Цяжкія ўмовы надвор’я і дробныя аварыі сталі прычынай затораў на сталічных дарогах. Паводле звестак сэрвісу «Яндэкс. Карты», Мінск захрас у 10-бальных заторах.
Паводле звестак сэрвісу, у Мінску адбылося каля дзесяці дробных аварый. Рух транспарту ўскладнены практычна на ўсіх буйных вуліцах сталіцы. Вялізныя заторы ўтварыліся на МКАД у раёне вуліцы Казінца і праспекта Незалежнасці.
У сувязі з ускладненнем умоваў надвар’я ДАІ Мінска і вобласці ўвяла план «Надвор'е».
«У цяперашніх умовах надвор’я супрацоўнікі ДАІ вядуць кругласутачны кантроль за станам праезнай часткі. Экіпажы ДПС арыентаваныя на аказанне дапамогі ўдзельнікам дарожнага руху, якія аказаліся ў складанай сітуацыі на дарозе. У выпадку ўзнікнення няштатнай сітуацыі тэлефануйце на нумар 102», — паведамляюць інспектары.
Як піша АНТ, на праспекце Незалежнасці ўтварыўся сур’ёзны затор, спецтэхніка не можа праехаць, каб расчысціць дарогу.
Спецтэхніка ЖКГ не можа праехаць. ДАІ вырашае праблемы на дарогах.
Як расказалі камунальнікі, ва ўборцы прыдомавых тэрыторый сталіцы ад снегу задзейнічаныя 60 адзінак тэхнікі і 1780 работнікаў. Выдаткавана 28,8 тоны пясчана-салянай сумесі.
Нагадаем, на сёння сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень. У дзённыя гадзіны 23 лістапада ў многіх раёнах краіны чакаецца моцны снег, завіруха, па захадзе рэспублікі — галалёд. У Мінску чакаецца часам моцны снег, завіруха, узмацненне ветру парывамі 15−18 м/с.
Раней у ДАІ Мінска паведамлялі, што ў цэнтры сталіцы, імаверна, будзе ўскладнены рух транспарту праз работы па абслугоўванні святлафорных аб’ектаў, спалучаных з кароткатэрміновым адключэннем святлафорнага рэгулявання.
На пятніцу, 24 лістапада, сіноптыкі таксама абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі праз непагадзь.