Пра ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча, былой прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай і іншых прэтэндэнтаў-спойлераў выказаўся ў эфіры дзяржтэлеканала «Першы інфармацыйны» Аляксандр Лукашэнка.
Праўладных прэтэндэнтаў, якія падалі дакументы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп для збору подпісаў у падтрымку іх вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты, Аляксандр Лукашэнка назваў «альтэрнатывай».
— Спрабую глядзець на гэтую праблему, думаю, што за гэтым стаіць. Супраць жаночага прэзідэнта жанчыны паставілі сваю альтэрнатыву (Вольгу Чамаданаву. — Заўв. рэд.). Самы аракул і вяшчальнік палітыкі прэзідэнта — Гайдукевіч — таксама выступіў супраць прэзідэнта. Ну, у альтэрнатыве. Партыя працы і справядлівасці таксама вылучыла і іншыя, — сказаў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што прэтэндэнтам «адысці ад сваёй палітыкі будзе складана».
— Я думаю, яны проста дзейнага прэзідэнта хочуць засцерагчы. Ну, а як інакш я магу расцаніць, асабліва вылучэнне жанчынамі сваёй кандыдатуры. Я ўпэўнены, што яны проста хочуць мяне акружыць флангамі і засцерагчы, — упэўнены палітык.
— Вы ў небяспецы? — удакладніла супрацоўніца дзяржтэлеканала.
— Не, вы не турбуйцеся, якая небяспека?! Можа, яна дзесьці і ёсць, але мы яе яшчэ пакуль не выявілі, — запэўніў Лукашэнка.
Нагадаем, прэзідэнцкія выбары прызначаныя ў Беларусі на 26 студзеня 2025 года.
Раней дакументы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп падалі экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе Ганна Канапацкая, старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага саюза афіцэраў (БСА) Сяргей Бобрыкаў, прадпрымальніца Дзіяна Кавалёва, Аляксандр Лукашэнка, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч, кіраўнік Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк, былая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава, першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў.
Заявы старшыні руху «За Свабоду» і эксперта па рэгіянальным развіцці Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Юрася Губарэвіча і Аляксандра Драздова адхілілі на паседжанні 29 кастрычніка.
31 кастрычніка ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Гайдукевіча, Хіжняка і Чамаданавай. Астатнія заявы будуць разгледжаныя пазней.
Для вылучэння кандыдатам трэба сабраць не менш за 100 000 подпісаў. Улады традыцыйна выкарыстоўваюць для гэтага адміністрацыйны рэсурс.
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты пачнецца 7 лістапада.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO