У Эканамічным судзе Віцебскай вобласці завяршылі ліквідацыйную вытворчасць кампаніі «ММПЗ-груп». Гэта значыць, што фірму, прызнаную банкрутам, закрываюць. Нагадаем, завод кампаніі нацыяналізавалі паводле рашэння Аляксандра Лукашэнкі, а ўладальнікаў прыватнай кампаніі асудзілі.
Паседжанне пра завяршэнне ліквідацыйнай вытворчасці прайшло 27 снежня мінулага года ў Эканамічным судзе Віцебскай вобласці. «Усе мерапрыемствы, прадугледжаныя планам ліквідацыі даўжніка, на цяперашні час выкананыя», — заявіў у судзе антыкрызісны кіраўнік. Ён паведаміў, што за перыяд ліквідацыйнай вытворчасці спагнаў дэбіторскай пазычанасці з «ММПЗ-груп» на суму 246,1 тысячы рублёў. Пры гэтым пазычанасць перад крэдыторамі на суму больш за 10 млн рублёў з іх згоды спісалі.
Пасля ўсіх працэдур спагнання даўгоў на рахунку ў кампаніі засталося крыху больш за 7,2 тысячы рублёў. Іх заплацяць кіраўніку як узнагароду за працу. Дарэчы, «мама» Мёрскага завода — аўстрыйская кампанія ММРZ GmbH — патрабавала ў судзе, каб гэтага антыкрызіснага кіраўніка знялі.
Таксама аўстрыйская кампанія пярэчыла супраць завяршэння ліквідацыйнай вытворчасці. Яе прадстаўнік заяўляў, што кіраўнік не прыняў мер «для вяртання ва ўласнасць даўжніка неправамерна канфіскаванай маёмасці».
З рашэння суда вынікае, што прадстаўнікі аўстрыйскай кампаніі спрабавалі дабіцца, каб антыкрызісны кіраўнік абскардзіў спецыяльны ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 395-с «Пра вытворчасць металічнага ліста і белай бляхі» ад 10 лістапада 2022 года. Гэты дакумент, відавочна, не публікавалі ў адкрытым доступе. Паводле гэтага ўказа, як вынікае з рашэння суда, па сутнасці правялі нацыяналізацыю завода ў Мёрах — перадалі яго створанаму дзяржпрадпрыемству «Металапракатная кампанія», якая працуе пад брэндам Tinergy. У выніку аўстрыйцам не ўдалося абскардзіць указ Аляксандра Лукашэнкі праз Эканамічны суд Віцебскай вобласці.
У выніку суддзя вырашыў завяршыць ліквідацыйную вытворчасць. Таму кампанію трэба закрыць.
Аднак на гэтым судовыя разборкі не заканчваюцца. На 18 студзеня ў Эканамічным судзе Віцебскай вобласці прызначанае чарговае паседжанне. Пазоўнікі — ММРZ GmbH і «Беларусбанк». Прадмет спрэчкі — эканамічная неплацежаздольнасць (банкруцтва). Падрабязнасці наконт гэтага паседжання не паведамляюцца.
Як развівалася гісторыя з нацыяналізацыяй прыватнага завода
Бізнесовец Аляксей Кавалёнак і ягоныя партнёры запусцілі Мёрскі металапракатны завод у 2020 годзе. Інвестыцыі склалі 200 млн еўра. У тым жа годзе «ММПЗ-груп» заключыла спонсарскі кантракт з адной з галоўных гоначных каманд «Формулы-1» McLaren.
У чэрвені 2021 года, незадоўга да візіту на прадпрыемства ў Мёрах Аляксандра Лукашэнкі, сілавікі затрымалі яго кіраўнікоў. Пасля гэтага чыноўнікі ўзяліся «ратаваць» прадпрыемства. У выніку ў 2022 годзе ўсе актывы і даўгі Мёрскага металапракатнага завода перайшлі да новай дзяржаўнай фірмы, яе заснаваў «Белколермет». У жніўні мінулага года Аляксандр Лукашэнка заявіў пра нацыяналізацыю завода «ў сувязі з тым, што прыватнікі не выканалі свае абавязанні», тады палітык абурыўся, што «ідэальнае прадпрыемства ператварылі ў банкрута».
У лістападзе мінулага года завод у Мёрах перадалі створанаму дзяржпрадпрыемству «Металапракатная кампанія», якая працуе пад брэндам Tinergy. Яна падпарадкоўваецца «Белколермету». Кіраўніцтва прадпрыемства запэўнівае, што ў дзяржаўных руках завод працуе паспяхова, з «упэўненасцю ў заўтрашнім дні». Аднак паводле рашэння Саўміна прадпрыемства не публікуе фінансавай справаздачнасці.
Што да «Беларусбанка», то ён удзельнічаў у фінансаванні набыцця асноўнага тэхналагічнага абсталявання. У 2015 годзе кампанія брала крэдыт для фінансавання паставак тэхналагічнага абсталявання з Германіі. «Укладзеныя крэдытныя дамовы на агульную суму 106,2 млн еўра за кошт рэсурсаў нямецкага банка AKA Ausfuhrkredit-Gesellschaft mbH», — паведамляла прэс-служба банка. Для гэтага «Беларусбанк» прыцягваў рэсурсы нямецкіх банкаў. На заводзе ўдакладнялі, што крэдыты бралі на 10 гадоў «пад беспрэцэдэнтна нізкую працэнтную стаўку» і без прыцягнення гарантый урада Беларусі.
На аўкцыёне неаднаразова спрабавалі прадаць маёмасць «ММПЗ-груп» на суму амаль 1,5 млн рублёў. Апошні раз — 3 лістапада. Аднак таргі не адбыліся, не знайшлося ахвочых купіць маёмасць, вынікае з Адзінага дзяржаўнага рэестра звестак пра банкруцтва.
Чытайце таксама