У снежні 2022 года выйшаў першы нумар штоквартальнага часопіса «Разведчик», створанага з ініцыятывы савета ветэранаў Службы знешняй разведкі (СЗР) Расійскай Федэрацыі. У адным з артыкулаў часопіса расказваецца пра КДБ Беларусі.
«У прафесійным асяроддзі Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь мае рэпутацыю эфектыўнага ведамства, супрацоўнікі якога паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі і дамагаюцца высокіх вынікаў у супрацьдзеянні дэструктыўным памкненням заходніх дзяржаваў. У рамках міжнароднага супрацоўніцтва беларускія чэкісты вядуць абмен інфармацыяй па праблематыцы міжнароднага тэрарызму і арганізаванай злачыннасці з шырокім колам партнёраў — ад суседзяў па СНД да ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая. Прычым замежныя сувязі КДБ Рэспублікі Беларусь пастаянна пашыраюцца: на пачатак 2022 года падтрымліваўся кантакт з 46 замежнымі спецслужбамі», — гаворыцца ў артыкуле.
У матэрыяле таксама паведамляецца, што агульная колькасць супрацоўнікаў КДБ Рэспублікі Беларусь не перавышае 10 000 чалавек. Раней звесткі пра колькасць супрацоўнікаў КДБ нідзе не прыводзіліся, у артыкуле на «Вікіпедыі» напісана, што гэтая інфармацыя засакрэчаная.
У часопісе таксама расказалі пра структуру КДБ Беларусі. Паведамляецца, што асноўныя падраздзяленні ведамства — наступныя:
- Галоўнае ўпраўленне контрразведкі;
- Галоўнае ўпраўленне знешняй разведкі;
- Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю;
- Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам;
- Упраўленне міжнароднага супрацоўніцтва;
- тэрытарыяльныя падраздзяленні (шэсць упраўленняў па абласцях).