Да сенсацыі Марока найлепшым дасягненнем Афрыкі на ЧС была ¼ фіналу. Першым яго дамогся савецкі трэнер Няпомняшчы — мы з ім пагаварылі
13 снежня 2022 у 1670936400
«Зеркало»
Сёння і заўтра пройдуць паўфіналы чэмпіянату свету па футболе ў Катары. Галоўная сенсацыя турніру, зборная Марока, згуляе з французамі. Нагадаем, што «Атласкія львы» ўсталявалаі гістарычны рэкорд для каманд з Афрыкі ў межах ЧС, упершыню дабраўшыся да ½. А перад гэтым рэкордам былі тры траплянні каманд з Чорнага кантынента ў ¼ фіналу. Першай камандай, што прабілася ў васьмёрку найлепшых, была зборная Камеруна ў 1990 годзе пад кіраўніцтвам Валерыя Няпомняшчага. «Люстэрка» пагаварыла з гэтым вядомым савецкім і расійскім трэнерам пра поспех Марока ў Катары, галоўныя цяжкасці працы з афрыканскімі футбалістамі, узровень ЧС і ролю лідараў.
Пра Марока і дысцыпліну
- За кошт чаго мараканцы забраліся так далёка?
- Сам факт трапляння зборнай на чэмпіянат свету праз адбор ужо сведчыць пра яе сілу. Калі браць узровень мараканскіх футбалістаў, то ён даволі высокі. Яны гуляюць у добрых клубах. І самае важнае - трэнеру ўдалося аб'яднаць гульцоў сваімі патрабаваннямі, ідэямі. Каманда прыняла іх - адсюль яе маналітнасць. Мараканцы вельмі дысцыплінаваныя, хоць звычайна ў афрыканскіх зборных гэта слабае месца. Яшчэ адзначу, што футбалісты добра гатовыя функцыянальна. Яны б'юцца на полі, не дазваляючы супернікам праяўляць свае найлепшыя якасці. Да таго ж, напрыклад, у матчы з Партугаліяй мараканцы не праводзілі ўвесь час на сваёй палове. Яны не закрывася пры нулявым ліку, востра атакавалі па магчымасці. А ўжо захоўваць здабытую перавагу ў іх добра атрымліваецца. Усяго адзін прапушчаны мяч у пяці матчах, ды і тое пасля аўтагола, - гэта сведчыць пра многае.
- Слабая гульнявая дысцыпліна ў афрыканскіх зборных - стэрэатып знікае?
- Думаю, што не да канца. Не ўсе так строга дзейнічаюць, як Марока. Часам афрыканцы бягуць «ратаваць радзіму» ўсёй камандай. Або, ведучы ў ліку, пачынаюць паказваць заўзятарам фінты, розныя трукі. Гэта разнявольвае футбалістаў. З іншага - працу трэнера, гульцоў вызначае вынік. Успомню са зразумелых прычынаў зборную Камеруна. Пасля сваёй працы я ўбачыў ужывую гэтую каманду праз шмат гадоў - на Кубку канфэдэрацыяў у Расіі ў 2017-м. Для мяне было нечакана, што яна тады паказала інертны футбол. Творчасці ў ім было мала. Калі камерунскіх гульцоў заціскаюць у ціскі, то яны не падобныя да сябе. Я даволі хутка гэта зразумеў, працуючы ў Афрыцы. Мне было важна, каб футбалісты тварылі. Так, ёсць патрабаванні. Асабліва падчас гульні ў абароне. Але ў атацы камерунцам патрэбная свабода.
- Галоўнае - знайсці баланс?
- Так. Гэта ледзь не самае складанае ў працы з афрыканскімі зборнымі. Часта ўспамінаю з прыкрасцю матч ¼ фіналу з англічанамі на чэмпіянаце свету ў 1990-м. Нам не хапіла парадку ў абароне ў вырашальныя моманты (Камерун выйграваў 2:1, але прапусціў на 83-й хвіліне, а потым і ў дададзены час. - Заўв. рэд.). Гляджу сёння на Марока. У іх некаторыя моманты проста пад забаронай падчас пераходу з абароны ў атаку і наадварот. Трэнеру ўдалося прышчапіць дысцыпліну.
