Галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава і генеральны дырэктар «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Людміла Чэкіна чакалі суда ў СІЗА паўтара года. А Эдуард Бабарыка вось ужо два з паловай гады знаходзіцца ў ізалятары, дату суда над ім дагэтуль не прызначылі. Такое выпрабаванне цяпер праходзяць многія беларусы, якіх пасадзілі за іх перакананні. Раней пра ддоўгае знаходжанне ў СІЗА таксама можна было пачуць ад людзей, якія праходзілі па іншых артыкулах. Мы спыталі былых зняволеных, дзе дні мінаюць лягчэй. У гэтым тэксце будуць гісторыі двух беларусаў: адзін сядзеў пасля пратэстаў, другі — задоўга да іх.
Імёны суразмоўцаў змененыя з меркаванняў бяспекі, мы таксама не агучваем іх узрост і некаторыя факты што да зняволення. Усе гэтыя звесткі ёсць у рэдакцыі.
«Калі параўноўваць з тым, што Салжаніцын апісваў у сваіх кнігах, — новай была толькі дзірка ў падлозе замест вядра з парашай»
Увосень 2021-га Алега асудзілі па «палітычным» артыкуле — далі паўтара года калоніі. Пасля абвяшчэння прысуду мужчына яшчэ месяц чакаў, пакуль той набудзе моц, і знаходзіўся ў СІЗА № 6 У Баранавічах. Там спачатку пабыў у новым корпусе. Як кажа суразмоўца, паказальным, «у плітцы». Але гэта хутка змянілася, і ён адчуў на сабе тыповае стаўленне да палітвязня з боку адміністрацыі.
— Перакідвалі з камеры ў камеру, а потым я паскардзіўся на адсутнасць правоў у мяне і за гэта трапіў у падвал. Гэта падлога з цэменту, волкасць. Нам нават сказалі яе не мыць, таму што яна не высыхае і заўсёды мокрая. Столі ў камеры высокія — жахліва холадна. Днём усе апраналіся цяплей — штаны спартыўныя, майка, швэдар, цэлы дзень адціскаешся, прысядаеш, на шпацыр сходзіш. Перад адбоем уцяпляешся — яшчэ адну майку пад швэдар, яшчэ адны шкарпэткі, другія штаны. І хаваешся з галавой, таму што жудасна холадна: высунеш ноччу галаву з-пад коўдры — і пара ідзе з рота, — успамінае Алег.
Потым мяне перавялі ў стары корпус, яго яшчэ называюць стайняй. Я жартаваў: Вось, кажу, зоаабаронцы даўно даказалі, што жывёл тут утрымліваць нельга, а цяпер тут жывуць людзі. Умовы — проста жах. Ведаеце, вось калі параўноўваць з тым, што Салжаніцын апісваў у сваіх кнігах, — новае толькі тое, што замест вядра з парашай — дзірка ў падлозе.
Праз артыкул мужчыну хутка паставілі на прафулік. Сабралі камісію з псіхолагаў, супрацоўнікаў і адміністрацыі калоніі, і ўсе аднагалосна прагаласавалі за тое, каб прызнаць яго «схільным да экстрэмісцкай і дэструктыўнай дзейнасці». За гэта — таксама асаблівае стаўленне з боку аховы. Палітычныя, успамінае Алег, нават спаць у камеры мусілі толькі на другім ярусе нараў.
— Тлумачылася гэта тым, што цябе ў акенца павінныя добра бачыць. Даходзіла да таго, што трэба было спаць з рукамі толькі на коўдры, — кажа ён. — А супрацоўнікі там былі ўсякія: адны спакойныя, іншыя спрабавалі ўступаць у дыскусію. Былі і ахвяры Азаронка. Такія спрабавалі расказваць, якая ў нас цудоўная краіна. Але мы і самі іх правакавалі, бывала. Вось 17 верасня мы замест прывітання правяральнікаў павіншавалі з днём народнага адзінства і спыталі, калі нас адпусцяць ужо. Яны сказалі дзякуй, — смяецца мужчына.
У ізалятары праз перакідванне з адной камеры ў іншую людзі вакол часта мяняліся, трапляліся іншыя палітычныя, і з многімі Алег добра камунікаваў. Але ў цэлым, кажа, з камунікацыяй там цяжка.
