказана ў дакуменце, які Сяргей атрымаў у Дэпартаменце міграцыі Літвы. З такім рашэннем беларус не згодны і збіраецца ісці ў суд.

Семья Кравченко. Фото: личный архив семьи Кравченко
Сям’я Краўчанкаў. Фота: асабісты архіў сям'і Краўчанкаў

У Сяргея Краўчанкі адкрыты збор на BYSOL. Падтрымаць беларуса можна па спасылцы.

«Калі вас пасадзяць, ад вас не будзе ніякага толку»

Чацвер, 1 лютага, для Сяргея Краўчанкі быў важным днём. Яго адвакатка адправіла ў суд скаргу, у якой беларус не згодны з рашэннем Дэпартамента міграцыі Літвы пра тое, што ён — пагроза нацыянальнай бяспецы. Калі будзе паседжанне, мужчына пакуль не ведае. Кажа, абаронца папярэдзіла: працэс могуць прызначыць цягам двух месяцаў.

— Эмацыйна цяпер вельмі складана, — кажа Сяргей, калі мы стэлефаноўваемся з ім у аўторак. — Жывеш, не ведаючы, што цябе чакае.

Побач з мужчынам яго жонка Анастасія. Ім па 28 гадоў. Іх маленькія сын і дачка ў садку. Краўчанкі жывуць у Вільнюсе. У Літву яны «вымушана пераехалі» ў верасні 2020-га, пасля таго як Сяргей запісаў відэазварот. У ім ён звярнуўся да калег з «Беларуснафты», сказаў, што хоча пайсці на страйк, і папрасіў усіх, хто яго ведае, задумацца: «Можа, цяпер час выказаць сваё меркаванне».

— З 2018-га я працаваў на прадпрыемстве «Беларуснафта-Прамсэрвіс», быў электраманцёрам. Пакуль у горадзе праходзілі мірныя пратэсты і збіраліся ланцугі салідарнасці, мы з жонкай на іх выходзілі, — вяртаецца да таго перыяду жыцця Сяргей. — Размаўляючы з калегамі, якія былі ў гневе, разумеў: яны баяцца зрабіць хоць нешта. Спыняюць крэдыты, дзеці. Нашая сям’я стала добрым прыкладам, што можна не баяцца, а дзейнічаць, бо Насця на той момант знаходзілася ў дэкрэце, на руках двое малых — дачцэ год, сыну два.

На відэа Сяргей наважыўся пасля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, якая стала для электраманцёра «вялікім пляўком у твары беларусаў». Свой ролік ён зняў у абед на працоўным месцы, а ўвечары апублікаваў. Зварот хутка распаўсюдзіўся ў сеціве. На прадпрыемстве тут жа прызначылі сход, дзе планавалі разабраць гэты выпадак, але яшчэ да сустрэчы, паводле мужчыны, з ім звязалася Марыя Мароз, якая кіравала штабам Святланы Ціханоўскай, і прапанавала яго сям'і з’ехаць з краіны.

— Яна сказала: «Сяргей, не думайце, што так проста вас адпусцяць. Небяспека вышэйшая». На яе думку, у відэа я не толькі выказаў пратэст, але і заклікаў людзей да дзеяння, а за гэта можа пагражаць пазбаўленне волі, — перадае тую размову Сяргей. — Яна казала: вы можаце зрабіць як заўгодна, але, калі вас пасадзяць, ад вас не будзе ніякага толку, і вашыя калегі пачнуць яшчэ больш баяцца.

Сяргей з Анастасіяй пагадзіліся на пераезд і неўзабаве выправіліся ў Літву. У Вільнюсе мужчына далучыўся да страйкама, які аб’ядноўваў людзей з розных прадпрыемстваў. Пачаў звязвацца з супрацоўнікамі «Беларуснафты», якія былі актыўна настроеныя. Спрабаваў сабраць іх разам для агульнанацыянальнага страйку.

— На «Беларуснафце» пасля страйку ўсё пачало максімальна згасаць. Дух несправядлівасці на прадпрыемстве быў цалкам згашаны прафсаюзнікамі, — як ёсць кажа суразмоўца. — Дапамог некалькім людзям эвакуявацца з Беларусі, і на гэтым усё скончылася.

