У Дрыбінскім раёне ў паштовым аддзяленні мужчына напаў на жанчын, адна з іх ад атрыманых траўмаў загінула. Пра гэта паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Інцыдэнт здарыўся 21 лістапада ў аграгарадку Расна. Каля 11.00 у міліцыю паступіла паведамленне, што 39-гадовы мясцовы жыхар зладзіў пагром у паштовым аддзяленні і збіў некалькі наведніц.
«У гэты ж час непадалёк ад аддзялення сувязі пасля дзяжурства ў свой выхадны дзень знаходзіўся памочнік аператыўнага дзяжурнага АДС Дрыбінскага РАУС Аляксандр Каваленка. Пачуўшы крыкі, ён адразу ж кінуўся на дапамогу. Міліцыянт выбіў з рук зламысніка прут, якім той збіваў жанчыну, абясшкодзіў мужчыну і ўтрымліваў яго да прыбыцця калегаў», — расказалі ва УУС.
У выніку 71-гадовая пенсіянерка ад атрыманых траўмаў памерла на месцы здарэння. Яшчэ адна пацярпелая з цялеснымі пашкоджаннямі была дастаўленая ў бальніцу.
Абставіны здарэння высвятляюцца.