Сярод усіх прэзідэнтаў ЗША ў выніку замахаў памерлі чатыры чалавекі. Апошні — забойства Джона Кенэдзі — здзейсніў Лі Харві Освальд, які да гэтага нейкі час жыў у Мінску. Але з Беларуссю звязаны яшчэ адзін выпадак. У 1901-м прэзідэнта Уільяма Мак-Кінлі забіў Леан Чолгаш, чый бацька, хутчэй за ўсё, быў родам з нашай краіны. Расказваем пра яго лёс і пра гэтую трагічную гісторыю.
Беларускі след і шлях да анархізму
Пачнём з самага важнага для нас — з беларускіх каранёў забойцы. Пра іх у 2008 годзе напісала «Комсомольская правда в Беларуси»: «Таго, хто страляў, у яго асабістых дакументах звалі Леан Фрэнк Чолгаш. Вось толькі сапраўднае яго імя было Лявон Францішак Жолгусь, ён быў сынам Паўла Жолгуся — збяднелага дробнага шляхціца тагачаснай Віленскай губерні, імаверна, з-пад Астраўца, цяпер гэта Гродзенская вобласць. У 60-х гадах XIX стагоддзя Павел Жолгусь эміграваў, спачатку жыў у Германіі, потым праз некалькі гадоў перабраўся ў Амерыку. Тут і адбылася гэтая дзіўная трансфармацыя прозвішча — на мытні яго чамусьці палічылі… венграм. Там, дарэчы, у 1873-м у яго і нарадзіўся Лявон». У гэтым факце няма нічога дзіўнага. У амерыканскіх дакументах — як на мытні, так і ў перапісных анкетах — адсутнічалі графы для народаў Расійскай імперыі. Напрыклад, не было літоўцаў — прадстаўнікам гэтай нацыі прапаноўвалі запісвацца палякамі ці рускімі.
Таксама «КП» прывяла меркаванне архівіста Сяргея Рыбчанка. Ён адзначыў, што ў 1860-я існавалі дзве важныя прычыны для эміграцыі з беларускіх земляў. Першая — параза паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (1863−1864), а таксама рэпрэсіі ўладаў падчас баявых дзеянняў і пасля іх. Другая — указ 1866 года, паводле якога ўсе прадстаўнікі шляхты, якія не даказалі і не пацвердзілі свайго дваранства, запісваліся мяшчанамі ці сялянамі і, такім чынам, страчвалі мноства сваіх ранейшых правоў. «Цяпер даволі складана высветліць дакладнае месца жыхарства і тым больш карані бацькі Лявона Чолгаша, бо пакуль невядомае дакладнае напісанне яго сапраўднага прозвішча паводле дакументаў — шукаць можна толькі па аналагічных ці падобных прозвішчах у той мясцовасці», — адзначаў Рыбчанок.

Інфармацыю пра беларускія карані забойцы надрукаваў у 2017-м і польскі часопіс Historia Do Rzeczy. Там сцвярджалася, што бацькі Чолгаша былі палякамі, першапачаткова мелі прозвішча Жолгусь і, хутчэй за ўсё, прыехалі ў ЗША з Астраўца. Выкажам здагадку, што польскасць гэтай сям'і выяўлялася ў тым, што яны ведалі польскую мову, а гэта было тыповым для прадстаўнікоў шляхты ў нашым рэгіёне. Нам жа важна, што чарговым разам згадваецца беларускі Астравец.
Як адзначалася ў адным з даследаванняў, «існуюць супярэчлівыя звесткі (ад Чолгаша і іншых), нарадзіўся Чолгаш у чэрвені ці верасні 1873 года, у траўні 1872 ці 1873 года, 15 красавіка 1874-га ці ў нейкім іншым годзе. Яго ўзрост на момант арышту вагаецца ад 20 да 34 гадоў. Хутчэй за ўсё, ён нарадзіўся ў 1873 годзе на першым паверсе цаглянага дома ў Дэтройце, штат Мічыган (або ў горадзе Алпіне, штат Мічыган, пра што зноў жа ёсць супярэчлівыя звесткі, у тым ліку ад самога Чолгаша), у двух эмігрантаў з Познані, Прусія». Мяркуецца, што бацькі Леана спачатку пераехалі з-пад Астраўца ў гэты сучасны польскі горад, а ўжо адтуль у ЗША.
