У панядзелак, 20 лістапада, улады вызначылі дату адзінага дня галасавання — ён пройдзе 25 лютага 2024 года. На ўчастках можна будзе выбраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Галасаванне пройдзе з абмежаваннямі: напрыклад, цяпер нельга фатаграфаваць бюлетэнь, а імёны сябраў камісій публікавацца ў адкрытым доступе не будуць. Мы папрасілі чытачоў падзяліцца сваім меркаваннем пра блізкія выбары і расказаць, што яны ведаюць пра сваіх дэпутатаў. Вось што атрымалася.
«Адзінае рашэнне — байкот такіх мерапрыемстваў»
Чытач Васіль родам з Мінска, мужчыну 40 гадоў. Імені дзейнага дэпутата ад сваёй акругі ён не памятае, ведае толькі, што гэта жанчына.
— А чым займаецца — паняцця не маю, — канстатуе ён. — І наогул, калі б галасаванне проста адмянілі і прызначалі на пасады тых, каго хацелі, гэта было б больш сумленна з боку ўлады. Усе ж і так усё разумеюць. Так што ў «выбарах» удзельнічаць не буду.
Падобнага меркавання прытрымліваецца 33-гадовы Андрэй з Салігорска. Ён упэўнены: прыйсці ў адзіны дзень галасавання на ўчастак — значыць «прызнаць легітымнасць улады, якой у яе няма».
— Не кажучы ўжо пра тое, што гэта тэатр абсурду само па сабе, бо не ўплывае ні на што, — лічыць мужчына. — Там [сярод кандыдатаў] не будзе людзей з адрозным ад уладаў меркаваннем. А нават калі ніхто не прыйдзе на ўчасткі, гэта не прымусіць ЦВК сказаць, што выбары не адбыліся. Запусцяць бюджэтнікаў, каб паказаць па тэлевізары карцінку. І ўсё на гэтым. Мабыць, на падсвядомым узроўні наверсе разумеюць, што выбары абавязаныя існаваць, але страх паразы не дае праводзіць іх сумленна і адкрыта. Таму гэта выбары без выбару, проста мішура для галачкі. Дакладна гэтак жа, як і прэзідэнцкія ў 2025-м. І для мяне адзінае рашэнне — байкот такіх мерапрыемстваў.
Дэпутата ад сваёй акругі чытач ведае — гэта Андрэй Струнеўскі, які да дзяржаўнай дзейнасці працаваў на «Беларуськаліі» намеснікам начальніка рудніка і ўзначальваў там першасную ячэйку прафсаюза.
— Цяпер займаецца нічым. Творчай пракрастынацыяй, імітацыяй бурнай дзейнасці, — упэўнены суразмоўца.
Ісці на выбарчы ўчастак не збіраецца і брастаўчанін Мікіта. Маладому чалавеку 21 год, і ён разважае так: калі ў бюлетэні будуць толькі кандыдаты ад праўладных партый, то і сэнсу ў галасаванні няма.
— Ну хіба што па прыколе прагаласаваць, — кажа чытач. — Але калі туды дзякуючы магіі дапусцяць зялёных або якіх-небудзь самавылучэнцаў з ідэяй, якая мне спадабаецца, то прагаласую за іх.
Імені свайго дэпутата Мікіта не ведае, але затое ўжо прыкідвае, за каго можна будзе пакінуць голас. Называе Дзмітрыя Кучука — кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя», які 20 лістапада паведаміў, што будзе ўдзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
— Радуе, што ёсць чалавек (магчыма, самагубца), які пасля 2020 года і пачатку вайны будзе рабіць нешта карыснае для грамадзян, — лічыць ён.
Стаўленне 37-гадовага мінчука Сяргея да адзінага дня галасавання простае:
— Буду прытрымлівацца пазіцыі, якую прапануюць дэмакратычныя сілы, — каротка кажа ён. А на пытанне пра цяперашняга дэпутата з усмешкай адказвае, што паняцця не мае, хто гэта і чым ён займаецца.
