Працэс у дачыненні да Святланы Ціханоўскай, Марыі Мароз, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай і Сяргея Дылеўскага пачаўся 17 студзеня ў 10.00 у Мінскім гарадскім судзе. Пра гэта паведамляецца ў раскладзе паседжанняў на сайце Вярхоўнага суда.
Усе абвінавачаныя па крымінальнай справе знаходзяцца за мяжой. Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская гэтымі днямі бярэ ўдзел у Сусветным эканамічным форуме ў швейцарскім Давосе.
Завочны суд над сабой яна назвала «фарсам» і «помстай» з боку Аляксандра Лукашэнкі. Яна таксама заявіла агенцтву AFP, што ёй не далі доступу да судовых дакументаў.
«Гэтыя судовыя працэсы — зусім не судовыя працэсы. Гэта шоу, фарс, і да правасуддзя гэта не мае ніякага дачынення», — заявіла Ціханоўская.
Лідарка беларускай апазіцыі таксама адзначыла, што звязалася са сваім прызначаным судом адвакатам, але ён так і не адказаў.
«Я нават не ведаю, што мой так званы адвакат будзе рабіць на гэтым судзе, як ён збіраецца мяне абараняць, — дадала яна. — Я не ведаю, колькі будзе доўжыцца гэты суд, колькі дзён, але я ўпэўненая, што мяне асудзяць да многія гады турмы».
На першым судовым паседжанні стала вядома, што Павел Латушка даслаў заяву, у якой заявіў адвод свайму адвакату, перадае БЕЛТА.
У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца, што абвінавачаны тым самым дае ведаць, што з адвакатам пагадненне не заключаў і просіць пра яго адвод, а таксама запатрабаваў даць магчымасць ажыццяўляць абарону самастойна. Яго абаронца падтрымаў хадайніцтва. Сваё меркаванне абгрунтаваў тым, што адвакат мусіць падтрымліваць меркаванне і пазіцыю свайго падабароннага і не можа яму супярэчыць.
Астатнія абаронцы прапанавалі пакінуць гэтае пытанне судовай калегіі. Дзяржаўны абвінаваўца лічыў немагчымым задаволіць хадайніцтва, бо ў дадзеным выпадку ўдзел абаронцы абавязковы.
Судовая калегія, параіўшыся, хадайніцтва Латушкі пра адвод адваката пакінула без задавальнення.
Дыпламаты краін Еўрасаюза 17 студзеня прыязджалі да Мінскага гарадскога суда, каб выказаць салідарнасць з абвінавачанымі. Пра гэта паведаміла амбасада Германіі ў Беларусі:
«Дыпламат амбасады Германіі, а таксама дыпламаты прадстаўніцтваў іншых краін ЕС у Беларусі сёння прыбылі да будынка суда да пачатку працэсу, каб выказаць сваю салідарнасць з абвінавачанымі. Шматлікія рэпрэсіі беларускіх уладаў па палітычных матывах з’яўляюцца парушэннем міжнародных абавязанняў, якія Беларусь сама бярэ на сябе, з’яўляючыся, да прыкладу, сябрам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе».
Каго ў чым абвінавачваюць?
Святлану Ціханоўскую абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі:
- ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 292 (падрыхтоўка да захопу і ўтрымання будынкаў і збудаванняў, спалучаная з пагрозай нанясення грамадзянам цялесных пашкоджанняў, з мэтай прымусіць дзяржаўны ці іншы орган, юрыдычную або фізічную асобу ці групу асобаў учыніць альбо ўстрымацца ад учынення якога-кольвек дзеяння як умовы невыканання пагрозы);
- ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады);
- ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
- чч. 1 і 2 арт. 361−1 (стварэнне экстрэмісцкіх фарміраванняў і кіраўніцтва імі, учыненыя паўторна);
- ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, фізічных і юрыдычных асобаў Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт);
- ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, скіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асобаў);
- ч. 1 арт. 356 (іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі і іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, скіраванай на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве);
- ч. 4 арт. 16 і арт. 382 (арганізацыя і кіраўніцтва самавольным прысваеннем звання і ўлады службовай асобы, спалучаныя з удзелам на гэтай падставе ў перамовах і іншых сустрэчах з прадстаўнікамі замежных дзяржаваў, замежных і міжнародных арганізацый, у паседжаннях міжнародных арганізацый);
- ч. 2 ст. 191 (перашкаджанне працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, камісій па рэферэндуме, здзейсненае з прымяненнем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове);
- ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і іншае матэрыяльнае забяспечанне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства, а таксама арганізацыя здзяйснення названых дзеянняў і кіраўніцтва імі).
Паўла Латушку абвінавачваюць па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі:
- ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
- ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, фізічных і юрыдычных асобаў Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт);
- чч. 1 і 2 арт. 361−1 (стварэнне экстрэмісцкіх фарміраванняў і кіраўніцтва імі, учыненыя паўторна);
- ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, скіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб);
- ч. 4 арт. 16 і арт. 382 (арганізацыя і кіраўніцтва самавольным прысваеннем звання і ўлады службовай асобы, спалучаныя з удзелам на гэтай падставе ў перамовах і іншых сустрэчах з прадстаўнікамі замежных дзяржаваў, замежных і міжнародных арганізацый, у паседжаннях міжнародных арганізацый);
- ч. 2 ст. 191 (перашкаджанне працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, камісій па рэферэндуме, здзейсненае з прымяненнем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове);
- ч. 3 арт. 426 (наўмыснае ажыццяўленне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, што пацягнула нанясенне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), здзейсненае з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці асобай, якая займае адказнае становішча, што пацягнула цяжкія наступствы);
- ч. 3 арт. 430 (прыняцце службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцяў, якія даюцца выключна ў сувязі з займаным службовым становішчам, за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю, за выкананне ў інтарэсах даўцы хабару і асобаў, якіх ён прадстаўляе, дзеяння, якое гэтая асоба мусіла або магла ажыццявіць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў (атрыманне хабару), у буйным памеры, учыненае асобай, якая займае адказнае становішча).
Дзеянні Вольгі Кавальковай беларускія ўлады кваліфікавалі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі:
- ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт);
- ч. 1 арт. 361−1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем ці яго структурным падраздзяленнем);
- ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці, учыненае групай асоб);
- ч. 2 арт. 191 (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме, альбо рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, альбо працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме, камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата, учыненае групай асоб па папярэдняй змове).
Сяргея Дылеўскага абвінавачваюць па трох артыкулах:
- ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады);
- ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы, учыненыя з выкарыстаннем СМІ ці інтэрнэту альбо тыя, якія пацягнулі цяжкія наступствы);
- ч. 1 арт. 361−1 КК (стварэнне альбо кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем).
Марыи Мароз выстаўленыя наступныя абвінавачанні па чатырох артыкулах:
- ч. 1 арт. 13 ч. 1 арт. 292 КК (падрыхтоўка да захопу будынкаў і збудаванняў);
- ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
- ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады);
- ч. 4 арт. 16 ч.2 арт. 342 КК (суўдзел у якасці кіраўніка ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).