Крымінальную справу па артыкуле аб здрадзе дзяржаве распачалі ў дачыненні да Дзмітрыя Гуліна, які да 2012 года служыў ва Узброеных сілах Беларусі. Сюжэт пра яго выйшаў на тэлеканале «Беларусь 4», піша «Вясна Брэст».
Пасля службы мужчына доўгі час жыў і працаваў у Ташкенце. У сюжэце на «Беларусь 4» паведамілі, што пасля 2020 года Гулін нібыта «стаў агентам украінскіх спецслужбаў», за што быў затрыманы.
На камеру сам Дзмітрый Гулін расказаў, што ўкраінцаў цікавіла размяшчэнне расійскіх частак на тэрыторыі Беларусі.
— Чым займаюцца, адкуль ажыццяўляюць запускі ракет — уся тэма была ваенная абсалютна, — сказаў затрыманы.
Паводле версіі следства, Гулін таксама адпраўляў «звесткі пра камандныя пункты, аб’екты інфраструктуры і размяшчэнне вайсковых злучэнняў Беларусі». У дачыненні да Гуліна распачалі крымінальную справу аб дзяржаўнай здрадзе. Санкцыя часткі першай артыкула 356 прадугледжвае ад сямі да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.