Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Я разумею пункт гледжання Пуціна». «Люстэрка» пабывала на выступе Барака Абамы ў Польшчы — расказваем
  2. Если вы устали от холодного мая — плохие новости, стабильное тепло придет нескоро. Прогноз погоды на следующую неделю
  3. «Наша Ніва»: Следам за «Еўраоптам» вобшукі адбыліся і ў «Дабраноме»
  4. «Старшим медсестрам угрожали уголовными делами за график дежурств». Что происходит в беларусском здравоохранении — рассказы с мест
  5. «С точки зрения силовиков, работа — удобное место». Как сейчас задерживают «за политику» и кто в зоне риска — рассказываем
  6. Сустрэча завершаная — перамовы ўкраінскай і расійскай дэлегацый у Стамбуле доўжыліся каля дзвюх гадзін
  7. «Зніклі ўсе абмежавальнікі». Навошта беларускія вайскоўцы спявалі на Краснай плошчы хвалебную песню пра Лукашэнку — меркаванне аналітыка
  8. Эксперты: Кремль расширяет территориальные претензии — на переговорах в Стамбуле впервые прозвучали требования по новым областям
  9. Пресс-секретарь Путина рассказал, при каких условиях возможна его встреча с Зеленским
Читать по-русски


/

Грамадзянін ЗША і Беларусі Юрый Зянковіч правёў у беларускіх турмах 1480 дзён. Яго абвінавацілі ў змове з мэтай дзяржаўнага перавароту, прыгаварылі да 11 гадоў пазбаўлення волі. Але 30 красавіка 2025 года яго выпусцілі. З Беларусі яго перавезлі спачатку ў Літву, а адтуль — у ЗША. У вялікім інтэрв'ю «Люстэрку» Зянковіч расказаў, чаму паверыў вайскоўцу, які нібыта планаваў пераварот, але працаваў на КДБ. Апісаў, як даваў інтэрв'ю прапагандыстам пад прымусам сілавікоў. І расказаў, як у ЗША яго сустракалі з вайсковымі ўрачыстасцямі.

Юры Зянковіч па прылёце на ваенную базу ў Тэхасе, ЗША. 30 красавіка 2025 года. Фота: Young Hoang, U.S. Department ofState
Юры Зянковіч па прылёце на ваенную базу ў Тэхасе, ЗША. 30 красавіка 2025 года. Фота: Young Hoang, U.S. Department of State

«Ведаў, што справа ідзе да заканчэння, са жніўня мінулага года»

— Калі на дзяржаўным тэлебачанні паказалі ваша інтэрв'ю за некалькі дзён да інаўгурацыі Дональда Трампа, то з'явілася надзея, што вас вось-вось выпусцяць. Але пасля Лукашэнка памілаваў іншага амерыканскага грамадзяніна, а таксама двух грамадзян Беларусі, якіх  таксама вывезлі ў Літву. У вас ёсць меркаванне, чаму гэтак адбылося?

— Так, у мяне ёсць не толькі меркаванне, але і пэўная інфармацыя пра хаду гэтых перамоў. Мяне не хацелі выпускаць, таму што, як было сказана, мяне там (у Беларусі. — Заўв. рэд.) лічаць чалавекам небяспечным, і таму амерыканскаму боку прапаноўвалі забраць каго-небудзь іншага.

Але паколькі грамадзяніна Украіны і Злучаных Штатаў (імя якога не было названа) ужо выпусцілі, то замест мяне амерыканцам прапаноўвалі яшчэ аднаго іх грамадзяніна Антона Роса, які нядаўна нелегальна перасёк мяжу Беларусі з кірунку Літвы. Але амерыканскі бок сказаў, што спадар Рос не класіфікаваны як чалавек, што незаконна ўтрымліваецца пад вартай. І таму ЗША зацікаўленыя толькі і выключна ў маім вызваленні. Тут ужо ў беларускага боку аргументаў не было. Таму, паколькі трэба было кагосьці аддаць, то ўжо аддалі мяне.