— Ты там абмежаваны ў зносінах — класна, калі цябе трапіўся добры сукамернік, разумны, з якім ёсць пра што пагаварыць. Але часам трапляюцца і «аднаклетачныя». Каб вытрымаць там, патрэбная сіла духу.
«Нам тлумачылі, што калонія — малая зона „пабудовы камунізму“»
Пасля ўступлення прысуду ў сілу мужчыну адправілі ў шклоўскую калонію № 17. Там новых асуджаных сустрэлі канваіры з сабакамі. Усім давялося шэсць гадзін прабавіць у «стакане» пад «ровам і крыкам». Можна было толькі стаяць, забаранялася абапірацца на сценкі. Да вечара ахова правяла ва ўсіх ператрусы, выкінула частку прывезеных з сабою прадуктаў і выдала адзежу і абутак. Алег маральна падрыхтаваў сябе да адбывання тэрміну.
— Я ведаў, што ў гэтай калоніі сядзеў Вітольд Ашурак (палітвязень памёр у сценах установы ў траўні 2021 года. — Заўв. рэд.), таму забіў у сабе сваё «я». На каранціне нам пачалі тлумачыць, што гэта ўзорная калонія і тут цалкам забілі ўсё злодзейскае, тут няма цыгарэт, адчужэння прадуктаў харчавання — тут малая зона «пабудовы камунізму». Нас навучылі правільна гаварыць свой даклад (свае звесткі, артыкулы, тэрміны) і вітацца з супрацоўнікамі кожны раз, як яны зайшлі ў пакой, нават калі яны тут ужо былі. Памятаю, потым на прамзоне, калі начальнік схаваўся за калонай, а потым з’явіўся з іншага боку, трэба было зноў з ім вітацца і гаварыць поўны даклад. За дзень гэта ўсё можна было прагаварыць разоў 30−40. Хоць часам супрацоўнікі нават самі спынялі нас.
Пасля каранціну Алега перавялі ў барак. Там іншыя асуджаныя адразу патлумачылі, што правілы, агучаныя на каранціне ў калоніі насамрэч не дзейнічаюць. Прынялі мужчыну добра.
— Асуджаныя — не іншапланетнікі, яны такія ж людзі, як і ў звычайным жыцці, таму як сябе паставіш, так да цябе і будуць ставіцца. За год там я не атрымаў ніводнай мянушкі — мы звярталіся адзін да аднаго па імені і імені па бацьку, — тлумачыць суразмоўца. — Першы месяц чалавека, які падняўся ў атрад, не ставяць на дзяжурствы, уборку, днявальным. Кажуць, што трэба «раскумарыцца» (адаптавацца. — Заўв. рэд.), і гэта сапраўды так, таму што, трапіўшы ў лагер (тут і далей суразмоўцы так называюць папраўчую калонію. — Заўв. рэд.), ты адразу адчуваеш сябе быццам на волі. Ты бачыш неба, а, напрыклад, з другога паверха ў бараку можна ўбачыць лінію гарызонту, лес за плотам… Ты можаш пакурыць, калі хочаш, пагаварыць з кім заўгодна, выйсці на вуліцу, пагуляць па лакальным участку. Ты расхаджваешся, таму што ў камеры не было ніякага руху, хоць вы і спрабавалі рабіць нейкія прысяданні, адціскаліся. А хадзіць тут даводзілася шмат: у сталоўку, на працу. Я лічыў, што выходзіла па пяць-сем кіламетраў. А ад «артапедычнага» абутку з’яўляюцца мазалі, праблемы з нагамі.
«У лагеры дзень распісаны, час проста ляціць»
Атрад, у якім жыў і працаваў Алег, займаўся абслугоўваннем транспарту, таму ў яго быў нядрэнны па мерках калоніі заробак.
— Выходзіла каля 18 рублёў у месяц. Калі я бачыў Паўла Севярынца, ён казаў, што атрымліваў 80 капеек, а некаторым часам «плацілі» літаральна 1 капейку. Вісела яшчэ абвестка: «Вы ж працуеце, калі хочаце падтрымаць блізкіх, можаце адправіць гэтыя грошы ім». Такі здзек, — успамінае мужчына.
