Цяпер Белстат афіцыйна можа не раскрываць некаторыя статыстычныя звесткі. Доступ да іх захаваецца толькі для высокапастаўленых чыноўнікаў. Адпаведная пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Белстат апублікаваў новую інструкцыю наконт распаўсюду статыстычных звестак.
У яе ўключылі пункт, які афіцыйна дазваляе структуры не раскрываць беларусам пэўную інфармацыю. Гэтае правіла будзе дзейнічаць у выпадках, «калі яе распаўсюд або перадача можа нанесці шкоду» нацбяспецы Беларусі, а таксама «грамадскаму парадку, маральнасці, правам і законным інтарэсам юрыдычных і фізічных асоб». Хто будзе вырашаць, ці здольная публікацыя звестак нанесці такую шкоду, у дакуменце не ўдакладняецца.
З гэтай жа прычыны Белстат таксама можа адмовіцца агучваць інфармацыю на запыт. Структура абяцае інфармаваць пра прычыны адмовы.
Варта адзначыць, што адсутнасць афіцыйнай заявы не перашкаджала ведамству хаваць ад грамадзян краіны статыстычныя звесткі. Белстат пачаў закрываць статыстыку ў перыяд пандэміі каранавіруса. Першымі схавалі звесткі пра смяротнасць і нараджальнасць. Напрыклад, у студзені 2022 года ў арганізацыі адказвалі, што звесткі па смяротнасці ўсё яшчэ «знаходзяцца ў працэсе распрацоўкі», на сайце гаварылася, што яны будуць апублікаваныя «па меры гатоўнасці». Аднак з таго часу яны так і не з’явіліся ў базе дадзеных.
Паступова ведамства станавілася ўсё больш закрытым. Цяпер беларусы не могуць даведацца на сайце структуры, як нашая краіна гандлюе з іншымі, колькі ў Беларусі пенсіянераў, дэталі расходавання бюджэту і стану дзярждоўгу і нават колькасці прынятых і звольненых айцішнікаў.