Опубликовано 22 чэрвеня 2023 у 10.52
Адрес в интернете: https://zerkalo-by-read.online/news/economics/41987.html    

«Сюды трэба прыходзіць не як у бананавую рэспубліку». Лукашэнка праводзіць вялікую нараду з Саўмінам па эканоміцы

Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня праводзіць нараду з кіраўніцтвам Саўміна па выніках працы эканомікі за першыя пяць месяцаў года.

Александр Лукашенко. Фото: Reuters
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Reuters

Адкрываючы мерапрыемства, Лукашэнка адзначыў, што «пакуль слабы зачын для выканання заданняў нават за паўгоддзе».

— Статыстыка публікуе вынікі: валавы ўнутраны прадукт склаў 100,9%. Назіраецца выхад на станоўчыя тэмпы росту інвестыцый у асноўны капітал, дадалі 2,5% да мінулага года. Аднак пакуль гэта слабы зачын для выканання ўстаноўленых заданняў нават за паўгоддзе. Ад першага віцэ-прэм'ера чакаю прадметнай раскладкі, дзе ўрад бачыць рэзервы па нарошчванні росту інвестыцый па выніках года, а гэта аж 120%? А таксама пра эфектыўнасць рэалізацыі канцэпцыі «адзін раён — адзін праект», — сказаў Лукашэнка.

Сельская гаспадарка

Таксама Лукашэнка закрануў сітуацыю ў сельскай гаспадарцы. Мінулы травень у Беларусі, нагадаем, стаў самым засушлівым з 1945 года.

— Катастрофы (праз засуху. — Заўв. рэд.) няма, і гэта прызнае адказны віцэ-прэм'ер. Проста трэба своечасова зарыентавацца там, дзе падсушыла, — сказаў Лукашэнка.

Будаўніцтва

Потым ён перайшоў на будаўнічы сектар. Лукашэнка заклікаў спрасціць працэс будаўніцтва шматпавярховак па аналогіі з індывідуальнымі дамамі.

— Па прыватным сектары мне дакладвалі, што большасць праблем — з доступам да камунікацый, дакументацыяй і гэтак далей — вырашылася і людзі задаволеныя. Добра, калі так. Але я сумняваюся. Гэта мы найбліжэйшым часам праверым. Не хацелася б, каб было як у ахове здароўя, — заўважыў палітык.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што для ўзвядзення шматпавярхоўкі, завода, прамысловага аб’екта «трэба сабраць дзясятак-другі тэхнічных умоваў ад энергетыкаў, МНС, санстанцый, мясцовай улады і іншых».

— І столькі ж даведак потым неабходна атрымаць у канцы будаўніцтва. Трэба паглядзець, можа быць, нам па нейкіх напрамках можна адмовіцца ад нейкіх даведак, — сказаў Лукашэнка.

Працягваючы тэму будаўніцтва шматкватэрных дамоў, Лукашэнка спытаў, чаму ніяк не ўдаецца раз і назаўжды вырашыць праблему з даўгабудамі, піша БЕЛТА.

— У гэтым ганебным статусе цяпер 20 жылых дамоў, з іх, Наталля Іванаўна (Качанава, старшыня Савета Рэспублікі і ўпаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Мінску. — Заўв. рэд.), у вас у Мінску з Кухаравым (мэр Мінска. — Заўв. рэд.) — 17! Ці ёсць тут ва ўрада прапрацаваныя рашэнні? — задаў пытанне Лукашэнка.

Цэнтралізаваны экзамен

Лукашэнка адзначыў, што пытанні сацыяльнага блока апошнія тыдні займалі верхнія радкі ў навінах.

— З вынікамі цэнтралізаваных экзаменаў быццам бы разабраліся. Ідзе ўступная кампанія. Увосень, як дамаўляліся, мы прааналізуем яе вынікі і канчаткова расставім кропкі над «і». Больш вяртацца да пытанняў адукацыі нельга. Нельга ўвесь час калашмаціць прафесарска-выкладчыцкі склад і настаўнікаў на месцах, а таксама бацькоў па пытаннях адукацыі, — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што восенню мусяць быць унесеныя канчатковыя прапановы: пачынаючы ад падручнікаў, новых, эфектыўных, талковых, з напісаннем і стварэннем, і заканчваючы адукацыяй у ВНУ, а таксама выпускныя экзамены, базавыя школы, сярэднія школы і паступленне ў ВНУ.

Ён таксама пракаментаваў выкарыстанне дзіцячых дапамог, падкрэсліўшы, што «дзеці не мусяць быць абдзеленыя», а безадказных бацькоў «трэба прывесці ў свядомасць».

Інвестыцыі

На нарадзе Лукашэнка прызнаў, што апошнія некалькі гадоў аб’ём інвестыцый — як знешніх, так і ўнутраных — зніжаецца, што не найлепшым чынам адбіваецца на працы эканомікі. Ён адзначыў, што «ў цяперашніх геапалітычных абставінах складана разлічваць на прыход у беларускую эканоміку заходніх інвестараў», і параіў чыноўнікам арыентавацца на «іншых: усходніх, азіяцкіх, афрыканскіх і гэтак далей».

— Ды і з заходнімі трэба працаваць, не трэба адкідваць з парога.

Ён падкрэсліў, што ў аснове любога праекта «павінная пераважаць сацыяльная адказнасць».

— Толькі прыехаць сюды, як раней казалі, і высмактаць усе сокі з народа, выціснуць усё, што можна, заплаціўшы нейкую капейку (падаткі пры гэтым не плаціць, а рабочым, скажам, 500 даляраў), а асноўны прыбытак вывесці ў выглядзе дывідэндаў у недружалюбныя краіны. Я не думаю, што такія праекты нам патрэбныя, — падкрэсліў Лукашэнка. — Сюды трэба прыходзіць не як у бананавую рэспубліку, а як у нармальную высокатэхналагічную, высокаразвітую, і працаваць трэба перш за ўсё са сваімі інвестарамі.

Чытайце таксама

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO