Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Уроженца Беларуси расстреляли за отказ участвовать в «мясном штурме» на Донбассе — проект «Хочу жить»
  2. На трассе в Варшаве автобус с беларусами и украинцами перевернулся на бок и влетел в столб, есть пострадавшие
  3. На рынку нерухомасці ў Мінску чакаюцца перамены — экспертка расказала, што можа змяніцца і што на ім адбываецца цяпер
  4. Летом введут существенные изменения, которые могут повлиять на толщину ваших кошельков. Посмотрите, касается ли это вас и ваших родных
  5. КГК и прокуратура пожаловались Лукашенко на растраты в важной для него сфере. «Зеркало» получило закрытые документы — что в них
  6. Для кіроўцаў з'явілася змяненне, пра якое лепш ведаць на выпадак ДТЗ
  7. МЗС Літвы адказала на прапанову Беларусі аднавіць рух пасажырскіх цягнікоў паміж краінамі
  8. Помнік пратэсту ў цэнтры Мінска. Успамінаем, як увесь горад выйшаў на вуліцы патрабаваць вызвалення палітвязняў — і трапіў пад агонь
  9. На свободу вышел фигурант дела «о попытке госпереворота» Юрий Зенкович
  10. Лукашенко на переговорах с Путиным оправдывался за георгиевскую ленточку
  11. У траўні будзе тры выходныя дні запар. Што пра гэта важна ведаць работнікам і наймальнікам
  12. Зеленский: «Россия что-то готовит в Беларуси этим летом»
  13. Мобильные операторы вводят изменения для клиентов. Есть смысл изучить их, если для вас важно сохранить свой номер телефона
  14. Кремлевские чиновники продолжают угрожать НАТО, вероятно, чтобы подготовить население России к будущей агрессии — ISW
  15. «Аперацыі могуць быць прыпыненыя». Адзін з банкаў папярэдзіў кліентаў, што лепш паведамляць пра паездкі за мяжу
  16. Один из иностранных банков ввел новые ограничения для беларусов. Они оказались масштабнее, чем сообщалось ранее
  17. В Офисе президента Украины пояснили, что имел ввиду Зеленский, когда сказал, что Россия «что-то готовит в Беларуси этим летом»
  18. Каким будет курс доллара в самую короткую рабочую неделю года? Прогноз по валютам
  19. Ёсць праблема з пенсіямі, пра якую кажуць нават афіцыйныя прафсаюзы. Паглядзелі, якая з ёй сітуацыя
Читать по-русски


Днямі ў Івацэвічах затрымалі п’янага расійскага вайскоўца на аўтамабілі з Z-сімволікай. Гэта не першы выпадак, калі ў Беларусі заўважаюць людзей, якія адкрыта падтрымліваюць Расію ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны. Пагаварылі з беларусамі, якія сутыкаліся з Z-патрыётамі на працы, у коле сяброў і нават ва ўласнай сям'і.

Эшалон з расійскай тэхнікай у Беларусі. Фота: «Ваяр»

Імёны суразмоўцаў змененыя.

Антон, 37 гадоў: «З пачаткам вайны сваякоў нібыта падмянілі»

Амаль усе сваякі маёй (фактычна ўжо былой) жонкі — фанаты рускага свету. Цешча, цесць, дзядзька жонкі, яго дзеці, сама жонка.

Спачатку іх погляды мелі досыць умераны характар. Але з пачаткам вайны сваякоў нібыта падмянілі — з’явіліся страшная агрэсія і нецярпімасць да любога іншага пункту гледжання, пастаянныя абразы ў адрас апанентаў (нават патэнцыйных).

Асабліва агрэсіўна паводзіла сябе цешча. Ёй 65 гадоў. Чалавек савецкай загартоўкі з пастаяннай настальгіяй па Савецкім Саюзе. Гэта дзіўным чынам спалучаецца з праваслаўем. Фанатка традыцыйных каштоўнасцяў, патрыярхальнага выхавання (у тым ліку рукапрыкладства). Злосны, часам жорсткі і помслівы чалавек, вельмі валявы і катэгарычны. Яна трымае пару крамак у сельскай мясцовасці. Кожны дзень слухае крамлёўскіх прапагандыстаў.

