Опубликовано 30 студзеня 2024 у 16.56
Адрес в интернете: https://zerkalo-by-read.online/news/life/59956.html    

Палітвязень атрымаў пяць гадоў калоніі за данат палку Каліноўскага ў памеры крыху больш за 20 даляраў

У Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд 55-гадоваму палітвязню Георгію Чараваку, які перавёў данат у памеры крыху больш за 20 даляраў палку Каліноўскага, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Фото: TUT.BY
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Мужчыну асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд абвясціла суддзя Святлана Чарапанава 8 снежня 2023 года.

Георгій Чаравака быў прызнаны вінаватым па арт. 361−3 (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу) КК Беларусі. Ён адправіў са свайго рахунку PayPal ахвяраванне ў памеры 21,29 даляра ў падтрымку палка Каліноўскага, сфармаванага ў сакавіку 2022 года з беларускіх добраахвотнікаў для абароны Украіны ад расійскага ўварвання.

У судзе палічылі гэта спланаванай акцыяй «з мэтай фінансавання дзейнасці па вярбоўцы, навучанні, іншай падрыхтоўцы» асобаў для ўзброенага канфлікту ва Украіне.

Георгія Чараваку затрымалі ў жніўні 2023 года, калі ён вярнуўся ў Беларусь з ЗША, дзе знаходзіўся месяц. У судзе ён сказаў, што добраахвотна паведаміў тым, хто яго затрымліваў, пра падпіску на тэлеграм-каналы, якія ўлады лічаць экстрэмісцкімі, а таксама расказаў, што пераводзіў данат палку Каліноўскага ў надзеі, што грошы пойдуць на закупку масак, бронекамізэлек, медыкаментаў, але разумеў, што грошы могуць выкарыстоўваць там на сваё меркаванне, напрыклад купяць зброю і боепрыпасы.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO