Па рашэнні літоўскіх уладаў закрываецца рух грузавых цягнікоў з Беларусі праз чыгуначны памежны пераход «Стасілас — Беняконі». Дакумент пра гэта трапіў у распараджэнне «Белсата». Літоўская мытня пацвердзіла тэлеканалу інфармацыю і паведаміла падрабязнасці тэлеграм-каналу «МотолькоПомоги».
Згодна з дакументам, рух цягнікоў закрываецца з 16 лютага. «Беларуская чыгунка» ўжо з 14 лютага спыніла прыём грузаў для перавозкі праз гэты памежны пераход. Меры ўводзяцца часова «да адмены».

Літоўскі бок афіцыйна не паведамляў пра закрыцьцё памежнага пераходу. У адной з навін на сайце мытні Літвы за 14 лютага гаворыцца, што ў гэты момант вядуцца кансультацыі па закупцы і ўстаноўцы на пункце пропуску «Стасілас» сістэм рэнтгенаўскага кантролю, створаная закупачная камісія, пачатая працэдура дзяржзакупкі. Усталяваць іх плануецца ў 2024 годзе.
Прадстаўнікі літоўскай мытні пацвердзілі тэлеграм-каналу «МотолькоПомоги», што закрыццё памежнага пераходу «Стасілас — Беняконі» для руху грузавых цягнікоў сапраўды звязанае з тым, што там няма рэнтгенаўскіх сістэм, адпаведна, складаней выяўляць кантрабанду ў грузах — у першую чаргу гэта цыгарэты. Закрыццё пунктаабмяркоўвалася як мінімум з 19 студзеня.
Цяпер грузавыя цягнікі накіроўваюцца праз буйнейшы памежны пераход «Гудагай — Кяна», на якім рэнтгенаўскія сістэмы для сканавання грузаў ёсць.