Алег кажа, што ў палітычных у ПК № 17 было больш дзяжурстваў, часцей даводзілася прыбіраць памяшканні або лакальны ўчастак, але дадае: за працай тэрмін ішоў хутчэй. У адрозненне ад ШІЗА, куды мужчына, як і многія беларусы, што сядзяць за свае перакананні, часта трапляў за «парушэнні»:
— У пачатку зімы я ў атрадзе неяк не так аблізаў вусны, і мне сказалі, што я размаўляю ў страі. Я адказаў, што гэтага не было. І на мяне склалі дакументы за размову ў страі, потым спрэчкі з супрацоўнікам і ўступленне ў гутарку з ім без дакладу і прывітання. Іншым разам напісаў жонцы ў лісце, што адчуваю сябе тут не асуджаным, а палонным. Потым у дакуменце пра чарговае парушэнне мне напісалі, што я трымаў рукі ў кішэнях. Так што ў СІЗА быў рэгулярна.
Сядзеў у адзіночцы. Там, у адрозненне ад самой калоніі, дзе гімн трэба было толькі слухаць раніцамі, прымушалі яго спяваць. Гэта цяжка: ты спіш на адшпіленых жалезных нарах, прачынаешся, а 3-й ночы ад холаду, а ў цябе проста ўсё цела ў некіравальных канвульсіях, ногі дрыжаць. І пачынаеш расхаджвацца, адціскацца, каб неяк сагрэцца. Калі я трапіў туды другі раз, то ўжо ведаў, што трэба штаны запраўляць у шкарпэткі, каб было цяплей, а з туалетнай паперы можна зрабіць падушку: заварочваеш у ручнік і кладзеш пад галаву.
Як кажа Алег, у ШІЗА адпраўляюць усіх зняволеных, але палітычныя — у прыярытэце. Такіх у штрафным ізалятары, паводле яго падлікаў, каля 80%.
— Палітычных забіраюць нават за размовы паміж сабой. За такімі там — пастаянны кантроль. Операм становіцца вядома ўсё: колькі разоў мы ходзім у прыбіральню, што курым, з кім размаўляем, — тлумачыць мужчына. — Нават ужо будучы пакараным, чалавеку ў ШІЗА лёгка зноў «правініцца» і зарабіць дадатковыя «суткі». Калі прыходзяць з праверкай, цябе ставяць тварам да сцяны на расцяжку, усе глядзяць. За няправільны даклад (напрыклад, спачатку тэрмін назваў, а толькі потым артыкулы) або пыл у камеры — дадуць «суткі». Не павітаўся, заснуў удзень — таксама. І так можна некалькі месяцаў не выходзіць адтуль.
Ежы там даюць трохі больш, той жа кашы, але кожны раз я там толькі страчваў вагу — па 6−10 кг. І калі чалавека падымалі ў атрад з ШІЗА, адразу былі бачныя запалыя вочы і «мярцвяцкі загар». Не трэба было пытаць, дзе ты быў, хварэеш ці не — усё было зразумела. За час у ПК я схуднеў на 50 кг. Калі на волі фатаграфаваўся на візу, у мяне спыталі: «У вас анкалогія, так?»
Нягледзячы на ўсё гэта, мужчына кажа, што ў калоніі адчуваў сябе вальней, чым у СІЗА.
— Нездарма ж у ізалятары дзень залічваецца за паўтара (гэтыя нормы пачалі прымяняцца ў Беларусі ў чэрвені 2021 года, да гэтага дзень лічыўся за дзень. — Заўв. рэд.), у СІЗА нашмат цяжэй! У лагеры час проста ляціць: ты прачнуўся, паслухаў гімн, зрабіў зарадку, ёсць праца — туды-сюды, і ўжо адбой хутка. Яшчэ трэба прыгатаваць нешта, рэжымныя мерапрыемствы ўсякія. Цэлы дзень распісаны, часам нават не хапала часу адказаць на лісты. Можна было хадзіць на стадыён, у нядзелю — у царкву, хоць потым туды перасталі пускаць палітычных, каб не збіраліся разам і нічога не абмяркоўвалі. Але ў цэлым у калоніі мы размаўлялі, падтрымлівалі адзін аднаго. А калі хтосьці за цябе перажывае, гэта вельмі дапамагае.
У СІЗА ў цябе тры, пяць ці нават 12 чалавек — усё тваё кола зносін, а ў атрадзе — ужо 70, і людзі розныя, ёсць і цікавыя, пісьменныя. Хтосьці цікавіцца спортам, філасофіяй, мовамі. Можна было заказваць і чытаць кнігі. Я змог перачытаць шмат цікавай літаратуры. Яе яшчэ і можна было выбіраць, у адрозненне ад бібліятэкі ізалятара, дзе ў асноўным гартаў дэтэктывы, каб проста заняць час.
