Опубликовано 17 верасня 2024 у 12.21
Адрес в интернете: https://zerkalo-by-read.online/news/world/78548.html    

Па свеце распаўсюджваецца новы варыянт кавіду XEC: чым ён адрозніваецца ад папярэдніх

Навукоўцы папярэджваюць, што па свеце пачаў распаўсюджвацца новы варыянт кавіду, які атрымаў назву XEC. Менавіта ён неўзабаве можа стаць асноўнай разнавіднасцю каранавіруса і выцесніць папярэднія, піша Руская служба Бі-бі-сі.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Reuters

Упершыню гэты варыянт быў выяўлены ў Германіі ў чэрвені гэтага года, і з таго часу выпадкі XEC фіксаваліся ў Вялікабрытаніі, ЗША, Даніі і некалькіх іншых краінах, звяртае ўвагу ў сацсетцы Х (былы Twitter) амерыканскі навуковец, дырэктар інстытута Scripps Research Эрык Топал.

Ён піша, што распаўсюд XEC «толькі пачынаецца». «Для гэтага спатрэбіцца шмат тыдняў, пара месяцаў, а потым ён сапраўды ўмацуецца і выкліча ўласную хвалю», — сказаў Топал газеце LA Times.

«Цалкам відавочна, што XEC становіцца асноўным. Падобна да таго, што ён стане наступным варыянтам. Але да моманту, калі яго распаўсюд дасягне высокіх узроўняў, пройдзе некалькі месяцаў», — лічыць Топал.

XEC адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў пэўнымі мутацыямі, якія могуць дапамагчы яго хутчэйшаму распаўсюду, адзначаюць навукоўцы. Аднак яны лічаць, што наяўныя вакцыны мусяць дапамагчы перадухіленню найбольш сур’ёзных наступстваў для здароўя чалавека.

Фармацэўтычная індустрыя пастаянна абнаўляе вакцыны супраць каранавіруса, і пакуль яна не адаптавала іх да новага варыянту. Але гэта не значыць, што цяперашнія вакцыны супраць яго не працуюць.

Прафесар Франсуа Балу, кіраўнік Інстытута генетыкі ва Універсітэцкім каледжы Лондана, сказаў Бі-бі-сі, што ў XEC ёсць «невялікая перавага з пункту гледжання распаўсюду» ў параўнанні з папярэднімі варыянтамі, аднак наяўныя вакцыны па-ранейшаму служаць ад яго добрай абаронай.

Паводле прагнозаў Балу, цалкам імаверна, што XEC можа стаць асноўным варыянтам COVID-19 падчас наступнай зімы.

Якія сімптомы

Сімптомы новага варыянту кавіду не адрозніваюцца ад тых, што фіксуюцца пры ўжо вядомых разнавіднасцях. Яны ўключаюць высокую тэмпературу, боль у розных частках цела, стомленасць, кашаль ці боль у горле.

Большасць людзей здаравеюць пасля кавіду цягам некалькіх тыдняў, аднак у некаторых хвароба працякае даўжэй.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя, якая адсочвае статыстыку захворвання каранавірусам ва ўсіх краінах свету, абвясціла, што пандэмія кавіду скончылася ў 2022 годзе.

З моманту яе пачатку да канца чэрвеня 2024 года пацвердзілі больш за 775 млн выпадкаў захворвання і больш за 7 млн смерцяў, сказана на сайце СААЗ.

Паводле інфармаці СААЗ, з канца траўня да канца чэрвеня было зафіксавана 135 тысяч новых выпадкаў кавіду, што амаль не адрозніваецца ад папярэдняга месяца. Пры гэтым колькасць памерлых склала за гэты час больш чым 2 тысячы, што на 3% менш у параўнанні з папярэднім перыядам.

Зрэшты, пасля заканчэння пандэміі і рэзкага падзення смяротнасці тэсты на кавід робяць нашмат менш людзей. Таму цяперашнія маштабы распаўсюду каранавіруса адсачыць складаней.

BBC News Русская служба


Распечатано с портала ZERKALO.IO