Памятаю, аднойчы жонка з цешчай накінуліся на мяне за вячэрай:

— Ты, здавалася б, разумны і глыбокі чалавек, як жа ты не разумееш, што Украіна сама вінаватая? Няўжо ты не разумееш, што Украіна — гэта поле бітвы паміж Расіяй і калектыўным Захадам? А як жа наконт таго, што ўкраінцы забіваюць і катуюць усіх палонных, каструюць іх і ўсё такое? Не было ніякай Бучы, усё гэта пастаноўка, танная і бачная голым вокам! У цябе мазгі прамытыя!

Я ўжо тады звярнуў увагу, што прыхільнікі рускага свету заўсёды гавораць аднымі і тымі ж фразамі, нібы запісанымі на магнітафон.

Жонка яшчэ падчас пандэміі падсела на супольнасць Аляксандры Машковай-Благіх (адна з лідараў расійскага руху супраць вакцынацыі і «ў абарону сям'і і правоў вернікаў». На сваёй старонцы ў VK падтрымлівае агрэсію Расіі супраць Украіны. — Заўв. рэд.). Тады яе пазіцыя супраць вакцынацыі была блізкая і мне, але падыходы да выхавання дзяцей і прарасійскія погляды я не падзяляў. Жонцы ж, на фоне росту рэлігійнасці і клопату пра нашага сына, гэтыя ідэі сталі сугучныя.

Наогул амаль уся яе сям’я вельмі захапляецца псеўдарэлігійнымі практыкамі.

Погляды дзядзькі жонкі — грымучая сумесь з астралогіі, акультызму, пакланення Расіі і нянавісці да ўсяго заходнееўрапейскага. Пад дзядзькаў уплыў трапілі і яго дзеці, нягледзячы на малады ўзрост.

Але на сваяках жонкі не скончылася. Мой бацька жыве ў Расіі. Аднойчы ўвечары ён даслаў мне паведамленне: «Шкада, што ты фашыст».

Часам мы з ім стэлефаноўваемся. Калі ён цвярозы, нам абодвум хапае такту ўнікаць вострых тэмаў у размове. Але ў пятніцу ўвечары бацька трохі расслабляецца, і тады, калі ён тэлефануе мне, навыкі такту і камунікацыі праяўляю я адзін.

Паступова я пачаў пазбягаць сваякоў жонкі, а з ёй разышоўся. Розніца ў светапоглядзе адыграла велізарную ролю.

З сынам працягваю размаўляць, часам наведваю яго. Я вельмі спадзяюся, што характарам ён пайшоў у мяне і будзе супраціўляцца гвалтоўнаму ўплыву сям'і. Часам мяне наведваюць песімістычныя думкі, і я думаю, што такім людзям, як сваякі жонкі — з духоўнымі «скрэпамі», — жывецца прасцей. У іх свеце ўсё вельмі лёгка і зразумела: зразумелыя законы і куміры. Такі ўтульны загон.

Але калі б мне прапанавалі выбар: пазбавіцца маіх перакананняў і вярнуць сям’ю назад ці пакінуць усё як ёсць, — я ўсё роўна выбраў бы апошняе. Як сказаў нехта з паэтаў, «за любоў я аддам усё, але за свабоду аддам і любоў».

Ігар, 28 гадоў: «Расійскія салдаты здзіўляліся, што „кактэйль Молатава“ прыдумалі не расіяне, а фіны»

Я працую ў музеі ваеннай гісторыі. З лета 2022 года да нас на экскурсіі хадзілі расійскія салдаты. Групы па 40−50 чалавек пару разоў на тыдзень.

Гэта была вельмі размаітая публіка. Некаторыя ў вайсковай форме, некаторыя — у спартовых касцюмах з расійскай сімволікай. Афіцэры, кантрактнікі, тэрмінавікі. Шмат жыхароў поўдня Расіі і Далёкага Усходу.

Мы паказвалі ім экспазіцыю, прысвечаную гісторыі Беларусі: бітва на Нямізе, гісторыя ВКЛ, перыяд Расійскай імперыі, першая сусветная, грамадзянская і Вялікая Айчынная войны.