Акрамя таго, пасведчанне пра нараджэнне Леана не захавалася. Ні ў парафіяльных запісах у Мічыгане, ні ў мясцовай паліцыі няма ніякіх дакументаў пра пражыванне такой сям'і ў Дэтройце ці Альпіне ў канцы XIX стагоддзя. Праўда, прозвішча Чолгаш часта пісалася з памылкамі, а розныя члены сям'і мянялі яго. Зрэшты, у адказах выданню New York Times Леан казаў, што «мае бацькі былі рускімі палякамі» (гэтая ж інфармацыя прыводзілася і ў выданні Chicago Sunday Tribune). Што менавіта ён сказаў і ці правільна выданне перадало ягоныя словы, мы не ведаем. Але даследчыкі справядліва адзначаюць, што гэты адказ «змяшчае яго сям’ю на ўсход ад Познані і ў зусім іншае палітычнае, рэлігійнае і культурнае асяроддзе». Так што, хутчэй за ўсё, гаворка сапраўды пра тэрыторыю сучаснай Беларусі.
Леан быў чацвёртым дзіцем — і першым, якое нарадзілася ў ЗША. Усяго ж дзяцей у яго бацькі было дзесяць (народжаныя ў двух шлюбах): старэйшы сын нарадзіўся ў 1867-м, а малодшая дачка — у 1884-м ці 1885-м. Чолгаш-старэйшы займаўся фермерствам, а таксама працаваў на фабрыках. Мужчына шмат пераязджаў са сваёй сям’ёй паміж рознымі гарадамі Сярэдняга Захаду.
Знаёмыя не запомнілі пра дзяцінства будучага забойцы прэзідэнта нічога незвычайнага. Леан наведваў парафіяльную школу і быў рэлігійным дзіцем. Ужо ў 10 гадоў ён кінуў навучанне і пайшоў працаваць вучнем каваля. Неўзабаве пасля гэтага падчас родаў памерла яго маці. Калі Леан падрос, то пераехаў у Кліўленд, а потым у Чыкага, які ў той час быў адным з цэнтраў анархісцкага і сацыялістычнага руху. Юнак зацікавіўся гэтымі ідэямі і, вярнуўшыся ў Кліўленд, прачытаў усю адпаведную літаратуру, якую змог дастаць.
Магчыма, на яго захапленні паўплывала сітуацыя з працай. У 1893-м, калі яму было 20 гадоў, Чолгаш уладкаваўся на фабрыку ў прыгарадзе Кліўленда, дзе рабілі дрот. Як добры работнік, ён нейкі час нават атрымліваў прыбаўку да зарплаты. Але ўладальнікі мясцовых фабрык спрабавалі зрэзаць выплаты рабочым, на прадпрыемствах прайшлі забастоўкі. Чолгаш удзельнічаў у іх, таму што быў звольнены.
Яго ўключылі ў чорныя спісы. Але ў наступным годзе Леану ўдалося вярнуцца на працу, выкарыстоўваючы іншае імя. У 1898-м у яго здарыўся нервовы зрыў, пасля якога мужчына застаўся адзіночкай, сяброў у яго не было, дзяўчаты яго не цікавілі. Нейкі час Леан жыў на ферме з бацькам, чытаючы анархісцкую літаратуру. Між тым мяжа стагоддзяў была часам анархістаў, якія не пакідалі газетных старонак. У 1898-м адзін з іх забіў у Жэневе Лізавету Аўстрыйскую, больш вядомую як імператрыца Сісі. У 1900-м анархіст забіў караля Італіі Умберта I — Леану было з каго браць прыклад (тым больш што Чолгаш захапіўся забойцам апошняга).
Падрыхтоўка да забойства і біяграфія Мак-Кінлі
Спускавым кручком да наступных падзеяў стала наведванне лекцыі ў Кліўлендзе. Перад прысутнымі выступала Эма Гольдман — прыкметная прадстаўніца анархісцкага руху, якая нарадзілася, дарэчы, у Каўнасе. Раней, у 1893-м, яна сядзела за кратамі за «падбухторванне да беспарадкаў» — за ўдзел у страйку ёй прызначылі год зняволення.