«Я цяпер чытаю ў навінах, як затрыманыя бавяць „суткі“, на СІЗА сядзяць, — паверце, у нас было гэтак жа»
Андрэй з бытам беларускага СІЗА пазнаёміўся яшчэ ў 2017 годзе. Міліцыя затрымала яго з марыхуанай. Тады ў Беларусі людзі, якія трапілі за краты паводле крымінальнага артыкула 328 (незаконны абарот наркотыкаў або псіхатропаў), былі на асаблівым рахунку. Як цяпер палітычныя. І Андрэй, аказаўшыся ў камеры следчага ізалятара, надоўга развітаўся са свабодай. У СІЗА ён правёў больш за год: першыя некалькі месяцаў — у Жодзіне, астатнія — на Валадарскага ў Мінску.
— Як толькі ў вас на руках зашпільваюцца кайданкі, вы перастаяце быць чалавекам, грамадзянінам — пазбаўляецеся ўсялякіх правоў. І стаўленне да вас адпаведнае. Нармальны зварот аховы да цябе — «тулава», «гэй, чалавек». Камеры на Валадарцы вельмі цесныя, рамонту ў іх не было (хоць нам казалі, што ён там нядаўна прайшоў). Уявіце сабе тыповую аднапакаёвую кватэру з нарамі ў тры ярусы пад самую столь, і там кругласутачна знаходзяцца 25 чалавек. У памяшканні дазвалялася курыць, адпаведна, уверсе заўсёды збіраецца дым, — апісвае мужчына ўмовы ў мінскім СІЗА. — Я сядзеў у старым корпусе ў паўпадвальным памяшканні. Акно было пад столлю, і з яго быў відаць асфальт. Узімку мы падваконне выкарыстоўвалі як лядоўню. Тады было немагчыма холадна, усе спалі ў трох парах шкарпэтак, нацягвалі капюшоны. Колькі гадоў ужо прайшло, а ў мяне нібыта мерзне галава, таму што я прывык там спаць у капюшоне.
У Жодзіне камеры заўсёды былі перапоўненыя: «Не хапае месца? Нічога, яшчэ тры-чатыры чалавекі ўлезуць». Нечувана вузкія сталы, і на іх таксама спалі людзі. Туалетная папера скончылася — «прыдумайце што-небудзь». У калоніі ты можаш пайсці і, груба кажучы, стрэльнуць такія рэчы, ёсць абшчак, там заўсёды цыгарэты, чай, прадметы гігіены. У нас былі прагулкі, але ў дворыку таксама вельмі цесна.
Нас вадзілі ў душ раз на тыдзень. На Валадарцы можна было хаця б правесці там ад 45 хвілін да 1,5 гадзіны. І мы сціраліся, галіліся, мыліся нармальна. А ў Жодзіне на ўсё давалі 15 хвілін.
Паводле Андрэя, зняволеным па «наркатычных» артыкулах пасылкі і лісты ішлі ў апошнюю чаргу. Разам з ім такіх у СІЗА было шмат, як і «эканамічных».
— У камерах СІЗА ўсе ў адной бядзе, таму ўзаемаадносіны добрыя. Са мной сядзелі эканамісты, адвакаты, бізнесоўцы, шмат дактароў. Хтосьці за хабар, хтосьці за нявыплату падаткаў, ну і за наркотыкі, — тлумачыць Андрэй. — Нас стараліся трымаць у камеры асобна ад адкрытых крымінальнікаў. Але на Валадарцы да нас стаўленне было больш-менш чалавечным — моцна не тыранілі. Таму што гэта Мінск. Там у камерах людзі разумныя, з адвакатамі, і ў адміністрацыі яшчэ быў невялікі страх скаргаў — што пачнуцца пракурорскія, міністэрскія праверкі. Хоць гэта і фількіна грамата. Прыязджала вялікае начальства, пытала, што не так, абяцала прыняць меры. І на гэтым дзверы зачыняліся, і ўсё ішло як раней.
