Міністэрства ўнутраных справаў прызнала праваабарончы цэнтр «Вясна» «экстрэмісцкім фарміраваннем», паведамляецца ў набліжаным да ГУБАЗіК тэлеграм-канале.
«За арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб — група грамадзян, аб’яднаных пад назвай „Вясна / Правы чалавека ў Беларусі“ з усімі філіяламі (усяго больш за 30 рэсурсаў), прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем», — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, у ліпені Беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна» стаў лаўрэатам прэстыжнай прэміі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у галіне правоў чалавека за 2023 год.
У 2022 годзе старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.