«Пад прыгнётам урада, царквы, сувязяў, звычаяў і забабонаў чалавек не можа будаваць сваю ўласную кар’еру так, як ён хацеў бы. Анархізм імкнецца да новай і поўнай свабоды. Ён імкнецца да дасягнення свабоды, якая будзе не толькі ўнутранай, але і вонкавай свабодай, якая не дазволіць ні аднаму чалавеку мець жаданне якім-кольвек чынам умешвацца ў свабоду свайго блізкага. <…> Мы проста хочам поўнай індывідуальнай свабоды, а яе немагчыма дасягнуць, пакуль існуе цяперашні ўрад», — гаварыла яна на сваёй лекцыі 6 траўня 1901-га.

Пазней Чолгаш прызнаўся, што да ідэі забіць прэзідэнта яго падштурхнула менавіта прамова Гольдман. Дарэчы, пасля трагедыі жанчыну арыштавалі, але выпусцілі праз адсутнасць доказаў яе віны.
Тады ж, пасля лекцыі, Леан спрабаваў далучыцца да некалькіх анархісцкіх групаў, але ніводная з іх яго не прыняла. Магчыма, таму, што ён выкарыстаў выдуманае імя. Калі гэта выявілі, анархісты папярэдзілі адно аднаго пра магчымага ўрадавага шпіёна.
Тым часам Чолгаш прачытаў у чыкагскай газеце, што прэзідэнт Уільям Мак-Кінлі мае наведаць Панамерыканскую выставу і застацца ў горадзе Бафала на некалькі дзён. «У той час у яго галаве не было выразна сфармуляванай мэты. Змова з мэтай забойства яшчэ не крышталізавалася, але думка пра тое, што ў Бафала ён, магчыма, зможа дабрацца да прэзідэнта, прымусіла яго выправіцца на Усход», — пісала мясцовая прэса.

Каго ж хацеў забіць Леан? Уільям Мак-Кінлі нарадзіўся ў 1843-м. У 18 гадоў ён пайшоў у войска і ўзяў удзел у Грамадзянскай вайне на баку паўночных штатаў. Праз чатыры гады звольніўся ў запас у званні маёра. Вярнуўшыся ў Агаё, адкуль быў родам, ён вывучаў права, быў прыняты ў калегію адвакатаў і адкрыў уласную практыку. Потым Мак-Кінлі пайшоў у палітыку, доўгія гады быў кангрэсменам ад Рэспубліканскай партыі.
Тады ва ўладзе ў ЗША былі акурат рэспубліканцы. Менавіта іх прадстаўнікі займалі Белы дом паміж 1860 і 1912 гадамі. Выключэннем быў дэмакрат Гровер Кліўленд — пакуль адзіны шчасліўчык, якому ўдалося двойчы пабыць гаспадаром Белага дома, прайграўшы пры гэтым «прамежкавыя» выбары: ён лічыцца 22-м (1885−1889) і 24-м прэзідэнтам ЗША (1893−1896).

Афіцыйная забарона займаць прэзідэнцкую пасаду больш за два разы (гаворка пра 22-ю папраўку да Канстытуцыі) з’явілася ў ЗША толькі пасля Другой сусветнай, калі краінай адразу чатыры тэрміны кіраваў Франклін Рузвельт. Да гэтага такая забарона была неафіцыйнай. Кліўленд, які на той час страціў папулярнасць, парушаць забароны не стаў. На новых прэзідэнцкіх выбарах перамог Мак-Кінлі.
Чым палітык адзначыўся на пасадзе прэзідэнта? Галоўнае, мабыць, — вайна з Іспаніяй у 1898 годзе. У выніку ЗША захапілі Пуэрта-Рыка, Гуам (востраў у Мікранезіі ў заходняй частцы Ціхага акіяна) і Філіпіны, а таксама прымусілі Мадрыд прызнаць незалежнасць Кубы. Усё гэта дапамагло Мак-Кінлі ў 1900-м пераабрацца і ў наступным годзе пачаць адлік свайго другога тэрміну. Неўзабаве пасля інаўгурацыі ён пакінуў Вашынгтон, каб выправіцца ў турнэ па заходніх штатах, якое завяршылася прамовай на Панамерыканскай выставе ў Бафала.
Замах і смерць прэзідэнта
У прэсе таго часу адзначалася, што Леан наважыўся па замах не адразу: «Думка пра тое, што ён можа забіць прэзідэнта, калі той прыедзе, была ў яго ў галаве, але мэта сфармавалася толькі напалову. У той час можна было б адцягнуць яго ад думкі пра такую місію. Але ён быў адзін у горадзе. У яго тут не было сяброў. Не было нічога, што магло б стрымаць ліхаманку, якая ўсё мацней разгаралася ў яго свядомасці».