«Мы не маглі сабе дазволіць такой раскошы, як не працаваць»

У пачатку 2021-га ў Сяргея і яго сям'і пачалося «звычайнае жыццё». У іх былі гадавыя гуманітарныя візы. Мужчына ўладкаваўся электрыкам. Займаўся электрамантажом у кватэрах, рэстаранах, кавярнях. Яго спецыяльнасць аказалася запатрабаванай у Літве, таму «было максімальна проста атрымаць працоўны ВНЖ». У 2021-м, калі ў Анастасіі з дзецьмі заканчваліся візы, знаёмыя параілі ім афармляць статус бежанцаў.

— Сяргей на яго не падаваўся, бо, пакуль чакаеш рашэння, паўгода не маеш права працаваць. Мы сабе такой раскошы тут дазволіць не маглі, — падключаецца да размовы Анастасія. — Да таго ж працоўны ВНЖ у мужа быў амаль на два гады. Мы палічылі разумным, каб ён заставаўся на гэтым дакуменце.

За час жыцця ў Вільнюсе Сяргей чатыры разы мяняў працу, бо «не ўсе прапануюць добрыя ўмовы». Кожны раз, каб перайсці з адной арганізацыі ў іншую, трэба было звяртацца ў Дэпартамент міграцыі і чакаць ад іх дазволу. Сям'і падказалі, што, калі мужчына зможа атрымаць ВНЖ не па працы, а дзякуючы ўз'яднанню сям'і, у якой у Літве статус бежанца, то чакаць такой адмашкі больш не спатрэбіцца.

— Плюс, калі ён будзе атрымліваць статус бежанца, маючы ВНЖ, можна працаваць, — адзначае Анастасія і кажа, што вырашаць пытанні з новым відам на жыхарства Сяргей узяўся ў сакавіку 2023-га. — Запісацца ў міграцыю было складана: пасля пачатку вайны нагрузка на іх вырасла. Некалькі разоў супрацоўнікі нам далі недакладную інфармацыю, праз што ў нас «зляцеў» запіс, калі муж мог бы падаць дакументы так, каб не нервавацца. Супрацоўніца міграцыі нас супакоіла. Маўляў, калі нават Сяргей падасца ў апошні дзень дзеяння яго віду на жыхарства, нічога страшнага. Як пазней высветлілася, гэта дэзынфармацыя. Дакументы ў яго прынялі за некалькі дзён да канца тэрміну ВНЖ. Пасля чаго сказалі, што яму патрэбная віза чакання. Хоць да гэтага пра яе ніхто нідзе не казаў.

— Нам тлумачылі, што яе дадуць пасля падачы на ВНЖ па ўз'яднанні і па ёй я змагу працаваць. Я баяўся страціць сваё месца, таму абтэлефанаваў усе інстанцыі, звязаныя з працаўладкаваннем, яны пацвердзілі: «Па візе чакання вы можаце без праблем працаваць», — працягвае муж. — У нядзелю, 11 чэрвеня 2023-га, у мяне заканчваўся від на жыхарства. У пятніцу мы змаглі знайсці месца ў міграцыі ў Клайпедзе і падацца на візу чакання. Аказалася, робяць яе столькі ж, колькі і ВНЖ (на афармленне віду на жыхарства мужчына падаваўся ў тэрміновым парадку, адказаць яму мусілі праз 45 дзён. — Заўв. рэд.).

— Самае цікавае, што пасля падачы нам паведамілі: такога паняцця, як віза чакання, больш няма, яе адмянілі, — дадае Анастасія. — Чакалі мы звычайнай візы.

У панядзелак Сяргея звольнілі, бо штамп пра чаканне дакументаў, які яму паставілі ў пашпарт, не даваў права працаваць. Кіраўнік аказаўся «годным чалавекам» і папярэдзіў беларуса, што гатовы пачакаць яго столькі, колькі спатрэбіцца.

«Я нідзе нічога не хаваў пра працу ў МНС»

Як кажа сям’я, пасля падачы дакументаў прайшло крыху больш за 45 дзён, а адказу так і не было. 27 ліпеня 2023-га беларус пайшоў у Дэпартамент міграцыі, каб даведацца, у якім статусе яго дакументы. Яму адказалі: «У статусе разгляду». Калі ўсё вырашыцца, супрацоўнік не ведаў.

Фото: TUT.BY
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

— Пасля гэтага я падняўся на другі паверх, там падаюцца на бежанства. Выйшаў інспектар. Я патлумачыў яму сітуацыю і страх застацца без працы. Паказаў штамп пра падачу на візу. Ён сказаў: «Легалізацыі знаходжання гэтая адзнака не дае. Сітуацыя небяспечная». Я пацікавіўся, ці можна тады падацца на бежанства. У іх усё было «забітае», і ён мог прапанаваць мне месца толькі праз тыдзень. Потым ён узяў мой пашпарт для праверкі, сышоў, а вярнуўшыся, паведаміў: «Хоць у нас няма часу, падацца вам трэба цяпер», — і папрасіў пачакаць спецыяліста, які возьме ў мяне інтэрв'ю, — апісвае тое, што адбывалася ў ведамстве, мужчына. — Я яго дачакаўся, мы пагаварылі. Потым мяне папрасілі пачакаць, а дзесьці праз гадзіну зноў паклікалі ў кабінет і абвясцілі, што з 21 ліпеня я — пагроза нацыянальнай бяспецы Літвы.

Паводле Сяргея, падставай стала тое, што ён з 2015 да 2018 года служыў пажарным-выратавальнікам у МНС. Гэтыя звесткі ён падаў у анкеце для атрымання ВНЖ і візы. Яе ён запаўняў упершыню, але, кажа, у міграцыі яму і раней задавалі вусныя пытанні пра тое, ці быў ён звязаны з сілавымі структурамі.

— Я нідзе нічога не хаваў пра працу ў МНС, і гэта не лічылі небяспечным, — кажа мужчына і расказвае пра службу ў ведамстве. — Я тушыў пажары, даставаў людзей пасля ДТЗ. Доступу да сакрэтнай інфармацыі не меў. На службе змагаўся з несправядлівасцю і праз рознагалоссі з кіраўніцтвам звольніўся. Мяне, напрыклад, абурала, што нам нельга ездзіць па краіне без дазволу кіраўніцтва, атрымліваць вышэйшую адукацыю ў цывільных ВНУ. Ды і стаўленне да падначаленых у той момант рэзка пагоршылася.

Нягледзячы на навіну пра пагрозу нацбяспецы, дакументы на бежанства ў беларуса прынялі. Папярэдзілі, што іх разгледзяць у паскораным парадку. А самога яго затрымалі на 48 гадзін.

З Дэпартамента міграцыі Сяргея, як ён зразумеў, забралі памежнікі. Яны звазілі яго дадому па рэчы і дакументы, а потым даставілі на заставу на мяжы з Беларуссю. Крыху пазней яго адсюль забралі ў лагер для бежанцаў у горадзе Пабрадэ. На наступны дзень у мужчыны быў суд. Сустрэча праходзіла анлайн. На ёй былі суддзя, перакладчык і абаронца, якога беларусу знайшла жонка.

— Адвакатка спытала, чаму мяне затрымалі. Суддзя патлумачыў: бо я магу быць пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы. Абаронца прапанавала змяніць мне меру стрымання і адпусціць да сям'і, — вяртаецца да тых падзей суразмоўца. — Суд пагадзіўся. Мяне вызвалілі, але раз на тыдзень я мусіў тэлефанаваць інспектару, які вядзе маю справу, і казаць, што я на месцы.

З лагера бежанцаў да Вільнюса можна дабрацца на маршрутцы і аўтобусе, адлегласць — каля 45 кіламетраў. Супрацоўнікі падказалі Сяргею, дзе знаходзіцца прыпынак. Праўда, у транспарце прымалі толькі гатоўку. Дзе яе зняць, Сяргей не знайшоў, таму пайшоў дадому пешшу. Пераадолеў прыкладна палову дарогі, пакуль не сустрэў сяброў, якія ехалі па яго на машыне.

