У траўні ў эканоміцы было занята 4 млн 112,2 тыс. чалавек, паведамляе Белстат. Гэта на 14,3 тыс. менш, чым месяц таму. Гэта чарговы антырэкорд. Тым часам у Беларусі працягвае прыкметна расці колькасць вакансій. Па гэтым паказчыку таксама зафіксаваны антырэкорд: да гэтага столькі работнікаў у нашай краіне яшчэ не патрабавалася.
У красавіку колькасць занятых у эканоміцы таксама скарацілася — на 11,3 тыс., а ў сакавіку і лютым — вырасла на 4,9 тыс. і 3,8 тыс. адпаведна.
Нагадаем, у Беларусі ў сярэднім за 2023 год занятых у эканоміцы было 4 млн 152,2 тысячы чалавек. Гэта на 167,4 тыс. менш, чым у 2020-м, вынікае са звестак Белстата.
Колькі работнікаў трэба наймальнікам
На 26 чэрвеня ў цэлым па краіне не хапае амаль 159,8 тыс. работнікаў. Столькі прапановаў ад наймальнікаў размешчана ў агульнарэспубліканскім банку вакансій. Гэта чарговы антырэкорд. Для параўнання: на 27 траўня ў цэлым па краіне патрабавалася крыху больш за 152 тысячы спецыялістаў і рабочых.
Нагадаем, раней эксперты адзначалі, што адна з асноўных прычын дэфіцыту работнікаў — міграцыя насельніцтва, у тым ліку з палітычных прычын.
Што чыноўнікі кажуць пра дэфіцыт кадраў
Вырашыць праблему з недахопам работнікаў у Беларусі не ўдаецца ўжо не першы год. Сярод прычын — ад’езд спецыялістаў на працу за мяжу, а таксама звальненні за палітыку.
Раней, 9 красавіка, Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся на дэфіцыт кадраў на заводах. Пры гэтым прамысловыя прадпрыемствы па-ранейшаму не хочуць браць на працу тых, хто засвяціўся па «палітычных» артыкулах.
А 5 траўня палітык заявіў, што ў Беларусі могуць увесці змены падчас будаўніцтва новага жылля. На яго думку, трэба ўзводзіць нерухомасць там, дзе ёсць дэфіцыт работнікаў. Таксама Аляксандр Лукашэнка даручыў чыноўнікам актыўней прыцягваць на працу людзей пенсійнага ўзросту.
У Мінпрацы раней прызнавалі, што на рынку працы ўтварыўся дысбаланс попыту і прапановы.
Чытайце таксама