«Выкажу сваю волю даступным мне метадам»
Жыхар Бараўлянаў Анатоль кажа, што на выбары ходзіць заўсёды і лічыць гэта сваім грамадзянскім абавязкам, «нягледзячы на вынікі». Мужчыну 47 гадоў.
— На мінулых выбарах у Нацыянальны сход я прыйшоў галасаваць за паўгадзіны да закрыцця ўчастка. Там не было нікога, — апісвае ён. — Сябры камісіі тады ўзрадаваліся хоць нейкаму наведніку і актыўна шукалі маё прозвішча ў спісах. А яны былі пустыя, практычна без подпісаў. Наш выбарчы ўчастак абслугоўваў некалькі тысяч чалавек, але, мяркуючы з колькасці подпісаў за выдадзеныя бюлетэні, на кворум там ніяк не цягнула. Ну ўсё, падумаў тады, што выбары не адбудуцца. Але не, на наступны дзень у навінах убачыў, што ўсе дэпутаты абраныя неабходнай колькасцю галасоў. Стала зразумела, што ЦВК у цэлым пляваць на колькасць тых, хто прыйшоў, на іх рэальнае волевыяўленне. У іх ёсць свой план, і яны паводле яго ідуць.
Мужчына лічыць, што ў наяўнай сістэме, калі ўслед за ЦВК немагчыма праверыць падлік бюлетэняў, гаварыць пра сумленныя вынікі складана. Нават міліцыя, якая знаходзіцца на ўчастку, не сочыць за тым, каб не было фальсіфікацый, а толькі глядзіць за парадкам.
— Усяму гэтаму я атрымаў пацверджанне на выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе, — працягвае чытач. — Таму выбары ў Беларусі да волевыяўлення людзей не маюць ніякага дачынення. Але на ўчастак у лютым я пайду, гэта мой абавязак як грамадзяніна. Выкажу сваю волю даступным мне метадам.
Прозвішча сваёй дэпутаткі Анатоль ведае з навін, а характарызуе яе так: «Дасведчаная, не першы тэрмін ужо там».
— Але ніколі не бачыў і не чуў, каб яна займалася нашымі патрэбамі. Пісалі неяк калектыўны зварот ад таварыства ўласнікаў жылля з просьбай узяць на дэпутацкі кантроль пытанне якасці пітной вады ў нашых дамах (часта бывае, што яна кававага колеру). Але, як вы разумееце, нічога не памянялася. Хоць подпісы паставілі больш чым трыста чалавек, — заключае мужчына.
З Анатолем згодны і 30-гадовы мінчук Іван: варыянт байкоту ён называе дурным, бо такі расклад створыць «цяплічныя ўмовы для чыноўнікаў, якія ім так неабходныя».
— Ідэальны сцэнар, каб непатрэбныя людзі сядзелі дома, а патрэбныя прыйшлі і прагаласавалі за правільнага чалавека, — упэўнены ён. — У выпадку адсутнасці незалежных кандыдатаў я ўсё роўна пайду галасаваць «супраць усіх» і лічу, што гэта трэба зрабіць усім. Як мінімум так мы пакажам чальцам выбаркама і настаўнікам у камісіях, што іх падлікі не супадаюць з выніковымі пратаколамі. І што іх не 90%, як увесь час расказваюць у паралельным сусвеце беларускага тэлебачання.
На мінулых парламенцкіх і мясцовых выбарах Іван не галасаваў і імёнаў сваіх дэпутатаў не ведае. Як і чытачка Ірына з Брэста. Жанчыне 53 гады, і стаўленне да адзінага дня галасавання яна выказвае ёміста:
— Хочацца не ісці, а калі ісці, то сапсаваць бюлетэнь. А імені свайго дэпутата я не ведаю і ведаць не хачу.
50-гадовы Андрэй са Жлобіна імя свайго дэпутата ўспамінае не адразу, але ўсё ж называе — Ігар Волкаў. А вось пра яго дзейнасць чытач нічога не ведае.
— На гэтыя выбары, як і на наступныя, ісці не збіраюся, — заяўляе ён. — Не бачу сэнсу, бо мой голас нічога не вырашае цяпер у гэтай краіне.
Чытайце таксама


