Минздароўя ўвяло змены ў кошт стаматалагічных паслуг. У першую чаргу — на тэрапеўтычныя, хірургічныя і артадантычныя. Для гэтага ведамства падрыхтавала спецыяльныя разліковыя тарыфы, якія залежаць ад сярэдняй зарплаты медработнікаў, накладных і іншых выдаткаў. У Мінздароўя чакаюць, што складанае выдаленне зуба патаннее ў сярэднім на 42% (з 479 да 278 рублёў), а лячэнне сярэдняга карыесу — на 47% (са 163 да 86,4 рубля). У ведамстве не назвалі канкрэтнай даты, калі запрацуюць змены (раней абяцалі зрабіць гэта да 1 лістапада, але нешта пайшло не па плане).
Як развіваецца гісторыя з дзяржрэгуляваннем цэн на стаматалогію
У ліпені гэтага года ўрад прыняў пастанову, якой увёў дзяржрэгуляванне тарыфаў на ўсе віды стаматалагічных паслуг. Яна набыла моц 1 лістапада. Так, калі раней у Беларусі дзяржава рэгулявала толькі кошт артапедычнай стаматалогіі і зубатэхнічных работ, то цяпер — таксама тэрапіі, хірургіі і артадонтыі.
Як тлумачыў галоўны пазаштатны стаматолаг Мінздароўя, рэктар БДМУ Сяргей Рубніковіч, галоўная мэта новаўвядзення — сфармаваць справядлівыя цэны, аднак якасць паслуг не мусіць знізіцца. Паводле яго, гэтаму дапаможа перагляд нормы часу на працу і выдаткаў на матэрыялы. Сяргей Рубніковіч прагназаваў, што дзякуючы новаму падыходу і працоўныя, і часавыя затраты на стаматалагічныя паслугі знізяцца на 10−30%. У выніку цэны таксама мусяць зменшыцца.
Пасля гэтага Мінздароўя заклапацілася пераглядам з 1 лістапада нормаў часу і расходу матэрыялаў на платныя стаматалагічныя паслугі, а таксама пералікам памежных максімальных тарыфаў на іх. З 1 лістапада парадак вызначэння нормаў часу і нормаў расходу матэрыялаў на новыя платныя стаматалагічныя паслугі (тэрапеўтычныя, хірургічныя, артадантычныя, артапедычныя і зубатэхнічныя работы) будзе рэгуляваць Мінздароўя. «Гэты парадак будзе вызначаны спецыялістамі ведамства дадаткова», — анансавала 5 кастрычніка ведамства. Аднак зрабіць гэта да 1 лістапада не паспелі. Прынамсі яшчэ 3 лістапада стаматалагічныя клінікі наконт гэтага не былі ў курсе.
Якое рашэнне цяпер прыняло Мінздароўя (дапамагаў Дзяржкантроль)
У ведамстве заяўляюць, што «прынятае кардынальнае рашэнне па зніжэнні неабгрунтавана высокіх тарыфаў на стаматалагічныя паслугі». У Мінздароўя адзначаюць, што летам гэтага года ў некаторых прыватных клініках спецыялісты гэтага міністэрства і Дзяржкантролю выявілі неабгрунтавана высокія тарыфы на стаматалагічныя паслугі.
Эксперты Мінздароўя распрацавалі праект пастановы і інструкцыі, у якіх вызначаныя памежныя максімальныя тарыфы на гэтыя віды паслуг. Як паведамляюць у ведамстве, арганізацыі аховы здароўя не могуць уводзіць свае тарыфы, вышэйшыя за вызначаныя пастановай — незалежна ад віду уласнасці.
Да прыкладу, тарыфы на тэрапеўтычныя, хірургічныя і артадантычныя паслугі мусяць быць на ўзроўні сярэднеарыфметычнага значэння, заяўляюць у Мінздароўя. «У аснову разліку дадзеных тарыфаў пакладзены аналіз тарыфаў 32 арганізацый, якія аказваюць стаматалагічныя паслугі (16 дзяржаўных, 16 недзяржаўных). На аснове аналізу разлічаныя сярэднія тарыфы, пры гэтым з разліку выключаныя неабгрунтавана высокія тарыфы», — тлумачаць у ведамстве.
У Мінздароўя таксама ўдакладняюць, што на зубатэхнічныя і артапедычныя тэрапеўтычныя, хірургічныя і артадантычныя паслугі мусяць быць уведзеныя разліковыя тарыфы зыходзячы з сярэдняй зарплаты медработнікаў, накладных і іншых выдаткаў.
Як паведамляецца, новая пастанова Мінздароўя набудзе моц да канца 2023 года, але канкрэтная дата не ўдакладняецца. «Гэта дазволіць арганізацыям аховы здароўя прывесці дзейныя прэйскуранты ў адпаведнасць з пастановай», — заяўляюць ва міністэрстве.
«Улічваючы, што ў дзяржаўных установах аховы здароўя тарыфы традыцыйна сфармаваныя на больш нізкім узроўні, аналіз, праведзены экспертамі, паказвае, што адбудзецца і зніжэнне дзейных тарыфаў па недзяржаўных клініках», — прагназуе Мінздароўя.
У ведамстве чакаюць, што цяперашняя пастанова зробіць выдаленне малочнага зуба ў сярэднім таннейшым на 33% (са 127 да 85,6 рубля), складанае выдаленне — на 42% (з 479 да 278 рублёў), лячэнне сярэдняга карыесу — на 47% (са 163 да 86,4 рубля).
У Мінздароўя лічаць, што ўвядзенне такога рэгулявання патрэбнае для павышэння даступнасці платных стаматалагічных паслуг для насельніцтва.
Чытайце таксама