Я ведаў, што справа ідзе да заканчэння, са жніўня мінулага года. Гэта было ўжо толькі пытанне часу, усё рухалася ў добрым кірунку. А з 3 студзеня бягучага года, калі мяне прывезлі і змясцілі ў «амерыканцы» (следчы ізалятар КДБ. — Заўв. рэд.), дзе ў прынцыпе не знаходзяцца людзі, якія ўжо асуджаныя, я разумеў, што вызваленне можа быць з дня на дзень, або нават раней. Але вось гэта «з дня на дзень» расцягнулася на чатыры месяцы. Тым не менш лепш праз чатыры месяцы, чым пазней.

— Цягам гэтых чатырох месяцаў у СІЗА КДБ вы проста сядзелі ці адбываліся допыты, нейкія іншыя следчыя дзеянні?

— Ніякіх следчых дзеянняў у «амерыканцы» са мной не праводзілася, таму што ўсе следчыя дзеянні ўжо былі скончаныя, прысуды вынесеныя. Са мной быў зняты той фільм, які быў паказаны разам з журналістамі «Радыё Свабода».

Таксама быў зняты яшчэ адзін фільм, які ў выніку не пайшоў у эфір. У прынцыпе, я папярэджваў афіцэраў КДБ, якія са мной працавалі, што тэма пратухла. Яны хацелі, каб я распавёў пра USAID (Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці. — Заўв. рэд.). Гэта адбывалася ў той час, калі рашэнне па закрыцці праграм USAID тыдні два ўжо як было прынятае, не было цікавасці да гэтай тэматыкі.

Тым не менш сцэнар у іх быў напісаны, зацверджаны, таму трэба было зняць. Прыкладна ў другой палове лютага адбыўся запіс, гэта было ўжо ў гатэлі «Беларусь». Мне набылі яшчэ адзін камплект вопраткі, зусім іншы. Але ў эфір гэта ўжо не пайшло.

«Яны былі зацікаўленыя ў тым, каб я агучваў пэўныя тэзісы»

— Як гэтыя здымкі адбываліся, хто на іх прысутнічаў, акрамя прапагандыстаў? Там быў Канстанцін Бычак, кіраўнік следчага ўпраўлення і цяперашняя афіцыйная асоба КДБ?

— Прысутнічалі супрацоўнікі КДБ, але сам спадар Бычак такой драбязой не займаецца. Хоць, безумоўна, гэта праз яго праходзіць. Першы раз прысутнічаў следчы, які вёў маю справу, — спадар Акуліч.

Здымкам папярэднічала прагаворка ўсяго, што трэба сказаць у кадры, гэта было яшчэ ў кабінеце ў КДБ. За дзень-два да гэтага мяне прыводзілі ў КДБ, там сядзеў прадстаўнік тэлебачання, то-бок журналіст, які гэта робіць.

Юры Зянковіч дае інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлебачанню. Мінск, 17 студзеня 2025 года. Скрыншот відэа АНТ
Юры Зянковіч дае інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлебачанню. Мінск, 17 студзеня 2025 года. Скрыншот відэа АНТ

Яны былі зацікаўленыя ў тым, каб я агучваў пэўныя тэзісы. Нават давалі шпаргалку, бо шмат якой фактуры я мог не памятаць. Да пэўнай ступені яны са мной абмяркоўвалі змест, і можна было гандлявацца — я стараўся адмовіцца ад прамаўлення найбольш абразлівых і прыніжальных рэчаў.

Але не ўсё атрымалася — на некаторых тэзісах яны настойвалі, я павінен быў іх агучыць. Але ў асноўным стараўся на камеру гаварыць толькі агульнавядомыя рэчы, якія немагчыма інтэрпрэтаваць іначай. Гэта проста факты. Напрыклад, тое, што «Радыё Свабода» створанае ў 1950-х гадах, што яно фінансуецца з бюджэту Кангрэса Злучаных Штатаў, што гэтаму медыя забаронена працаваць на тэрыторыі ЗША. Усе гэтыя тэзізы і так усе ведаюць.

Як гэта ні дзіўна, за чатыры гады ў адносінах да мяне амаль не ўжывалі фізічны гвалт. Але ведаю, што ўжывалі да іншых людзей. Напрыклад, да таго ж Васіля Верамейчыка (экс-баец палка Каліноўскага, якога затрымалі ў В'етнаме. — Заўв. рэд.). Я бачыў ранкі на яго целе пасля здымак. Калі ён штосьці адмаўляўся гаварыць, яго проста выводзілі ў туалет і тлумачылі, што ён не мае рацыі і павінен сказаць, што ад яго патрабуецца.