- Супраць французаў у Марока ёсць шанцы?
- Паглядзім. Не ўпэўнены, што псіхалагічна афрыканцы збяруцца пасля такога выдатнага поспеху. Эмоцый яны ўжо патрацілі шмат.
Пра Японію і плямёны
- Вы першы вывелі афрыканскую зборную ў ¼ фіналу. Мараканцы пераўзышлі вашае дасягненне. Як ставіцеся да гэтага?
- Я рады за афрыканскі футбол, азіяцкі. Мне прыемная думка, што ўдалося зрабіць нейкі свой унёсак у розных краінах. Калі ў 2001-м я ўзначальваў японскую каманду «Санфрэчэ» з Хірасімы, то, памятаю, адна з публікацый у спартыўнай газеце была пад загалоўкам «Пранікненне валерызму ў Японію». Мелася на ўвазе, што мая каманда гуляе ў атаку. Нам аддавалі належнае.
- Пасля турніру ў Катары афрыканскі футбол будуць паважаць яшчэ больш?
- Сёння ў найлепшых клубаў ёсць скаўты па ўсім свеце. У еўрапейскіх камандах ужо нямала футбалістаў з Афрыкі. Акрамя гэтага, хапае гульцоў, якія нарадзіліся ў сем'ях мігрантаў, атрымалі футбольную адукацыю ў еўрапейскіх клубах, а потым вырашылі выступаць за родную краіну сваіх бацькоў. Магчыма, на некаторых гульцоў пасля матчаў у Катары паглядзяць інакш.
- А на афрыканскіх, арабскіх трэнераў?
- Пакуль цяжка ўявіць, што імі зацікавяцца у найбуйнейшых еўрапейскіх клубах. Я неяк тлумачыў, чаму ў Афрыку ў мой час актыўна клікалі замежных трэнераў. У тым жа Камеруне была моцная кланавасць, якая адмоўна ўплывала. Здаецца, не самая вялікая краіна па мерках Афрыкі, але вельмі шмат розных плямёнаў. І менталітэт паўночнікаў, напрыклад, моцна адрозніваўся ад паўднёўцаў. Трэнер з поўначы мог запрашаць у зборную больш «сваіх» гульцоў. Каб была аб'ектыўнасць, замежных спецыялістаў і клікалі. Але цяпер мы бачым, што афрыканскія зборныя, японцы робяць стаўку на мясцовых трэнераў. І каманды цалкам канкурэнтаздольныя. Калі я працаваў у клубах Кітая, Карэі, Японіі, у мой кантракт уключалі пункт, што памочнікамі будуць мясцовыя настаўнікі, каб яны з часам маглі ўзначаліць каманду. Так і мусіць быць.
Пра сенсацыі і буркуноў
- З чым звязваеце шэраг сенсацый у Катары? Цяпер усе гавораць пра Марока, але тыя ж японцы перамаглі немцаў і іспанцаў, а потым толькі па пенальці саступілі харватам.
- Аддаючы належнае футбалістам і трэнерам, лічу, што чэмпіянат свету - не самы моцны турнір у спартовым плане. Так, гэта вялікае свята, мільёны заўзятараў сочаць за матчамі, але іх узровень не заўсёды высокі. Ён дакладна саступае плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. Бо еўрапейскія клубы ўяўляюць сабой, можна сказаць, зборныя свету. Далей - тэрміны правядзення турніраў. ЛЧ праходзіць у зручны час, футбалістаў прасцей падвесці да лепшай формы. А чэмпіянаты свету, Еўропы праводзяцца ўжо пасля клубнага сезону, калі за плячыма галоўных гульцоў дзясяткі матчаў. Вельмі складана захаваць свежасць яшчэ і для гульняў зборных. Не хапае часу на аднаўленне, трэніроўкі. Так сенсацыі і нараджаюцца.
- Тэрміны цяперашняга мундыялю вам больш даспадобы?
- Я часта думаў, што гульні ў гэты перыяд (позняя восень - пачатак зімы) палепшаць якасць футбола. Але пакуль рана рабіць высновы, ацэньваючы толькі па турніры ў Катары. На наступным ЧС наогул будзе 48 зборных. Значыць, трапіць на мундыяль стане прасцей. Адпаведна, знізіцца і ўзровень удзельнікаў. Хоць я ўсё разумею: пашырэнне геаграфіі, камерцыйныя інтарэсы. Што ж, будзем глядзець і такія чэмпіянаты. Футбол заўсёды быў бізнесам.