Мужчына кажа, што ў гады, калі ён сядзеў, на Валадарцы зняволеныя маглі камунікаваць паміж камерамі, нават можна было крыху паспаць удзень: адміністрацыя закрывала на гэтае «парушэнне» вочы. Але больш пра такія паблажкі збоку наглядчыкаў не згадвае:
— Тады, як я ведаю са словаў сукамернікаў, там сядзеў нейкі аўтарытэтны крымінальнік, і на турме былі «дарогі» — сродкі міжкамернай сувязі. Людзі маглі неяк камунікаваць, хоць і з асцярогай: невядома, праз якія камеры праходзяць твае запіскі. Але пра такія рэчы ўсе зняволеныя просяць на волі не расказваць. Таму што калі «добрае» выходзіць на агульны агляд, гэта ўскладняе побыт. Калі ў тым самым Жодзіне правілы ўнутранага распарадку ўключаюцца на поўную катушку, пачынаецца, па сутнасці, катаванне. Чалавека маглі прымусіць з пад’ёму да самага адбою ппраседзець на крэсле, практычна не ўстаючы, не лічачы прагулкі ў пракуранай камеры.
Я цяпер чытаю ў навінах, як затрыманыя бавяць «суткі», на СІЗА сядзяць, — паверце, нічога не памянялася, у нас было гэтак жа. Проста людзі трапілі ў гэтую сістэму, і яны ў шоку, што такое наогул можа быць: банальная просьба ў туалет схадзіць проста ігнаруецца, выклікаць доктара, калі тэмпература, — таксама.
«У СІЗА мышцы і лёгкія атрафіруюцца, вы становіцеся белым, а лагер яшчэ трэба заслужыць»
Доўгі пастаяннае знаходжанне ў адным памяшканні без прагулак і сонечнага святла адбіваецца на здароўі, кажа Андрэй:
— Уявіце, вы седзіце год у аднапакаёвай кватэры. Нават калі вашая скура смуглявая, яна становіцца белай, вы становіцеся белым. Калі адміністрацыя перашкаджае атрыманню перадач з дому, рацыён там самі разумееце які. Жывёл, напэўна, лепш кормяць, хатніх сабак — дык дакладна. Людзі худнеюць, пры гэтым расце жывот. Яшчэ адсутнасць вітаміну D — адпаведна, развіваецца бессань, дэпрэсія. Я адтуль вынес панічныя атакі і бруксізм (міжвольны спазм жавальных мышцаў, скрыгатанне зубамі падчас сну, можа з’явіцца ў тым ліку на фоне стрэсу. — Заўв. рэд.).
Мышцы і лёгкія там атрафіруюцца, людзі выходзяць вельмі слабымі. Памятаю свой першы паход у сталоўку ў калоніі. У мяне дыхавіца была ўжо праз 200 метраў, і так некалькі дзён, пакуль не нармалізавалася. Вось чытаю, што цяпер адбываецца з Эдуардам Бабарыкам, іншымі вязнямі, якія ўжо па два гады сядзяць, — выдатна ўяўляю, што там адбываецца і як сябе адчуваюць людзі. Так, можна трымацца і ў чатырох сценах рэальна заставацца свабодным, але фізічна, ментальна для здароўя гэта ўсё вельмі цяжка.
У пастаяннай адсутнасці асабістай прасторы мужчына навучыўся занурацца ў свае думкі і абстрагавацца. Разважанні дапамагалі трымацца доўгія месяцы.
— У думках я збягаў ад усяго гэтага. Ратавалі ўсведамленне, што твой дух не зламаны, прыемныя ўспаміны і ўнутранае самастварэнне. Там ад цябе адлятае ўсё наліплае — побыт, прывязанасць да тэлефона, камфорту, машыны. Нічога гэтага цяпер у цябе няма і няхутка з’явіцца. Спачатку ты жывеш турмой, яе законамі. Потым разумееш: начальнік прыйшоў і палаяў — гэта ён у турме. А ты насамрэч на волі, таму што ён — як сабака, а ты вольны сэрцам, думкамі, духам, хоць і цела тваё ў засценках. Я ўспрымаў час у СІЗА як манастыр. Перагледзеў жыццё, правёў самааналіз. А лёс мне ў патрэбны момант даваў людзей, якія маглі падтрымаць. У камеры заўсёды знойдзецца нехта, хто цябе падтрымае.
Галоўнае не ўпадаць у адчай і роспач, таму што ў СІЗА вельмі цяжка. Са мной сядзеў чалавек, які там знаходзіўся ўжо трэці год — дзяржава патрабавала з яго шмат грошай. І ён ужо проста маліўся, каб яго адпусцілі ў лагер, казаў, што больш не можа тут знаходзіцца. На што яму сказалі, што лагер яшчэ трэба заслужыць.