— А як вам даводзілі неабходнасць здымак? Былі пагрозы іншага кшталту?

— Ведаеце, пагроз не было. Мне проста сказалі: «Юрый Леанідавіч, вы ж разумееце, што, пакуль вы тут знаходзіцеся, мы будзем вас выкарыстоўваць?» Я адказаў, што цудоўна гэта разумею, нават спрачацца не стаў.

З іншага боку, я таксама адчуваў, што для мяне гэта пэўны шанец паказаць, у якім фізічным стане знаходжуся, вярнуць маё імя і праблему ў парадак дня грамадства. Я моцна не супраціўляўся гэтым інтэрв'ю, нават пажартаваў і сказаў супрацоўнкам КДБ, што адно з першых пытанняў да мяне па вяртанні ў ЗША будзе пра тое, колькі я заплаціў за інтэрв'ю на БТ. Яны гумару не зразумелі, але акей. Тым не менш я сыходзіў з таго, што любое з’яўленне ў сродках масавай інфармацыі лепш, чым ігнор.

«Гэты тэзіс выразна гучаў некалькі разоў: Лукашэнка баіцца Трампа»

Юры Зянковіч абдымае жонку па прылёце на ваенную базу ў Тэхасе, ЗША. 30 красавіка 2025 года. Фота: Young Hoang, U.S. Department of State
Юры Зянковіч абдымае жонку па прылёце на ваенную базу ў Тэхасе, ЗША. 30 красавіка 2025 года. Фота: Young Hoang, U.S. Department of State

— Як праходзіў працэс памілавання? Колькі часу прайшло ад моманту, калі вы напісалі гэтую заяву да дня, калі даведаліся, што вас вызваляюць?

— Заяву на памілаванне я не пісаў. Калі ў верасні рабіліся здымкі ў прагулачным дворыку «амерыканкі» (тое інтэрв'ю, дзе я ў турэмнай робе), мне было сказана на камеру агучыць просьбу пра памілаванне і звярнуцца да кандыдатаў у прэзідэнты ЗША Дональда Трампа і Камалы Харыс.

Пасля гэтага сказалі, што больш нічога пісаць не трэба. Усё, што неабходна, ужо было агучана, і гэтае інтэрв'ю будзе праглядаць непасрэдна сам спадар Лукашэнка. Дадалі, што калі яму гэтае інтэрв'ю спадабаецца, то вялікі шанец, што ўсё будзе вырашана пазітыўна.

— Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант сказала, што вас адпусцілі паводле просьбы Вашынгтона. Ці вы ведаеце, якія ўмовы былі высунутыя Мінскам за гэта?

— Наколькі я ведаю, ніякіх умоў не было. З размоў у самалёце, пакуль мы ляцелі, я чуў, што інтэрпрэтацыя Вашынгтона такая: Лукашэнка, як і шмат якія іншыя дыктатары ў свеце, вельмі баіцца Трампа. І што гэты ягоны жэст выкліканы страхам і тым, што сітуацыя для яго можа скласціся яшчэ горш. Што пад гэтым маецца на ўвазе, я, канечне, ведаць не магу, таму што не дапушчаны да кулуараў замежнай палітыкі Злучаных Штатаў. Але гэты тэзіс выразна гучаў некалькі разоў: Лукашэнка баіцца Трампа.

Што датычыць непасрэдна самога хода памілавання, мне было агучана Іванам Церцелем (старшыня КДБ. — Заўв. рэд.) за дзень да таго, як мяне выпусцілі, што з верагоднасцю 99,9% ужо 30 красавіка будзе прынята рашэнне пра памілаванне. Але ніякіх дакументаў мне не ўручалі.

Я нават не атрымаў даведкі пра тое, што знаходзіўся ў месцах зняволення. Паводле закону гэта мае быць зроблена, але мне нічога не далі. Проста перадалі амерыканскаму боку.