«Пасля звальнення з МНС ён выступаў супраць гэтай улады»

Справа Сяргея пра атрыманне статусу бежанства расцягнулася на паўгода. Увесь гэты час яму нельга было працаваць. У кастрычніку яго выклікалі на апытанне. Інспектар, які займаецца яго сітуацыяй, цікавіўся службай у МНС, працай на «Беларуснафта-Прамсэрвіс». 17 студзеня 2024-га на апытанне паклікалі Анастасію.

Семья Кравченко. Фото: личный архив семьи Кравченко
Сям’я Краўчанкаў. Фота: асабісты архіў сям'і Краўчанкаў

— Пыталі тое, што і раней. Напрыклад, на якой машыне з’язджалі з аднаго месца ў іншае. Што рабілі ў жніўні 2020-га? Як перасякалі мяжу? Хто нам дапамагаў у Літве? — пералічвае пытанні Анастасія. — Мабыць, хацелі знайсці нейкія неадпаведнасці з папярэднімі адказамі. Тады ж мне сказалі, што імавернасць у адмове Сяргею па бежанстве вялікая. 24 студзеня нам паведамілі: «Рашэнне прынятае», — і папрасілі прыйсці ў міграцыю.

— На паседжанні зачыталі, што я маю права на атрыманне бежанства па шэрагу пунктаў. Першае: я актыўна ўдзельнічаў у акцыях супраць рэжыму. Другое: я чалавек, якога ў Беларусі будуць пераследаваць. Трэцяе: мяне могуць падвергнуць катаванням і турэмнаму зняволенню, — кажа Сяргей. — Аднак праз працу ў МНС я прызнаны пагрозай нацыянальнай бяспецы, бо мушу лаяльны да ўлады. Выходзіць, яны заблыталіся ў сваіх паказаннях.

— Мне здаецца, яны падалі два супрацьлеглыя аргументы, — устаўляе рэмарку жонка. — Пасля звальнення з МНС ён выступаў супраць гэтай улады.

— Далей яны паведамілі: у сувязі з тым, што ў Беларусі няма ніякага рэгіёна, дзе б мне было бяспечна, мне вырашылі даць гуманітарны ВНЖ на год, — працягвае Сяргей, адзначаючы, што з часткай рашэння ён не згодны і прызнанне яго пагрозай будзе абскарджваць. — Калі гэтага не зрабіць, ты аўтаматычна згаджаешся, што ты пагроза нацбяспецы. І наступным разам, калі будзеш рабіць дакументы, у іх з’явяцца ўсе падставы адмовіць.

Чым скончыцца гэтая гісторыя, сям’я пакуль не ўяўляе. Тэрмін альтэрнатыўнага арышту Сяргея падоўжаны. Ён мусіць раз на тыдзень тэлефанаваць інспектару. У найбліжэйшых планах — падацца на гуманітарны ВНЖ, каб усё ж вярнуцца да працы, аплачваць рахункі і адваката.

— З чэрвеня я без працы, — кажа Сяргей. — Спачатку жылі на зберажэнні, якія змаглі адкласці за 2,5 года ў Літве. Яны паляцелі ў першыя месяцы. Потым фінансава пачалі дапамагаць блізкія і знаёмыя, у якіх пазычаем. І яно як ком наварочваецца. І ты чакаеш, пакуль з’явіцца магчымасць кудысьці ўладкавацца, каб пачаць вяртаць.

— Мне здаецца, у такой крайнасці мы аказаліся праз міграцыю. У мяне няма такой спецыяльнасці, якая б дазваляла мець у Літве нармальны ўзровень даходу і ўтрымліваць сям’ю. Адразу па прыездзе я нейкі час займалася фатаграфіяй, а цяпер раблю мілыя рэчы для дома з гліны і эпаксіднай смалы, — працягвае Анастасія. — Вельмі складана, што мы вымушаныя былі пакінуць Беларусь. У Літве адразу ўсё было ў парадку, але пасля лютага 2022-га пачаліся рэзкія перамены што да беларусаў. Хоць [у 2020-м] мы падвяргалі сябе небяспецы. Мы змянілі жыццё, хаваем блізкіх, не маючы магчымасці прысутнічаць на пахаванні. І яшчэ сутыкаемся з тым, што мы нейкая пагроза. Хоць мы прывялі шмат доказаў таго, што супрацьстаялі таму рэжыму настолькі, наколькі тады маглі.

Чытайце таксама