Беларускім уладам будзе складаней даведацца пра польскія карані — па адзнацы ў візе ўжо нельга будзе зразумець, што ў чалавека, які перасякае мяжу, ёсць карта паляка. Пра гэта паведамляе выданне Rzeczpospolita.
Дагэтуль беларусы з картай паляка атрымлівалі візу з лічбай 18 на візавым стыкеры, што палягчала іх ідэнтыфікацыю. Цяпер жа МУС Польшчы ўнесла змены ў працэдуру выдачы віз замежнікам. Гэта звязана з тым, што расце колькасць рэпрэсій у дачыненні да беларусаў з картай паляка. Пасля ўнясення зменаў ім будзе прысвоены нумар 23 у візавым стыкеры. Такія візы выдаюцца, у прыватнасці, удзельнікам праграмы Poland Business Harbour, іх сем’ям, а таксама турыстам з неназванымі мэтамі.
— Дастаткова адзін раз перасекчы мяжу на падставе такой візы, каб стаць аб’ектам увагі ўладаў. Рэжым стварае базы дадзеных людзей з польскімі каранямі. У такіх людзей могуць быць непрыемнасці на працы, асабліва калі яны працуюць у дзяржаўным сектары, напрыклад у адукацыі. Польская нацыянальная меншасць — пагроза для рэжыму, — лічыць экспертка юрыдычнай фірмы WKB Wiercinski, Kwiecinski, Baehr, адна з кіраўнікоў Усходняга аддзела Ганна Маціеўская.
Пры гэтым яна падкрэслівае, што змены ідуць у правільным кірунку. Людзі з картай паляка змогуць рэалізоўваць свае правы ў Польшчы, але без рызыкі раскрыцця гэтага факту беларускім уладам.
Новыя палажэнні будуць распаўсюджвацца на новыя заяўкі, а таксама на тыя, якія былі пададзеныя, але не разгледжаныя да ўступлення пастановы ў сілу.