У расіян вялікую цікавасць выклікаў аповед пра пакт Молатава — Рыбентропа і пра тое, як Савецкі Саюз і Рэйх сумесна захапілі Польшчу ў 1939 годзе. Часта на гэтым моманце яны спрабавалі ўклініцца ў аповед экскурсавода, паспрачацца (хоць мы папярэджваем, што для абмеркаванняў адводзіцца час пасля тура па залах). Тэзісы стандартныя: маўляў, Савецкі Саюз вяртаў свае тэрыторыі, страчаныя падчас першай савецка-польскай вайны. Супрацоўніцтва СССР з фашысцкай Германіяй расіяне не каментавалі. Пра Катынскі расстрэл (масавае пакаранне польскіх афіцэраў у Катынскім лесе пад Смаленскам у 1940 годзе) ніхто з іх не чуў (ці рабіў выгляд, што не чуў).

Расійскія салдаты вельмі здзіўляліся таму факту, што кулямёт «Максім» вынайшлі не рускія, а брытанцы і ў Першую сусветнай вайну яго выкарыстоўвалі арміі розных краін. Яшчэ больш здзіўляліся таму, што «кактэйль Молатава» таксама прыдумалі не рускія, а фіны.

Сёлета расійскіх салдат у музеі я ўжо не бачыў. Іх змянілі беларусы: з вайскоўцаў, у асноўным памежнікі. А яшчэ мясцовае народнае апалчэнне. Вось там сустракаліся фанаты Савецкага Саюза і рускага свету.

Кінулася ў вочы, што апранутыя апалчэнцы былі дзіўна: нейкія камуфляжныя формы 90-х гадоў. Перад уваходам замарудзіліся — я сказаў: «Спадарства, не стаім — праходзьце ў залу, калі ласка». Адзін з іх запатрабаваў казаць не «спадарства», а «таварышы». Іншага «таварыша» вельмі абурыў аповед пра «ўвод савецкіх войскаў у Афганістан для кантролю над яго тэрыторыямі». Бо быў не «кантроль», а «дапамога». Пазней ён пагражаў прыйсці і праверыць, каб для яго дзяцей напісалі «правільную экскурсію».

Сярод наведнікаў перыядычна сустракаю людзей у вопратцы з Z-сімволікай. Часам гэта дзеці.

Павел, 22 гады: «У выпадку канфлікту з Расіяй вельмі малаімаверна, што ён зойме бок Беларусі«

Нядаўна сустракаліся з хлопцамі, з якімі разам служылі. Адзін з іх, як выявілася, топіць за рускі свет.

Нашая служба ў войску якраз прыпала на 2020 год. Выбары, пратэсты. І калі мой таварыш спачатку быў за Лукашэнку на 100%, то ў канцы ў сваім выбары ён ужо быў не так упэўнены. Адыгралі ролю і падзеі ў краіне, і нашыя абмеркаванні палітыкі.

Самае цікавае, што ён не дурань і цалкам адукаваны чалавек. Добра ведаў гісторыю Беларусі: ад Полацкага княства да сучаснасці. Пры гэтым падчас нашых размоваў заўсёды захапляўся Сталіным і Савецкім Саюзам.

І вось вясной мы сустрэліся, і ён кажа: я заўсёды быў за Расію і Пуціна. Я паспрабаваў высветліць прычыны.

З ягоных тэзісаў: ва Украіне несамастойны ўрад, ушчамляліся расіяне, нацыяналісты спалілі расіян у Адэсе, восем гадоў Данбас бамбілі і хацелі напасці на Расію.

Малайзійскі «Боінг» збіла Украіна. Міжнароднае расследаванне чытаў — не пераканала, бо камісія ігнаравала бок Расіі і не хацела супрацоўнічаць з ёй.

Адзіны аргумент, які яго прымусіў хоць трохі задумацца, — падабенства паміж атакай Расіі на Украіну 24 лютага і пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.

У канцы вечара мы ўбачылі застаўку Z на яго тэлефоне. Ён сказаў, што падтрымлівае вайну і Расія ўсё робіць правільна.

Самае сумнае ў гэтай гісторыі тое, што мой знаёмы дагэтуль служыць у войску па кантракце. У выпадку канфлікту з Расеій вельмі малаімаверна, што ён зойме бок Беларусі.

Чытайце таксама