У дзень прыбыцця Мак-Кінлі ён прыняў канчатковае рашэнне, пасля чаго купіў рэвальвер.
Спачатку яму не шанцавала. Чолгаш спрабаваў сустрэць прэзідэнта на вакзале ля чыгуначнай брамы, але ахоўнікі загадзя закрылі выхад. Пазней ён спрабаваў праціснуцца да экіпажа Мак-Кінлі, але адзін з паліцэйскіх схапіў яго за плячо і штурхнуў назад у натоўп. Іншыя спробы ў той дзень таксама былі няўдалымі. На наступны дзень Леан зноў быў на выставе. Спроба падысці да прэзідэнта бліжэй спачатку не мела поспеху. Але каля 15 гадзін Мак-Кінлі пасля чарговага выступу спусціўся да натоўпу, каб паціснуць рукі прысутным, — гэта было звычайнымі паводзінамі палітыкаў у той час.
Чолгаш заняў месца ў чарзе. У яго была перавязаная рука, і адзін з паліцэйскіх, якія ахоўвалі прэзідэнта, занепакоіўся пра здароўе Леана і прапанаваў яму наведаць найбліжэйшую бальніцу. «Пазней, пасля сустрэчы з прэзідэнтам. Я доўга гэтага чакаў», — адказаў мужчына. Пад павязкай у яго быў схаваны рэвальвер. Падышоўшы да Мак-Кінлі і прыставіўшы да яго зброю, ён стрэліў. Першая куля адскочыла ад металічнага гузіка прэзідэнцкай камізэлькі, а вось другая трапіла ў цэль. Трэцяга стрэлу Леан зрабіць не паспеў: на яго кінуўся натоўп, які хацеў яго лінчаваць. Але Мак-Кінлі крыкнуў, што нападнік не мусіць пацярпець, і таго перадалі паліцыі.

Спярша раненне прэзідэнта не выглядала сур’ёзным. Яго даставілі ў бальніцу, дзе прамылі і зашылі рану, пасля чаго выпісалі, і ён паехаў на ноч у дом сябра. Прагноз наконт стану здароўя быў аптымістычны. Шэсць дзён прэзідэнт адчуваў сябе нядрэнна, найвышэйшыя чыноўнікі, якія былі пры з ім, раз’ехаліся па краіне. Але 13 верасня ў прэзідэнта пачалася гангрэна. Куля Чолгаша прабіла жывот, пашкодзіла падстраўнікавую залозу і спынілася ў вобласці нырак. Але хірургі не змаглі знайсці кулю і не зрабілі належным чынам прамыванне. Ужо 14 верасня Мак-Кінлі памёр.
Суд як фарс і наступствы для прэзідэнтаў
«Ніколі яшчэ ў гісторыі ўрадаў гук стрэлу з пісталета не наводзіў такога жаху, не палохаў і не пасяляў страху ў самаздаволеную, абыякавую, задаволеную і лянівую публіку, як стрэл Леана Чолгаша, калі ён забіў Уільяма Мак-Кінлі, прэзідэнта фінансавых каралёў і траставых магнатаў гэтай краіны. Не тое каб гэты сучасны Цэзар быў першым, хто загінуў ад рукі Брута. О не! З таго часу як чалавек топча правы сваіх братоў, у атмасферы лунаюць мяцежныя духі. Не тое каб Уільям Мак-Кінлі быў больш вялікім чалавекам, чым тыя, хто сядзеў на скаванай форме Свабоды. Ён не параўнаецца ні інтэлектам, ні здольнасцямі, ні асобай, ні сілай характару з тымі, хто мусіў заплаціць за сваю ўладу. І гісторыя не зможа запісаць яго незвычайную дабрыню, шчодрасць і спачуванне да тых, каго невуцтва і прагнасць выраклі на жыццё ў галечы, безнадзейнасці і роспачы», — напісала тая самая Эма Гольдман, выступ якой і натхніў Чолгаша на забойства.