«У калоніі мы глядзелі кіно, але гэта проста трошкі мадэрнізаваны ГУЛАГ»
Калі ў размове пераходзім да калоніі, Андрэй адразу кажа, што ў параўнанні з СІЗА гэта «неба і зямля». Хоць яго накіравалі ў ПК № 22, якую называюць «Воўчыя норы» і лічаць самай жорсткай.
— Калі ты трапляеш у лагер — Божа, гэта ж свабода! Там адносна свабоднае перамяшчэнне, можна выйсці на двор пакурыць. Наогул, ёсць вольны час — ідзі шпацыруй па лакальным участку на свежым паветры. Гэта тэрыторыя дзесьці 100−150 метраў, але пасля шпацырнага дворыка, дзе 25 чалавек і асабліва не паходзіш, гэта вельмі шмат. Таму ў цябе пашыраецца інфармацыйная, асабістая прастора. Для вернікаў прыязджаюць святары, дзесьці ёсць царква.
Мяняецца род дзейнасці, таму што з’яўляецца праца на прамзоне. У нас была дрэваапрацоўка. Фізічная праца там цяжкая, але з шасцігадзіннага працоўнага дня мы працавалі ад сілы гадзіны дзве. Потым — «начальнік, я стаміўся». Адвільвалі пад рознымі падставамі. На заробку гэта таксама адбівалася: першы раз мне заплацілі 6 капеек, потым даходзіла да двух рублёў. Але адміністрацыя стараецца і гэтыя драбкі адабраць — напрыклад, патрабуюць пералічыць у фонд атрада, і ты добраахвотна-прымусова адмаўляешся нават ад такіх грошай. Увогуле, на цыгарэты або чай там ты не заробіш.
Калі Андрэй знаходзіўся ў «Воўчых норах», для асуджаных там ладзілі «мінімальную культурную праграму». Для арганізацыі хоць якога вольнага часу, па яго словах, на тэрыторыі больш опцый, чым у СІЗА.
— Там добрая бібліятэка, таму што людзям дасылаюць кнігі. Можна паглядзець тэлевізар, пачытаць газету, можаце пасядзець пагутарыць з сябрамі. На атрадзе ёсць кіно. І ў нас хутка з’яўляліся ўсе навінкі, мы глядзелі ўсё найлепшае, спампаванае з торэнта. Можна займацца спортам, нават неяк паправіць сваё здароўе. Увогуле, у калоніі нейкі варушняк. Мяне кожны зразумее, хто там аказваўся. Чытаю цяпер: чалавеку даюць год, два, тры. Гэты час для іх у калоніі праляціць хутка. А ў СІЗА нічога такога няма і ўсё зусім інакш.
Былы вязень кажа, што ва ўсім гэтым першы час чалавек можа адчуваць сябе на адноснай свабодзе. Пакуль яго не пачынае з’ядаць новы тыповы побыт.
— Але калі ўжо пачынаеш занурацца ў гэта ўсё, разумееш, што гэта проста трошкі мадэрнізаваны ГУЛАГ. Па-іншаму гэта нельга назваць, — кажа Андрэй. — Цябе асабліва за чалавека не лічаць. Бясплатная праца, адпаведна, нізкаякасная. У СІЗА ты мог хаця б насіць сваю вопратку, а тут табе — агіднай якасці форма, якая можа праз паўгода ці два месяцы парвацца, за гэта яшчэ і пазбавяць спаткання. А калі ты па «асаблівым» артыкуле (спачатку былі мы, па «наркатычных», цяпер іншыя — палітычныя, але стаўленне такое ж) — гэта ніякіх доўгіх спатканняў на трое сутак, якія табе належаць па законе. Даюць толькі адны суткі. За любую драбнюткую правіннасць пазбаўляюць пасылкі. У звычайнага чалавека не ўкладваецца ў галаве, як так можа быць.
Суразмоўца кажа, што падчас яго тэрміну практыка адпраўляць зняволеных у ШІЗА за любую дробязь, якую адміністрацыя палічыць парушэннем, таксама была нормай. Сам ён у штрафны ізалятар не трапляў, але шмат чуў пра яго ад іншых:
— Гэта называлася «паставіць на адстрэл» — за чалавекам пільна сачылі. Убачылі незашпілены гузік — і ўсё. Хлопцы расказвалі, што ў ШІЗА — проста лаўка, матрацы забіраюць, летам — горача, зімой — вельмі холадна. Ні цыгарэт, ні чаю, ні перадач, ні турэмнай крамы. І яно было пастаянна перапоўненае. Таму я стараўся моцна не адсвечваць, не лезці куды не трэба, і мяне неяк пранесла.