- Як вам у цэлым турнір у Катары?
- Я атрымліваю асалоду ад гэтага чэмпіянату. Падабаюцца эмоцыі, нават скандалы. Паглядзіце, як эмацыйна паводзіўся звычайна нешматслоўны Месі пасля матча з Нідэрландамі. Падобна, інертнасць Леа знікла ў гульнях за зборную. Такія моманты прыцягваюць гледачоў. Я хоць і стары (Няпомняшчаму 79 гадоў. - Заўв. рэд.), але не буркун. Не трэба казаць: «А вось у наш час…» Нельга параўноўваць многія моманты, якія былі 10−20 гадоў таму, і гульню сёння. Футбол увесь час дадае. Хуткасць, інтэнсіўнасць матчаў несупастаўныя. Вядома, часам кідаюцца ў вочы нейкія шурпатасці ў камандаў, але яны мяне не драпаюць, не стамляюць. Каляфутбола цяпер і так шмат.
Пра Месі і Міла
- Вяртаючыся да матча Аргентыны супраць Нідэрландаў. Еўрапейская каманда зраўняла лік, але, здалося, наступіўшы на горла сваім шматгадовым традыцыям у плане стылю гульні. Пагодзіцеся?
- У 1970-я я таксама захапляўся стылем гульні галандцаў. Так званы татальны футбол. Ён здаваўся рамантычным. Класныя гульцы, ніякіх пытанняў. Але колькі яны выйгралі чэмпіянатаў свету? Ніводнага. Як і бельгійцы, напрыклад, з іх цудоўным пакаленнем футбалістаў. Увесь час падавалі надзеі. Хочам мы гэтага ці не, але пры ўсім рамантызме галоўнае - лічбы на табло. Хоць я лічу, што гульцы мусяць атрымліваць задавальненне ад трэніровак і матчаў. А для гэтага трэба забіваць. Толькі, забіўшы два, можна атрымаць тры ў адказ.
- Заўважылі тактычныя навінкі, тэндэнцыі ў Катары?
- Чэмпіянат свету - занадта кароткатэрміновы турнір. У трэнераў амаль няма часу на падрыхтоўку - асабліва ў камандах-фаварытах. Маю на ўвазе найлепшыя еўрапейскія і амерыканскія зборныя. Няправільна ў гэтай сітуацыі казаць пра вялікія змены. Ды і што новага можа быць у тактыцы? Любы трэнер-пачатковец вам раскажа, як гуляць па схеме з чатырма абаронцамі ці трыма цэнтральнымі. Так што важней за ўсё знайсці баланс у гульні, умець перастройвацца пры тым ці іншым развіцці падзей на полі. Плюс праца над фізічнымі кандыцыямі: камусьці даць больш згуляць, камусьці даць паўзу. А так усё залежыць ад саміх гульцоў. Яны галоўныя дзейныя асобы. Думаю, ролі асобы ў футболе ніхто не адмяняў.
- Вы пра Месі?
- Не толькі. Вазьміце харватаў. Вядома, яны ўжо не тыя, што чатыры гады таму (на ЧС-2018 сталі срэбнымі прызёрамі. - Заўв. рэд.). Каманда відавочна не паказвае футбола будучыні. Але ў іх складзе ёсць Модрыч, яшчэ пара ключавых гульцоў. Модрычу, Месі ўдалося аб'яднаць партнёраў вакол сябе. У адрозненне ад Раналду або Неймара. Калі ў камандзе няма лідара на полі, у распранальні, гэта вялікі недахоп. Мне вось з Камерунам у 1990-м бог паслаў такога чалавека. Ражэ Міла ў 38 гадоў забіў чатыры мячы на чэмпіянаце свету. Потым яшчэ Расіі на наступным мундыялі паклаў.
Расклад гульняў ½ фіналу
13 снежня. Аргентына - Харватыя (22.00 - час беларускі)
14 снежня. Францыя - Марока (22.00)