Але анархістка засталася ў меншасці: у амерыканскім грамадстве панавала абурэнне. Менавіта гэтым, мяркуючы з усяго, тлумачыцца той факт, што суд над Леанам праходзіў з парушэннем многіх законаў юрыспрудэнцыі. Прысяжных сабралі за паўтары гадзіны, хоць звычайна гэта займала некалькі дзён. Ды і, забягаючы наперад, пасля таго як Чолгаш прызнаў сябе вінаватым, сумневаў у іх, мяркуючы з усяго, не засталося. Ні адзін эксперт не быў выкліканы для паказанняў у судзе адносна псіхічнага стану Леана. Адвакатамі Чолгаша былі прызначаныя былыя суддзі Лоран Л. Льюіс і Роберт К. Тайтус, якія не хацелі выступаць у гэтай якасці і пагадзіліся толькі пасля настойлівай просьбы прадстаўнікоў Асацыяцыі адвакатаў. Гэта адбылося ў суботу, 21 верасня, а суд пачаўся ўжо ў панядзелак, 23-га. Ніякага часу на падрыхтоўку ў іх не было — ды і яны не імкнуліся яго атрымаць.
Само разбіральніцтва доўжылася ўсяго восем гадзін. Прысяжныя за паўгадзіны прызналі Леана вінаватым. Ужо пасля суда яны прызналіся, што маглі б вынесці вердыкт, не ўстаючы са сваіх месцаў, але палічылі за лепшае зрабіць выгляд, што «раіліся». 26 верасня Чолгаша асудзілі на смерць на электрычным крэсле.
На наступны дзень мужчыну перавезлі ў турму горада Оберн. Там яго чакаў раз’юшаны натоўп. Людзі выцягнулі Лявона з цягніка і жорстка збілі, але канваірам удалося даставіць яго ў будынак. Начальнік турмы адмовіўся пускаць да забойцы гасцей, таму ён так і не сустрэўся са сваімі роднымі.
Пакаранне адбылося 29 кастрычніка ў прысутнасці некалькіх чыноўнікаў, дактароў і журналістаў. Вязня завялі ў пакой праз некалькі хвілін пасля 7 гадзін раніцы. Калі Чолгаш зайшоў у залу, ён выглядаў спакойным і стрыманым і не супраціўляўся, калі ахоўнікі прывязалі яго да крэсла. Папярэднія дзеянні занялі каля адной хвіліны. У гэты час Леан звярнуўся да прысутных: «Я забіў прэзідэнта, бо ён быў ворагам добрых людзей — добрых працоўных. Я не шкадую пра сваё злачынства, я шкадую, што не змог убачыць свайго бацьку».
Практычна адразу пасля гэтага электрычнае крэсла ўключылі.

Чолгаша пахавалі ў безназоўнай магіле ў турме. Перад гэтым яго труп насыцілі сернай кіслатой, каб ён хутчэй расклаўся.
Прагучыць дзіўна, але сваёй смерцю Мак-Кінлі выратаваў многіх сваіх пераемнікаў. У Штатах яшчэ з 1865 года існавала Сакрэтная служба, але яе агенты займаліся не абаронай найвышэйшых асобаў дзяржавы, а барацьбой з фальшываманетчыкамі. Пасля гібелі Мак-Кінлі ведамству даручылі абараняць кіраўніка дзяржавы і яго сям’ю як падчас знаходжання на пасадзе, так і пасля выхаду ў адстаўку. З таго часу загінуў толькі адзін прэзідэнт ЗША — Джон Кенэдзі (1963).
Месца Мак-Кінлі заняў віцэ-прэзідэнт Тэадор Рузвельт. Яму было 42 гады — такім чынам, ён стаў самым маладым лідарам у гісторыі ЗША і мае такі статус дагэтуль.
За гады кіравання (1901−1909) Рузвельт абвясціў палітыку «вялікай дубінкі», якая прадугледжвала ў тым ліку ўрэгуляванне канфліктаў у Лацінскай Амерыцы з дапамогай вайсковай сілы. Ён «дапамог» Панаме выйсці са складу Калумбіі — як падзяку за гэта Штаты атрымалі кантроль над вузкім перашыйкам, дзе быў пабудаваны Панамскі канал. Рузвельт, які наведаў будаўніцтва, стаў першым амерыканскім прэзідэнтам, які пакінуў тэрыторыю ЗША падчас свайго кіравання. За яго часамі быў пабудаваны магутны флот. З палітыкай ізаляцыянізму, адыход ад якой пачаўся за Мак-Кінлі, было скончана. З’явіліся перадумовы таго, што Штаты стануць сусветнай звышдзяржавай, што і адбылося ў недалёкай будучыні пасля Першай сусветнай вайны.
Чытайце таксама


