Раман Пратасевіч, у мінулым вядомы як галоўны рэдактар тэлеграм-канала NEXTA, а цяпер — як зваршчык, падзяліўся сваімі думкамі з прапагандыстам Рыгорам Азаронкам з нагоды блізкіх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У эфіры дзяржтэлеканала СТБ ён адзначыў, што абстаноўка ў краіне застаецца спакойнай, нягледзячы на тое, што набліжаецца асноўны дзень галасавання.

Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
«Выбары праходзяць спакойна, без якога-небудзь напружання. Людзі проста назіраюць за ўсім, што адбываецца, як за акварыумам, дзе ідзе „жабагадзюкінг“, і ўсім ужо даўно на гэта пляваць. Гэта, на маю думку, самае галоўнае. Спадзяюся, што і сам дзень галасавання пройдзе без эксцэсаў», — заявіў Пратасевіч.
На яго думку, усё будзе спакойна, «можа, вядома, і знойдуцца, але пара чалавек, не больш за тое, і надвор’я яны відавочна не зробяць».
«Таму я рады, што ўсё добра і ўсё спакойна, і я лічу, што нашая краіна ўжо даўным-даўно заслужыла цішыню і спакой», — дадаў Пратасевіч.
На пытанне пра свой удзел у выбарах ён пацвердзіў, што збіраецца прагаласаваць, але зробіць гэта датэрмінова. «Думаю, схаджу на ўчастак у пятніцу ці ў суботу, каб не ствараць лішняй нагрузкі на выбарчую камісію», — адзначыў ён.
Раман Пратасевіч — экс-рэдактар тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу». 23 траўня 2021 года самалёт, на якім ён ляцеў з расіянкай Соф’яй Сапегай з Афін у Вільнюс, прымусова пасадзілі ў Мінску.
Сапегу ў траўні 2022 года асудзілі на шэсць гадоў калоніі па справе «Чорнай кнігі Беларусі». Пасля 13 месяцаў зняволення яе памілавалі.
3 траўня 2023 года Пратасевіча асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі. 22 траўня таго ж года яго памілавалі.
Цяпер ён працуе зваршчыкам на Мінскім электратэхнічным заводзе (МЭТЗ) імя Казлова.