Таксама мне так і не аддалі беларускі пашпарт. Яшчэ ў «амерыканцы» ў мяне папрасілі распіску, што я атрымаў два пашпарты, мне іх нават паказалі — амерыканскі і беларускі. Сказалі, што яны перададуць асобам, якія будуць мяне суправаджаць да мяжы, і там ўжо аддадуць.

Але на мяжы мне перадалі толькі амерыканскі пашпарт. Думаю, што гэта асабістае ўказанне Лукашэнкі, гэткая дробная гадасць на развітанне, якую ён зрабіў. Магчыма, ён мяне пазбавіў грамадзянства, але мне пра гэта не даводзілі. Нават такую прыгожую рэч, як вызваленне палітзняволеных, гэтыя людзі не могуць зрабіць да канца нармальна. Абавязкова павінна быць нейкае паскудства напрыканцы.

— Адчуваеце нейкія эмоцыі з той нагоды, што не маеце беларускага пашпарта?

— Гэта не мае значэння — ні юрыдычага, ні эмацыйнага. Я быў і застаюся грамадзянінам як Злучаных Штатаў, гэтак і Рэспублікі Беларусь. Ніхто ў мяне гэтага адняць не можа. Любыя ўказы, якія супярэчаць Канстытуцыі, раней ці пазней будуць адмененыя. Думаю, у мяне з гэтым не будзе праблем.

«Не шкадую пра тое, што зрабіў»

Юры Зянковіч падчас суда. Мінск, 29 ліпеня 2022 года. Фота: БелТА
Юры Зянковіч падчас суда. Мінск, 29 ліпеня 2022 года. Фота: БЕЛТА

— Давайце паразмаўляем пра «справу аб змове», паводле якой вас судзілі. Хочацца даведацца, што гэта насамрэч было. Разам з вамі судзілі Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуту, Вольгу Галубовіч і Дзяніса Краўчука. Таксама па справе праходзілі Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар. Вас сапраўды нешта аб’ядноўвала ці гэта былі выпадковыя сазвоны ў Zoom?

— Не, гэта не былі выпадковыя сазвоны ў Zoom. Яшчэ да выбараў 9 жніўня 2020 года праз маіх украінскіх калег і бізнес-партнёраў на мяне выйшлі людзі, якія заявілі, што яны — прадстаўнікі сілавых органаў, і папрасілі аб сустрэчы.

Такім чынам я пазнаёміўся з падпалкоўнікам Іванам Жураўскім, які на той час быў афіцэрам Генеральнага штаба. Пасля ў крымінальнай справе я бачыў яго паслужны спіс — ён сапраўды афіцэр Генштаба, а цяпер, наколькі я ведаю, ужо сышоў у адстаўку.

Жураўскі на момант, калі сустракаўся са мной, ужо быў агентам КДБ, які падпісаў згоду на супрацоўніцтва. А сустрэча праводзілася ў рамках аператыўнага эксперымента.

Падчас гэтай сустрэчы Жураўскі мне сказаў, што ёсць ідэя здзяйснення дзяржаўнага перавароту ў Беларусі. І што патрэбная кансультацыя людзей, якія ведаюць, як зрабіць так, каб краіна перайшла на мірныя рэйкі. Мне гэта было пададзена такім чынам: мы людзі ваенныя і ў гэтым не разбіраемся, нам патрэбныя спецыялісты.

Я стварыў працоўную групу. Падзяліўся з Дзмітрыем Шчыгельскім, Аляксандрам Фядутам. Пасля мы далучылі іншых — людзей, якія, як мне здавалася, разбіраюцца ў пэўных справах. Не ўсе яны з’яўляюцца выбітнымі спецыялістамі ў галіне палітыкі, але касцяк — Фядута, Шчыгельскі, я, Перапечка — гэта людзі, якія, як мне падавалася і падаецца да сёння, нешта разумеюць у тым, як робіцца палітыка і адбываецца трансфармацыя.

Уласна, увесь гэты так званы план тычыўся таго, што трэба рабіць праз, умоўна кажучы, дзве хвіліны пасля таго, як пераварот адбыўся. Ён сапраўды быў створаны і перададзены Жураўскаму. І потым фігураваў у матэрыялах крымінальнай справы.

