Беларускі бок ухваліў праект пагаднення з урадам Нікарагуа пра ўзаемную адмену візаў, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
Пагаднення пра ўзаемную адмену візавых патрабаванняў дасягнулі ўрады абедзвюх краін, яго праект ухваліў Лукашэнка. Правесці далейшыя перамовы і падпісаць пагадненне ў выпадку іх поспеху даручана Міністэрству замежных справаў.
Дамоўленасць пра ўзаемную адмену візавых патрабаванняў дазволіць грамадзянам Беларусі свабодна наведваць Нікарагуа і наадварот. Адзначым, што трапіць у цэнтральнаамерыканскую краіну беларусы і цяпер могуць без візы — на тэрмін да 90 дзён.
Нагадаем, дасягненню пагаднення папярэднічаў візіт у Беларусь кіраўніка нікарагуанскага МЗС Дэніса Манкады ў траўні — ён сустрэўся са сваім беларускім калегам Сяргеем Алейнікам і Аляксандрам Лукашэнкам. Апошні пры гэтым назваў прэзідэнта Нікарагуа Даніэля Артэгу «легендарным чалавекам», а саму краіну — «такой далёкай і такой блізкай».
Нікарагуа — адна з краін, што разам з Беларуссю падтрымліваюць Расію на галасаванні ў ААН. Там таксама рэпрэсуюць апанентаў улады, актыўна пазбаўляюць грамадзянства крытыкаў Артэгі і адмянілі палажэнні Канстытуцыі краіны, якія забараняюць Артэгу балатавацца на другі прэзідэнцкі тэрмін запар.
Прамых рэйсаў з Беларусі ў Нікарагуа няма.