Усе свае тры гады ў калоніі Андрэй правёў у асноўным з такімі ж, як і ён сам, асуджанымі па 328-м артыкуле. Па яго словах, гэта было падобна да вялікага некіравальнага піянерскага лагера. Яго атраду нават змякчылі правілы.
— Была такая вольніца: можна хадзіць у іншыя атрады, ісці і піць чай. Звычайна гэта строга забаронена. У іншых калоніях было зусім па-іншаму: гэта асобны барак для ўсіх, ператрусы калі не раз на тыдзень, то кожныя два. Прычым забіралі ўсё: ад паўлітровых слоікаў, з якіх нашмат прыемней піць чай, чым з пластмасавай тары, да іголак і манікюрных нажніц. А пра спатканні нельга было і марыць. Цяпер мае знаёмыя, якія вызваляюцца з 22-й калоніі, кажуць, што тое самае адбываецца з палітычнымі. Але калі іх пачалі завозіць, то адразу сялілі асобна. І для асаблівага стаўлення адміністрацыі, і каб астатнія не нахапаліся ідэй і не даведаліся, што насамрэч адбывалася.
«Я нібыта сяджу з гэтымі людзьмі на суседніх нарах»
Андрэй выйшаў на волю летам 2020-га, калі пратэсты ўжо пачыналіся. І тады тое, што адбываецца вакол, яго шакавала, таму што пра тое, як рэальна ішла падрыхтоўка да выбараў, якімі былі настроі ў беларусаў, у калоніі ніхто нават не чуў.
— На волі я даведваўся пра ўсё паступова, і ў мяне, напэўна, ад радасці варушыліся валасы на галаве: няўжо ў нас наогул такое магчыма за ўсе гэтыя гады?! Таму што ў калоніі — інфармацыйны вакуум, — расказвае мужчына. — Нейкія навіны мы даведваліся з «Белгазеты», нешта — з тэлефонных званкоў, нешта людзі прыносілі са спатканняў. У некаторых былі мабільныя тэлефоны, але на іх людзі хутчэй гулялі ў азартныя гульні, перапісваліся з дзяўчатамі, чым нешта чыталі. Таму маштаб таго, што адбываецца, ніхто не ўяўляў.
Да жыцця пасля зняволення давялося адаптавацца, як і да новай рэальнасці — што цяпер затрымліваюць за погляды. Калі ў СМІ пачалі ўсё больш пісаць пра ўмовы, у якіх утрымліваюць людзей за палітыку, мужчына пачаў пазнаваць усё, што прайшоў калісьці сам:
— Калі я выйшаў, першы час здавалася, што я дагэтуль у гэтай робе, чаравіках, з біркай і ўсе глядзяць на мяне і бачаць зэка. Праз паўгода мяне пачало адпускаць, і цяпер я амаль пра гэта не ўспамінаю. Але на псіхіцы заключэнне адбілася. Як я ўжо казаў, са мной засталіся панічныя атакі, бруксізм, псіхозы, хоць я навучыўся з гэтым спраўляцца. Зрабіўся дысцыплінаваным, зразумеў цану слова. І цяпер людзі, якія сядзяць за гэтае слова, спадзяюся, зразумеюць, што гэта самая магутная зброя і толькі ім варта змагацца.
Цяпер людзей садзяць паўсюдна, таму ў грамадстве больш гэтым цікавяцца — пазнаюць, жахаюцца. А калі нас пачкамі заграбалі па 328-м, нікога гэта не хвалявала. Нікому не цікавая трагедыя асобнага чалавека: «Трапіўся — і скардзіцца». Але насамрэч жудасныя ўмовы за кратамі былі заўсёды — проста цяпер гэта выходзіць на паверхню.
Калі я чытаю ўсе гэтыя навіны, успамінаю свой досвед — і нібыта сяджу з гэтымі людзьмі на суседніх нарах. Хочацца ім проста сказаць, што рана ці позна ўсё гэта скончыцца, і, як бы гэта цяжка ні было, свабода — непазбежная.