Ад мяне патрабавалі хаця б тэзісна сказаць, як рабіць пераварот. Я адказаў, што не з’яўляюся афіцэрам ці хаця б звычайным вайскоўцам, гэта іх работа. Але мяне прасілі даць хаця б штосьці. Я ім параіў прачытаць кнігу Эдварда Лютвака «Дзяржаўны пераварот. Практычны параднік». Сказаў, што там усё напісана. Потым гэтая кніга была прад’яўленая ў якасці рэчавага доказу ў судзе, маўляў, гэта і ёсць той самы план перавароту, які я прапанаваў вайсковым здзейсніць.

— Не ўзнікала падазрэнне, што гэта аператыўная гульня?

— Ведаеце, узнікала. Мы пралічвалі розныя варыянты. Але паколькі ў нас не было механізму праверкі паказанняў, што называецца, мы не маглі спраўдзіць, кім гэты чалавек з’яўляецца.

Я разумею, што гэта крышачку авантурнае рашэнне, але мы сыходзілі з таго, што лепш патрапіць у турму за спробу змяніць сітуацыю ў краіне, чым адмовіць нармальным людзям у дапамозе і ў выніку згубіць час для Беларусі. Я ўсведамляў рызыку і свядома на яе пайшоў. У прынцыпе, не шкадую пра тое, што зрабіў.

— Пасля вашага затрымання вы бачылі Івана Жураўскага?

— Толькі ў судзе, дзе ён выступаў у якасці сведкі. У мяне была інструкцыя яго не чапаць. Суддзя яго таксама не чапаў. У прынцыпе, яму можна было задаць тысячу пытанняў, разваліць яго паказанні. Але каго гэта цікавіла?

— Палітолаг Павел Усаў мяркуе, што ўся гэтая змова была зрэжысіраваная расійскай ФСБ для большага ціску на Лукашэнку. Ці гэта так, як вы лічыце?

— Не, гэтая змова — цалкам распрацоўка беларускага КДБ. Прынамсі, гэта тое, што я бачыў па дакументах.

— Як вы лічыце, ці магчымы сілавы варыянт змены ўлады ў Беларусі цяпер?

— Давайце на гэтае пытанне я адкажу на прэс-канферэнцыі ў панядзелак, 12 мая. У мяне ёсць вельмі цікавая, сенсацыйная інфармацыя. Але пакуль хачу яе прытрымаць.

— На судзе вы адзіны прызналі віну цалкам. Гэта быў спадзеў на больш мяккі прысуд ці штосьці іншае?

— З красавіка да траўня 2021-га і да пасадкі самалёта Ryanair у Мінску на мяне аказвалі вельмі моцны ціск. Хацелі, каб я сыграў тую ролю, якую пазней адыграў Рома Пратасевіч.

Мне прапаноўвалі: «Дасі інтэрв'ю і выйдзеш на волю, у цябе ўсё будзе норм. Запісваем размову — на наступны дзень ты выходзіш. Хочаш — можаш застацца ў Беларусі, хочаш — можаш з’ехаць. Калі застанешся ў Беларусі — пераходзь на наш бок, атрымаеш пасаду, у цябе ўсё будзе добра». Цэлы месяц угаворвалі. Я сказаў, што на гэта не пайду, гэта для мяне непрымальна, і выбіраю сядзець у турме. Пасля затрымання Рамана Пратасевіча гэтыя спробы спыніліся. Мне нават сказалі, што я ўпусціў свой шанец.

Тады яны пачалі мяне вельмі моцна ўгаворваць падпісаць дасудовую здзелку (дасудовая дамова аб супрацоўніцтве. — Заўв. рэд.). Паводле заканадаўства Беларусі, калі падпісаная так званая дасудзебка і выкананыя яе ўмовы, то чалавек атрымлівае не больш за палову ад максімальнага тэрміна (звычайна не больш за дзве траціны, а ў асобных выпадках — не больш за палову. — Заўв. рэд.).

Я вельмі доўга гэтую прапанову таксама ігнараваў. І толькі ўжо пасля новага, 2022 года прыкінуў: «Уласна, а што я губляю? Ну, будзе гэтая „дасудзебка“. Кінуць — значыць, кінуць, горш сітуацыя не стане. А раптам яна спрацуе?» І я прыняў рашэнне, што калі так угаворваюць, то хай будзе. Відавочна, ім трэба было проста паставіць нейкую птушку ў сябе.

Паводле ўмоў «дасудзебкі» я павінен быў прызнаць усё абвінавачванне цалкам, а яго тэкст быў нібыта проста скапіраваны з Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Усё, што адносіцца да экстрэмісцкай дзейнасці, з’явілася ў мяне ў абвінавачванні. Калі непасрэдна ўжо на судзе ішоў допыт і суддзя спытаў, ці прызнаю я віну, я сказаў, што прызнаю ўсё, у тым ліку такія маразматычныя рэчы, як пастаноўка пад пагрозу дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Я прызнаў усё-ўсё, за выключэннем забойства Лукашэнкі, таму што мы яго ніколі сапраўды не планавалі — прагаворваліся пэўныя рэчы, але рашэнне было прынята, што чалавек павінен прымаць рашэнне сам: хоча ён далей жыць ці не. Гэта адзінае, што я адхіліў.

А ўсе астатнія віды экстрэмісцкай дзейнасці я прызнаў, і нават суддзя быў крышачку шакіраваны. Паглядзеў на мяне і кажа: «Скажыце, вы сябе не абгаворваеце?» Я даводзіў сітуацыю да абсурду сваімі прызнаннямі.

Фядута прызнаў часткова, не прызнаўшы частку пра пакушэнне на Лукашэнку і ягоных сыноў. Кастусёў быў у поўнай адмове ад усяго, не прызнаваў аніводнага пункту абвінавачвання. Ну, а ў выніку ўсе атрымалі плюс-мінус аднолькава. Гэтыя прызнанні ці адмовы ўвогуле ні на што не ўплывалі.

— За 1480 дзён, што вы правялі ў зняволенні, з якімі палітвязнямі вы перасякаліся?

— У мяне былі вельмі абмежаваныя магчымасці дзеля гэтага, таму што збольшага мяне трымалі ў адзіночках — у ШІЗА ці проста ў камеры самога. За перыяд з 15 ліпеня 2023-га па 30 ліпеня 2024-га, калі ў мяне змяніўся статус і я стаў арыштаваным ізноў паводле арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы). Гэты год я правёў у магілёўскай турме (не блытаць з магілёўскай калоніяй, гэта іншая ўстанова).

За гэты час у мяне было амаль 200 сутак ШІЗА і больш за 100 сутак галадовак — у тым ліку 57 сутак бесперапыннай галадоўкі з 14 лютага да 11 красавіка 2024 года. Таму магчымасцей сустракацца ў мяне асабліва не было.

Я ведаў, што праз сцяну ад мяне сядзеў Віталь Вайцяховіч (атрымаў 19 гадоў за нібыта спробу пакушэння на Алега Гайдукевіча. — Заўв. рэд.). Мы з ім перагаворваліся на працягу некалькіх дзён, а пасля, відаць, аператыўнікі зразумелі, што мы размаўляем, і нас раскідалі.

Таксама была ў мяне невялічкая магчымасць перагаварыць з Аляксандрам Ярашуком (прафсаюзны лідар, атрымаў чатыры гады. — Заўв. рэд.). Яго таксама трымалі ў суседняй камеры, але мяне на наступны дзень перавялі. Яшчэ падчас следства на Валадарцы я сустрэў Алеся Бяляцкага, здолеў павіншаваць яго з атрыманнем Нобелеўскай прэміі.

Але спіс тых, хто ўтрымліваецца ў магілёўскай турме, у мяне ёсць. Я сфарміраваў яго з некалькіх крыніц — па першае, гэта інфармацыя ад іншых вязняў, па-другое, у медыцынскай частцы я бачыў карткі некаторых людзей, яны проста ляжалі прозвішчамі дагары. Таксама атрымліваў інфармацыю ад некаторых ахоўнікаў. Скажу вам, што чым меншыя пагоны — тым больш адэкватныя людзі іх маюць.

«Мой знешні выгляд — вынік галадоўкі»

Юры Зянковіч у фільме дзяржканала ОНТ, які выйшаў 17 верасня. Скрыншот відэа "Беларусь 1"
Юры Зянковіч у фільме дзяржканала ОНТ, які выйшаў 17 верасня 2024 года. Скрыншот відэа «Беларусь 1»

— З відэа прапагандыстаў было відаць, што вы моцна скінулі вагу.

— Відэа, якое было апублікаванае ў верасні, здымалі ў апошнія дні жніўня. То-бок праз пяць месяцаў пасля заканчэння галадоўкі. Мой знешні выгляд на ім — гэта непасрэдны вынік галадоўкі.

Пасля гэтага мяне этапіравалі ў мозырскую калонію, дзе з харчаваннем значна лепей за магілёўскую турму. Паступова я пачаў прыходзіць у норму. У мозырскай калоніі мяне таксама трымалі ў ШІЗО, два месяцы — у камеры-адзіночцы.

Ужо ў «амерыканцы» мяне адразу змясцілі ў, як яны казалі, віп-камеру, дзе сядзелі дастаткова багатыя і вядомыя людзі. Я не хачу цяпер агучваць іх імёны, таму што гэта можа ім зашкодзіць. Толькі пра Васіля Верамейчыка магу казаць. Ён не з тых, хто багаты і ўплывовы, але тым не менш быў адным з нас.

Іншыя былі нашмат круцейшыя людзі, і ў іх былі вельмі добрыя перадачы. Мы жартавалі з хлопцамі ў камеры, што мяне да іх прывезлі на адкорм. Але я сядзеў два, тры месяцы, і нічога не адбывалася. Эмацыйна казаў: «Разумею, што мяне выпусцяць, але калі ўжо?» А хлопцы кажуць: «Рана, цябе спачатку трэба адкарміць, каб вярнуць у той форме, у якой бралі» (смяецца).

— Але такія хістанні вагі цела могуць быць шкоднымі для здароўя. Ці ўжо гатовыя вынікі даследаванняў, якія вы прайшлі ў ЗША?

— Дзякаваць богу, вынікі даследавання гавораць, што ў мяне ўсё ў парадку. Цяпер я нават у лепшым стане здароўя, чым было да арышту. Санаторый «КДБ Рэспублікі Беларусь» — вельмі добры спосаб для пахудзення і папраўкі здароўя. Але гэта жарт, як разумееце.

«На працягу пяці гадоў я маю права на аплату выдаткаў для рэабілітацыі»

Юры Зянковіч на вайсковай базе ЗША ў Тэхасе. 30 красавіка 2025 года. Фота: Young Hoang, U.S. Department of State
Юры Зянковіч на вайсковай базе ЗША ў Тэхасе. 30 красавіка 2025 года. Фота: Young Hoang, U.S. Department of State

— Як вас сустрэлі ў ЗША?

— Я быў нават крышачку шакаваны. Мяне сустрэлі з вайсковымі ўрачыстасцямі. У Тэхасе, дзе мы прызямліліся, мяне вітаў асабіста камандуючы вайсковай авіяцыйнай базы, у Вільні — амбасадарка Злучаных Штатаў.

Званілі высокапасадоўцы, віншавалі. Я быў сапраўды ўражаны, гэта, канечне, вельмі прыемна. Па горадзе, дзе я зараз знаходжуся, мяне з вайсковай базы да шпіталя прывезлі з эскортам матацыклістаў, са спыненнем дарожнага руху. У Амерыцы вельмі рэдка такое робяць.

Я вельмі ўдзячны прэзідэнту Дональду Трампу і дзяржаўнаму сакратару Марка Рубіа за тое, што яны для мяне зрабілі і працягваюць рабіць.

— Як выглядае працэс вашай рэабілітацыі ў ЗША?

— У ЗША ёсць спецыяльная праграма, распрацаваная для людзей, якія прайшлі праз такія выпрабаванні. Самае першае — гэта сустрэча, пасля — змяшчэнне ў шпіталь на абследаванне арганізма, прызначэнне неабходнага лячэння і праца з псіхолагамі. Як нам сказалі з жонкай учора, на працягу пяці гадоў мы маем права на аплату выдаткаў у любых псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, кансультантаў, усяго, што нам будзе патрэбна для рэабілітацыі. Дастаткова проста звярнуцца, і нам будуць прадстаўлены ўсе неабходныя паслугі. Безумоўна, гэта вельмі важна. Гэта нам дапамагае і цяпер, і ў будучыні будзе дапамагаць.

Юры Зянковіч абдымае жонку па прылёце на ваенную базу ў Тэхасе, ЗША. 30 красавіка 2025 года. Фота: Young Hoang, U.S. Department of State
Юры Зянковіч абдымае жонку па прылёце на ваенную базу ў Тэхасе, ЗША. 30 красавіка 2025 года. Фота: Young Hoang, U.S. Department of State

І вось гэты тэзіс, які хацеў агучыць: чым мы зараз можам дапамагчы тым людзям, якія вызваляюцца — гэта падумаць, магчыма, скансультавацца са Злучанымі Штатамі, Ізраілем і стварыць нешта падобнае для людзей, якія выходзяць з турмы. Таму што я сябе ўяўляю на месцы тых, хто выйшаў, але ў каго няма другога пашпарта. Ім няма на каго спадзявацца, працы няма, сем'і напалоханыя. З’язджаеш за мяжу — мовы не ведаеш, грамадства, не разумееш, што будзеш там рабіць. Гэта складаны псіхалагічны стан.

Дзякаваць богу, у мяне ёсць выдатная сям’я, якая мяне падтрымлівае. Я вельмі ўдзячны ўсім сваім сваякам, у першую чаргу сваёй жонцы Алёне. Тое, што яны для мяне зрабілі, — кавалак выдатнай працы. Плюс — у мяне ёсць другі пашпарт, веданне замежных моў, добрая прафесія. Я і так у добрым становішчы знаходжуся ў параўнанні з іншымі палітычнымі вязнямі. Дзеля таго, каб будаваць салідарнасць у грамадстве, мы павінны ўзяць пад апеку тых людзей, якія пацярпелі, таму што яны сядзяць за кратамі за ўсіх нас.

—  Як вы лічыце, вяртанне Дональда Трампа да ўлады — гэта добра для дэмакратычнай Беларусі ці дрэнна, з улікам спынення фінансавання для беларускай грамадзянскай супольнасці і медыя?

— Кароткатэрмінова гэта вельмі балюча, асабліва для тых, хто атрымліваў дапамогу Злучаных Штатаў. Але ў доўгатэрміновай перспектыве палітыка Трампа ў рэшце рэшт будзе карысная не толькі да Беларусі, але і ўсяго свету.

У нас нават пра гэта дыскусіі ў камеры былі, бо там сядзелі дастаткова дасведчаныя людзі. Цяпер магу сказаць, што маё разуменне палітыкі Трампа за тыя сто з невялічкім хвосцікам дзён, цалкам супала з прагнозамі.

З майго пункту гледжання, што ён цяпер робіць у дачыненні да Украіны і Расеі — гэта не больш чым тактычныя крокі, спроба заманіць Пуціна ў пастку, аб’яднаць усе сілы і прымусіць Еўрапейскі саюз больш дапамагаць Украіне. Падзеі пацвярджаюць, што так і адбываецца. Нягледзячы на тое, што нам здавалася, нібыта ў пэўны момант Трамп адмовіў Украіне ў дапамозе, ўсё вернецца на кругі свае. Украіна будзе прафінансаваная, вайна будзе скончаная, і перамога будзе за намі.

— Вас не было на волі чатыры гады. Як ацэньваеце бягучую палітычную сітуацыю ў Беларусі па абодва бакі мяжы?

— Вельмі расчароўвае тое, што людзі раз’яднаныя і расцярушаныя. Пастаянная грызня, дзяльба немаведама чаго — ці то грошай, ці ўплываў, ці нейкай віртуальнай улады.

Пакуль мы, беларускае грамадства, не створым адзіны фронт і не станем адзіным суб’ектам, у нас няма шанцаў на перамогу. Лепш за ўсё працаваць з праціўнікам, які расцярушаны. І беларускія спецслужбы, і асабіста Лукашэнка робяць усё дзеля таго, каб грамадства было раз’яднанае.

Салідарнае грамадства — гэта смерць рэжыма. Да таго часу, пакуль мы не здолеем аб’яднаць усіх праціўнікаў сённяшняй улады і Лукашэнкі незалежна ад іх палітычных поглядаў і перадгісторыі, у нас шансаў не будзе.